Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Дзед Мароз”, група “NRM”



Падарункі, як вядома, любяць усе, асабліва ў гэтыя сьвяточныя дні. Спадзяюся, што адным з такіх падарункаў для многіх з вас будзе чарговая “Мэлёдыя дня”. Прывітаньне!

На самым пачатку хачеў бы нагадаць вам, што вы таксама можаце ўдзельнічаць у складаньні праграмы “Мэлёдыя дня” на наступныя тыдні. Варта, аднак, памятаць, што нашая праграма не для выкананьня вашых заявак і віншаваньняў, гэта ўсяго толькі нагода пэўным чынам праз музыку адгукнуцца на падзеі навакольнага жыцьця і пры гэтым улічыць вашыя пажаданьні. Так што дасылайце вашыя варыянты на адрас рэдакцыі: 220005, Менск, паштовая скрыня 111.

Тым часам на Новы год пішуць дзеці лісты да Дзеда Мароза, просяць сабе часам такія рэчы, што гэтыя замовы ня ў стане выканаць ніводная інтэрнэтаўская крама. Ды бяда ня ў тым, што замест замоўленай гульнявой прыстаўкі табе ў найлепшым выпадку дасылаюць набор кубікаў. Сапсаваць настрой можа што заўгодна, нават ня тая мэлёдыя дня.

Так што на ўсялякі выпадак варта заўсёды памятаць: найлепшы падарунак той, які ты зробіш сабе сам. І тады навагоднія сьвяты пройдуць пры адпаведнай плюсавай тэмпэратуры ў вашай душы. Гэта значыць, што для сугрэву ўнутар (а я маю на ўвазе душу, душу, а ня тое, пра што вы адразу ж падумалі) варта прыняць крышку гарачанькага. І гэтым будзе мэлёдыя гэтага дня, “Дзед Мароз” у выкананьні групы “NRM”.

Ня плач, ня плач, дзяўчыначка! Музыка тым “Дзедам Марозам” не канчаецца. Заўтра будзе новая мэлёдыя дня і які іншы падарунак. Сустрэнемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG