Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЯСЬВЕТНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ ЗДАРОЎЯ АБВЕСЬЦІЛА ВАЙНУ АТЛУСЬЦЕНЬНЮ


Кастусь Бандарук, Прага

21 траўня Ўсясьветная арганізацыя здароўя прыняла беспрэцэдэнтны плян барацьбы з эпідэміяй атлусьценьня, якое пашыраецца па ўсім сьвеце з прычыны неадпаведнага харчаваньня і недахопу руху. У пляне ўтрымліваюцца рэкамэндацыі што да ўнутранай палітыкі краінаў, накіраваныя на паляпшэньне якасьці харчаваньня і разьвіцьцё спорту.

“Празьмерная вага і атлусьценьне сталіся большай праблемай ў сьвеце, чым недаяданьне. Тоўстых людзей болей, чым тых, хто галадае”, – кажа адзін з суаўтараў пляну доктар Дэрэк Яч (Derek Yach). Нагадаем, што выкліканыя атлусьценьнем хваробы сэрца, рак, астэапароз і шэрагам іншых захворваньняў, зьвязаных з празьмернай вагай, цяпер зьяўляюцца прычынай амаль паловы ўсіх сьмерцяў.

Нэгатыўны ўплыў зьмены харчаваньня асабліва відавочны на прыкладзе Японіі і Кітаю. Трыццаць тысяч жыхароў Японіі нарадзіліся яшчэ ў 19 стагодзьдзі. На Акінаве сярэдняя працягласьць жыцьця складае 84 гады. Ў кітайскай вёсцы Бама ў правінцыі Гуансі амаль траціна жыхароў мае ўзрост болей за 100 гадоў. Японцы і кітайцы ганарыліся тым, што яны практычна ня ведалі сардэчна-судзінных хваробаў.

Цяпер жа, калі з 1960-х гадоў колькасьць захворваньняў на гэтыя хваробы ў Эўропе і Амэрыцы зьменшылася ўдвая, дык ў Японіі ды іншых разьвітых краінах гэтая колькасьць рэзка павялічылася. Да гэтага выдатна спрычынілася так званая “ амэрыканізацыя” харчаваньня.

Першы ў Японіі рэстаран “МакДоналдс” быў адкрыты менавіта на Акінаве. Цяпер жыхары выспы ядуць столькі ж тлушчоў, што і амэрыканцы. У выніку Акінава перамясьцілася зь першага на дваццаць шостае месца ў Японіі па сярэдняй працягласьці жыцьця, бо жыхары выспы пачалі часьцей паміраць менавіта ад сардэчна-судзінных хваробаў.

Гэтак жа адмоўна зьмена традыцыйнага харчаваньня паўплывала і на кітайцаў, якія прыдумалі здаровую, амаль лячэбную кухню. Хуткае харчаваньне “фастфуд” кшталту гамбургераў, чыпсаў і фрытак (бульбы-фры), а таксама паўфабрыкатаў зь вялікай колькасьцю кансэрвантаў, сталі вельмі папулярнымі і ў Кітаі. Адбылася таксама зьмена традыцыйнага ладу жыцьця. Заміж фізычнай працы на зямлі, японцы і кітайцы ўсё болей часу праводзяць у офісах, за кампутарам, або ў аўтамабілях.

У выніку, за апошнія 15 гадоў, колькасьць захворваньняў на сардэчна-судзінныя хваробы ў кітайскіх гарадох павялічылася на 137% у мужчын, і на 95% у жанчын. Калі гэткая тэндэнцыя захаваецца, то ў 2025 годзе кожны трэці кітаец будзе тоўстым.

Да нездаровых звычак, зьвязаных з падвышэньнем узроўню жыцьця, трэба яшчэ дадаць курэньне. Міжнародныя табачныя канцэрны губляюць пакупнікоў у Амэрыцы і ў Эўропе, затое японцы і кітайцы паляць усё болей.

У пляне Ўсясьветнай арганізацыі здароўя зьмешчаныя рэкамэндацыі датычныя правільнай апрацоўкі прадуктаў харчаваньня і зьмяншэньне ў іх колькасьці цукру, солі і тлушчу. Прадугледжаны таксама кантроль за пастаўкамі дзіцячага харчаваньня, уключэньне ў дзіцячы рацыён садавіны і гародніны, больш поўная інфармацыя пра склад прадукту на ўпакоўках, а таксама санітарную адукацыю. Плян закране таксама гарадзкое плянаваньне і стварэньне пешаходных зонаў, дзе магчымая язда на ровары, і шэраг іншых, карысных рэформаў. Краіны, якія падпішуць плян будуць абавязаныя дафінансоўваць у прыватнасьці продаж садавіны і гародніны ў школьных буфэтах.

У пляне шмат увагі прысьвечана дзецям і моладзі. Згодна з ранейшым дасьледаваньнем, праведзеным міжнароднай арганізацыяй Obesity Task Force, кожны дзесяты школьнік мае празьмерную вагу. Тоўстых дзяцей па ўсім сьвеце 155 мільёнаў, а 45 мільёнаў зь іх ва ўзросьце ад 5 да 17 гадоў хварэюць атлусьценьнем.

У Злучаных Штатах, а таксама ў Паўдзённай Афрыцы 25% школьніцаў маюць празьмерную вагу. Безупынна павялічваецца колькасьць тоўстых дзяцей ў Эўропе, пры тым найболей ў паўдзённых краінах. Суадносіны тоўстых дзяцей паміж паўдзённай і паўночнай адпаведна 30% і 15%, але ў Італіі ажно 36 % дзяцей маюць празьмерную вагу.

Доктар Каарэ Норум, экспэрт ў галіне атлусьценьня і адзін з аўтараў пляну кажа, што прыняцьце пляну, гэта вялікая перамога, паколькі плян меў сваіх гарачых праціўнікаў. Шэраг разьвітых краінаў выказвалі боязь, што прыняцьце пляну можа нэгатыўна адбіцца на сельскай гаспадарцы, асабліва на прадукцыі цукру. Цяпер, краіны, якія на добраахвотнай аснове прымуць плян, аўтаматычна будуць вымушаныя выконваць яго.

А зараз мэдычныя парады арганізацыі Real Age:

– Калі Вы будзе есьці болей яблык і піць яблычны сок, гэта выдатна палепшыць функцыянаваньне Вашага мозгу. Згодна з дасьледаваньнямі, у яблыках і ў яблычным соку шмат антыаксыдантаў, якія паляпшаюць памяць і прадухіляюць хваробы, выкліканыя працяглым стрэсам. Спэцыялісты рэкамэндуюць есьці два або тры яблыкі ўдзень.

– Калі Вы працягваеце руку па соль, лепш вазьміце бутэльку з соевым соўсам. З найноўшых дасьледаваньняў вынікае, што ў соі шмат мікраэлемэнтаў, якія запавольваюць фармаваньне ў артэрыях трамбозу, які ў сваю чаргу зьяўляецца прычынай інсульту. Соя зьяўляецца багатай крыніцай натрыю, і таму яна можа замяняць соль. У чайнай лыжцы соі ўтрымліваецца 300 міліграмаў натрыю, а ў такой жа колькасьці солі 2000 міліграмаў натрыю. Ужываючы соевы соўс, Вы не перабярэце дапушчальнай колькасьці натрыю, якая складае 2400 міліграмаў у дзень.

– Большая колькасьць фоліевай кіслаты ў Вашым рацыёне выдатна зьменшыць рызыку хваробаў сэрца і інфаркту. Фоліевая кіслата, гэта распушчальны ў вадзе вітамін з групы B. Багатымі крыніцамі фоліевай кіслаты зьяўляюцца спаржа, сланечнікавыя семкі. Сынтэтычная форма фоліевай кіслаты дадаецца да цэльназерневых прадуктаў. Аптымальная колькасьць фоліевай кіслаты – 700 міліграмаў штодня.
XS
SM
MD
LG