Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве добрыя навіны для хворых на рэўматызм і блізкія да яго хваробы


Сяргей Абламейка, Прага

Дзьве добрыя навіны для хворых на рэўматызм і блізкія да яго хваробы прыйшлі зь італьянскага гораду Сарэнта, дзе нядаўна адбыўся сусьветны Кангрэс рэўматолягаў. Лекары знайшлі, што рэгулярны бег, насуперак ранейшым перакананьням, што ён зношвае храсткі суставаў, насамрэч стан суставаў паляпшае. Другая навіна: лекары сёньня маюць нашмат больш дзейсныя лекі, якія да таго ж больш ашчадна дзейнічаюць на стрававальную сыстэму чалавека. Ранейшыя лекі часта станавіліся прычынай сьмерці рэўматыкаў ад цяжкіх язваў і крывацёкаў.

Ранейшыя дасьледаваньні паказалі, што вельмі эфэктыўныя спартоўцы з-за таго, што даюць сваім суставам вельмі вялікія нагрузкі, часьцей за іншых людзей хварэюць адной з рэўматычных хваробаў – остэаартрозам. Гэтая хвароба часта паражае каленныя суставы футбалістаў і хакеістаў. Але навукоўцы нечакана для сябе знайшлі, што ў звычайных бегуноў зусім іншая сытуацыя. У выніку сталі зьяўляцца супярэчлівыя паведамленьні аб уплыве фізычнай нагрузкі на стан храсткоў.

І вось на Кангрэсе ў Сарэнце прафэсар Стэнфардзкага ўнівэрсытэту ў Злучаных Штатах Амэрыкі Джым Фрыз прадставіў сэнсацыйныя вынікі новага дасьледаваньня. Яго каманда на працягу 13-ці гадоў назірала 538 фанатычных бегуноў з амэрыканскіх бегавых клюбаў, мужчын і жанчын, і параўноўвала іх з 423-ма звычайнымі людзьмі. Сярэдні ўзрост абедзьвух групаў людзей складаў 58 гадоў. Лекары кожны год рабілі рэнтгенаўскія здымкі іх суставаў і рабілі аналізы крыві.

“Адназначна цяпер можам сказаць, што бег ня толькі не падвышае рызыку захварэць на адну з рэўматычных хваробаў, але і зьніжае яе” – заявіў на Кангрэсе прафэсар Фрыз. Пад канец экспэрымэнту, праз 13 гадоў, навукоўцы Стэнфарду падлічылі, што на рэўматызм захварэў кожны пяты з кантрольнай групы звычайных людзей, і толькі кожны дваццаты зь бегуноў. Амэрыканскія навукоўцы сьцьвярджаюць, што нават калі чалавек мае генэтычную схільнасьць да рэўматызму, рэгулярны лёгкі бег можа адтэрмінаваць наступленьне хваробы ў сярэднім на 12 гадоў.

Першым лякарствам ад рэўматызму ў 1899 годзе стаў асьпірын. Пасьля лекары прыдумалі і іншыя лекі для падаўленьня болю і запаленьня ў суставах. Лекары, аднак, доўга ня ведалі, чаму гэтыя лекі дзейнічаюць. Гэта ў 1971 годзе высьветліў ангелец Джон Вэйн, які за гэта атрымаў праз 11 гадоў Нобэлеўскую прэмію. Аказалася, лекі блякуюць выдзяленьне спэцыяльнага бялка, які называецца цыкла-аксі-геназа і які выклікае запаленьне ў суставах.

Лекі ад рэўматызму маюць шмат пабочных эфэктаў. Самы распаўсюджаны зь іх – язвы і цяжкія язьвенныя крывацёкі. Сёньня навукоўцы ўжо ведаюць прычыну гэтага. Аказалася, што энзім цыкла-аксі-геназа мае два тыпы, умоўна кажучы першы і другі. Першы тып гэтага бялка адыгрывае ў арганізме чалавека надзвычай важную ролю – ён абараняе сьлізістую абалонку страўніка і кішэчніка. Калі ж антырэўматычныя лекі падаўляюць выпрацоўку гэтага бялка, узьнікаюць язвы і крывацёкі. У Злучаных Штатах Амэрыкі штогод ад такіх ускладненьняў памірае 16 тысяч хворых на рэўматызм,у Вялікай Брытаніі – 1600. Другі тып энзіму амаль сябе не праяўляе, і яго ўзровень ў арганізме рэзка ўзрастае пры запаленьнях – фактычна, якраз ён зьяўляецца ключавым зьвяном у разьвіцьці хваробы. А лекі, на жаль, блякуюць абодва гэтыя энзімы.

І вось галоўная задача мэдыкаў – знайсьці лекі, якія б дзейнічалі толькі на другі тып таго бялка. На Кангрэсе ў Сарэнце было абвешчана, што такі лек знойдзены – гэта так званы мэлаксікам, ён дзейнічае пераважна на другі тып рэўматычнага бялка. Уласна кажучы, яго ўжываюць ад паловы 90-х гадоў, але толькі зараз, пасьля некалькіх год мэдычнай практыкі, лекары высьветлілі, што гэта сапраўды надзейны сродак супраць рэўматызму. У Нямеччыне ў апошнія гады праводзіўся маштабны экспэрымэнт на 10 тысячах пацыентаў. І менавіта гэты экспэрымэнт паказаў, наколькі вялікі прагрэс у мэдыцыне азначае лякарства мэлаксікам. Нямецкі фармацэўт Франк Дэгнэр паведаміў на Кангрэсе ў Сарэнце, што з тых 10-ці тысячаў пацыентаў мэлаксікам дапамог 85-ці працэнтам, і выклікаў ускладненьні ў менш чым аднаго парцэнта хворых! Пры гэтым, большасьць з удзельнікаў экспэрымэнту лячылася ад рэўматызму і раней, але з дапамогай звычайцных лекаў. Сусьветная прэса называе гэта фактычнай перамогай над рэўматызмам.

Штопраўда, як кажуць, у кожнай бочцы зь мёдам знойдзецца лыжка дзёгцем. Не выключэньне і перамогі над рэўматызмам. Часопіс TIME у адным з апошніх нумароў нарукаваў парады хворым на рэўматызм, якія ёсьць квінтэсэнцыяй сёньняшніх ведаў чалвецтва аб гэтай вельмі распаўсюджанай хваробе. Сярод іншага, часопіс піша, што амэрыканскія лекары ўжо зваўжылі, што мэлаксікам спараджае ў хворых праблемы з сэрцам.

Іншыя парады часопісу TIME хворым на рэўматызм выглядаюць наступным чынам. Калі хочаце зьменшыць боль у суставах, асабліва на пачатковых стадыях, карыстайцеся лекам ацэтамінафэн – ён найбольш бясшкодны. І толькі калі ён зусім не дапамагае, зьвяртайцеся да асьпірыну або ібупрафэну. Абвастрэньне рэўматызму часта выклікаецца бактэрыямі. Найлепшы сродак супраць іх – антыбіётык тэтрацыклін. Зараз лекары знайшлі, што апрача антыбактэрыяльнага дзеяньня гэты антыбіётык запавольвае эрозію храсткоў. Калі вам лекары раяць пачаць лячэньне картыкастэроідамі, настойвайце на кроткім курсе лячэньня імі – гэтыя лекі маюць нашмат шырэйшае дзеяньне на арганізм чалавека. З фізычных нагрузак выбірайце найперш плаваньне – гэта ўнікальны паводле ўплыву на суставы від спорту. Ён трэніруе суставы без празьмернай нагрузкі на іх. Можна таксама займацца аэробікай, але памалу. У апошні час усё больш мэдыкаў схіляецца да думкі, што пры рэўматызме вельмі дапамагае іглатэрапія – правільнае разьмяшчэньне іголак можа стымуляваць выпрацоўку эндарфінаў і зьмяншаць пачуцьцё болю. Вельмі карысным таксама зьяўляецца харчовы дадатак глюкозамін, які выпрацоўваецца з марскіх ракаў і малюскаў – ён вельмі дапамагае росту храсткоў. Ёсьць і іншы карысны харчовы дадатак – хондраіцін, які бароніць храсткі ад разбурэньня. Адно з самых важных у парфіляктыцы рэўматызму – рэгулярны рух. Адзіная парада мэдыкаў – пазьбягайце вялікіх нагрузак на каленныя суставы. І апошняе парада хворым на рэўматызм, якую публікуе часопіс TIME, гэта кантроль за вагой цела. Празьмерная вага аслабляе цягліцы, а суставы якраз маюць патрэбу у моцных мышцах, якія іх падтрымліваюць і не даюць храсткам сьцірацца. Менавіта натрэніраваныя цягліцы стабілізуюць калені, клубы і плечы.

***

А зараз некалькі традыцыйных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Калі вы адмовіцеся ўсяго ад аднаго кавалку печава або тонкай лусты хлеба ў дзень, то гэтага можа быць дастаткова, каб стрымаць паўнату. Большасьць людзей схільныя да набору лішніх кіляграмаў пачынаючы ад сярэдняга ўзросту. І вось навукоўцы сьцьвярджаюць, што нават зьмяншэньне дзённага рацыёну на 100 калёрыяў – а гэта якраз і ёсьць адзін кавалачак печава, адна лустачка хлебу ці трэць порцыі макаронаў – можа сур’ёзна паўплываць на працэс ўзроставага назапашваньня тлушчу. У гэтай сувязі RealAge сьведчыць, што падтрыманьне належнай вагі цела можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

2. Навукоўцы нагадваюць, што вы можаце атрымліваць вельмі карыснае рэчыва квірцэтын ад ягадаў. Квірцэтын – гэта так званы флаваноід, неабходны для здароўя сэрца і судзінаў. Найбольш яго ўтрымліваецца ў цыбулі. Але той, каму дзеля нейкіх прычынаў нельга есьці цыбулю, можа замяніць яе ягадамі – журавінамі, малінамі і ажынамі. Пасьля цыбулі, яны самыя багатыя крыніцы квірцэтыну. RealAge сьведчыць, што разнастайная дыета з чатырохразовым спажываньнем садавіны і гародніны можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гадаы маладзейшым.

3. Калі вам баляць калені, вам можа дапамагчы папулярны харчовы дадатак пад назвай глюкозамін. Падчас аднаго нядаўняга дасьледаваньня, людзі з пашкоджаньням храсткоў ці з остэартрытам на працягу 12-ці тыдняў бралі глюкозамін і адчулі вялікую палёгку. Вата, аднак, запытацца свайго лекара, ці можна вам ужываць гэты дадатак. RealAge нагадвае, што актыўны клопат аб сваім здароўі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 12 гадоў маладзейшым.

4. Паклапаціцеся аб удзеле ў якім-небудзь вясёлым мерапрыемстве ў наступны ўік-энд і гэта дапаможа вам і вашаму каханаму чалавеку пражыць даўжэй. Навукоўцы атрымліваюць усё больш доказаў, што сьмех здымае напружаньне, зьмяншае боль, павялічвае ўстойлівасьць арганізму да хваробаў і зьмяншае крывяны ціск. Пры гэтым ня важна, глядзіцё вы кінакамэдыю, сьмешную пастаноўку ў тэатры, чытаеце гумарыстычнае апавяданьне ці бавіце час у вясёлай кампаніі. Галоўнае – сьмейцеся. RealAge сьведчыць, што часты сьмех можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост аж на 8 гадоў маладзейшым.
XS
SM
MD
LG