Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Аляксандра і Канстанцін”, песьня “Летаў голуб”



Студзень, як я разумею, не найлепшая пара году для птушак, хоць цяпер і цяжка разабрацца, якія адлятаюць у вырай, а якія застаюцца на зіму тут. Дэбютны альбом барысаўскага дуэту “Аляксандра і Канстанцін” “За ліхімі за марозамі”, як мне здаецца, у цэлым уяўляецца той самай ластаўкай, якая прыносіць сьвежае паветра ў нашую эстраду. Вітаю слухачоў праграмы “Мэлёдыя дня”!

Тут вось што цікава: чым большы ўціск на беларускую мову, тым больш яна загартоўваецца. Мяркую пра тое зыходзячы з назіраньняў за беларускай музыкай. Гадоў з дваццаць таму тых, хто праз увесь час сьпяваў са сцэны на беларускай мове, былі адзінкі. Ня буду сьцьвярджаць, што цяпер такіх артыстаў сотні, але што іх прыкметна пабольшала, — бясспрэчна.

Своеасаблівае адкрыцьцё мінулага году — дуэт “Аляксандра і Канстанцін”, Аляксандра Кірсанава і Канстанцін Драпеза, якія ў Менску ўпершыню зьявіліся гэтак гады з тры таму і зьдзівілі дасканалым выкананьнем заходніх шлягераў.

Аднак выдатна “здымаць” чужыя кампазыцыі навучыліся многія. Мабыць, удзельнікі дуэту самі зразумелі тое, і ў выніку адшукалі незаняты, бадай, сэктар: выкананьне беларускіх народных песень у спалучэньні з прыёмамі музыкі кантры. І посьпех, на маю думку, не прымусіў чакаць, што даказвае іх альбом, песьню зь якога я і прапаную паслухаць. “Летаў голуб”, словы народныя, музыка ўдзельнікаў дуэту “Аляксандра і Канстанцін” — мэлёдыя сёньняшняга дня.

Ня ведаю, ці пашанцавала вам сёньня сустрэць белага голуба, але спадзяюся, гэтая песьня абудзіла, прынамсі, вашыя летуценьні ды мроі. Мы ж сустрэнемся з вамі заўтра.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG