Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Белы сьнег”. Музыка Эдуарда Ханка, словы Генадзя Бураўкіна. Выконваюць Ядвіга Паплаўская і Аляксандар Ціхановіч



Верыць прадказаньням айчынных знаўцаў надвор’я — тое ж самае, што верыць у лічбы, якія называе ведамства спадарыні Ярмошынай. Але тое, што зіма гэтага году атрымалася на ўсе сто адсоткаў, — факт. “Мэлёдыя дня” вітае вас!

Акцэнт на надвор’і зроблены быў невыпадковы. Ёсьць такія кампазытары, што ў творчасьці маюць пэўную спэцыялізацыю. Нехта спэцыялізуецца на творах вайскова-патрыятычнай тэматыкі, нехта ўслаўляе ў песьнях беларускіх жанчын, нехта — нашую прыроду.

Эдуард Ханок любіць зіму. Пры гэтым тэму зімы ён усьпявае нават тады, калі тое, здавалася б, наогул не да месца, скажам, у песьні “Товарищ президент”. Падчас яе праслухоўваньня ад глыбіні раскрыцьця тэмы мароз сапраўды па скуры бегае. А згадайма яшчэ “Потолок ледяной, дверь скрипучую”!

І ўжо сапраўдным шлягерам на ўсе гады й часы зрабілася песьня “Белы сьнег”, нібыта ахвяраваная работнікам службаў, адказным за расчыстку двароў. Да гонару Эдуарда Сямёнавіча, ён ніколі не крыўдуе на журналістаў, у адрозьненьне ад многіх іншых клясыкаў ды паўклясыкаў. Таму і гучыць у нашай праграме.

Я вельмі разьлічваю на тое, што песьня “Белы сьнег” натхніць усіх айчынных дворнікаў на новыя працоўныя зьдзяйсьненьні. Мы ж пачуемся заўтра пры ўмове, што я здолею прабіцца праз сумёты.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG