Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае пра рак лёгкіх – жанчынаў выжывае больш


Сяргей Абламейка, Прага

інакш рэагуюць прынамсі на адзін лек ад раку і дэманструюць значна меншую генэтычную ўстойлівасьць да тытунёвага дыму – іншымі словамі курэньне выклікае ў жаночых лёгкіх значна большыя генэтычныя пашкоджаньні, чым у мужчын. Аб новым дасьледаваньні амэрыканскіх мэдыкаў інфармуе чытачоў Journal of the American Medical Association.

На пытаньне, чаму жанчыны і мужчыны па-рознаму рэагуюць на рак лёгкага – адназначнага адказу пакуль няма. Навукоўцы мяркуюць, што адным зь віноўнікаў розьніцы зьяўляецца эстраген – жаночы гармон, які прадукуюць яечнікі і наднырачнікі. “Наагул жа, – як сказаў адзін з аўтараў новага дасьледаваньня доктар Пітэр Бак з Мангэтанскага цэнтру дасьледаваньня рака. – адкрыцьцё мэханізму рэагаваньня арганізму жанчыны на рак дапаможа мэдыкам лячыць як жанчын, так і мужчын.

Апрача ўласна раку, аўтары новага дасьледаваньня знайшлі і іншыя адрозьненьні ў рэакцыі арганізму жанчын і мужчын на хваробу. Аказалася, напрыклад, што жанчыны, якія маюць частыя сардэчныя прыступы, больш адчувальныя да болю, чым мужчыны, і больш схільныя да аўтаімунных хваробаў кшталту расьсеянага склерозу.

Што ж датычыць уласна прадмету дасьледаваньня, дык яго аўтары назвалі рак лёгкага “сучаснай эпідэміяй сярод жанчын”. Летась толькі у Злучаных Штатах Амэрыкі было выяўлена больш за 80 тысяч новых выпадкаў і амаль 69 тысяч жанчын памерлі ад раку лёгкага. Гэты тып раку – адзін з самых сьмертаносных, паколькі хвароба пачынае разьвівацца задоўга да таго, як яе выяўляюць. Сярод людзей, што захварэлі на гэты тып раку паміж 1992 і 1999 гадамі, толькі 12 працэнтаў заставаліся жывыя праз 5 гадоў пасьля апэрацыі, у тым ліку 10 працэнтаў мужчын і 14 працэнтаў жанчын. У ЗША рак лёгкага забівае жанчынаў столькі ж, колькі рак грудзей і ўсе гінэкалягічныя тыпы раку разам узятыя.

80 працэнтаў выпадкаў раку лёгкага ў жанчын зьвязаныя з курэньнем. За апошнія 60 гадоў жанчыны сталі хварэць на гэты тып раку на 600 працэнтаў часьцей, бо сталі больш курыць. Апошнім часам назіраецца рэзкае павелічэньне колькасьці жанчын, што кураць, у Афрыцы, Японіі і Кітаі, і таму лекары апасаюцца “эпідэміі” раку лёгкага і ў тых рэгіёнах.

На сёньняшні дзень розныя дасьледаваньні па-рознаму ацэньваюць рызыку раку лёгкага ў жанчын і мужчын, але ўсё больш тых, хто схіляецца да думкі, што большую рызыку захварэць маюць якраз жанчыны. Затое аўтары новага дасьледаваньня адкрылі шмат біялягічных адрозьненьняў у мэханізьме ўзьнікненьня раку ў жанчын і мужчын. Цяпер, напрыклад, вядома, што найбольш часта ў жанчын узьнікае так званая адэнакарцынома. Знойдзеная і сувязь паміж адэнакарцыномай і эстрагенам. Высьветлілася таксама, што тытунёвы дым выклікае ў лёгкіх жанчын значна большыя генэтычныя зьмены, чым у мужчын. Знайшлі лекары і адмысловы ген, які робіць хімікаліі тытунёвага дыму больш шкоднымі для клетак. І вось менавіта жанчыны, што кураць, маюць найбольш актыўную форму гэтага гену. У мужчын той ген значна больш пасіўны.

Тым ня менш, нягледзячы на агульную меншую ўстойлівасьць жанчын да шкодных прадуктаў тытунёвага дыму, агулам іх выжывае пасьля раку лёгкага больш, чым мужчын. І лекары пакуль ня ведаюць, чаму так адбываецца.

***

А зараз парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1. Рэгулярныя практыкаваньні вельмі важныя для захаваньня сілы цягліцаў. Але нядаўна навукоўцы высьветлілі, што для людзей, старэйшых за 65 гадоў, сіла мышцаў і касьцей залежыць ня толькі ад практыкаваньняў, але і ад канцэнтрацыі ў крыві вітамінаў-антыаксыдантаў. Вельмі важным лічыцца вітамін С, якога шмат у цытрусавых, перцы і суніцах. Таксама вельмі важны вітамін Е. Патрэбную дозу гэтага вітаміну нельга атрымаць зь ежай, яго трэба прымаць у выглядзе таблетак дадаткова. RealAge нагадвае, што атрыманьне 400 умоўных адзінак вітаміну Е ў дзень можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 1 год маладзейшым.

2. Ці баіцеся вы паспрабаваць нешта новае ў сваім жыцьці? Калі вы, напрыклад, будзеце часьцей скакаць у ваду, вы можаце зрабіць сваё жыцьцё даўжэйшым. Апошнія дасьледаваньні паказваюць, што можа існаваць сувязь паміж боязьзю новага і кароткай працягласьцю жыцьця. Вядома, здараюцца сытуацыі, калі дарэчы будзе сьціпласьць і ненавязьлівасьць. Але калі баяцца асабліва няма чаго, і ў вас зьяўляецца магчымасьць паспрабаваць нешта новае – спрабуйце, не вагайцеся. RealAge сьведчыць, што калі вы станеце пажыцьцёвым вучнем, гэта можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 2 з паловай гады маладзейшым.

3. Не дазваляйце журбоце пашкодзіць здароўе вашага сэрца. Усё больш навукоўцаў атрымваюць пацьверджаньні, што дэпрэсія шкодзіць сэрцу. Нядаўняе дасьледаваньне, у якім бралі ўдзел жанчыны пасьля мэнапаўзы, паказала, што нават нязначныя выпадкі кепскага настрою могуць павялічыць рызыку сардэчнай хваробы. Калі вы адчуваеце насоўваньне дэпрэсіі, тэрмінова сустрэньцеся зь сябрамі або выпраўцеся на ажыўлены шпацыр. Клопат аб сваім эмацыйным стане можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост аж на 16 гадоў маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG