Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Зорка”, група “Белы сон”



Кажуць, падчас моцных маразоў зоркі робяцца бліжэйшымі. Маразы — маразамі, аднак і праграма “Мэлёдыя дня” дазваляе вам час ад часу наблізіцца да зорак на цалкам прымальную адлегласьць. Вітаю вас шчыра!

Вось за што можна адзначыць дзейнасьць суполкі «БМА груп», дык за тое, што дзякуючы выданьням гэтае фірмы можна часам знаёміцца з творчасьцю калектываў, якія ня надта шырока вядомыя беларускай публіцы, хоць гэтыя выканаўцы маюць што сказаць айчыннай аўдыторыі.

Сярод апошніх запісаў, што зрабіліся даступнымі дзякуючы «БМА груп», увагу на сябе зьвяртае найперш група “Белы сон” зь Беластоку. Па-першае, калектыў не ўжывае танных эфэктаў для таго, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Па-другое, музыканты працуюць прафэсійна і дакладна, арыентуючыся найперш на добры густ і дакладнасьць формы твораў. Па-трэцяе, якасьць гучаньня групы можа быць узорам ня толькі для беларускамоўных музыкантаў з-за заходняй мяжы, але й для тых, хто на радзіме ня супраць таго, каб іх называлі няйначай як зоркі. Ды сапраўдныя зоркі сьвецяць ціха.

Хочацца спадзявацца, што песьні групы “Белы сон” — гэта яшчэ не нагода патануць у блаславёным стане фізычнага ды духоўнага адпачынку. Бо за аўторкам ідзе серада, таксама дзень працоўны. Ня сьпі, Беларусь! І да сустрэчы!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG