Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя мэтады барацьбы са СНІДам ды іншае


Кастусь Бандарук, Прага

Вучоныя паведамілі пра чарговы крок на шляху да разьвязаньня праблемы пашырэньня СНІДу без ужываньня традыцыйных прэзэрватываў. Дасьледчыкі са Злучаных Штатаў і Велікабрытаніі ўпершыню выявілі мікрабіяцыд, субстанцыю, якая блякуе пашырэньне віруса ВІЧ. У якасьці актыўнага кампанэнту вучоныя скарысталі чалавечыя антыцелы. Падчас выпрабаваньняў вучоныя памазалі гелям з мікрабіяцыдамі матку невялікай малпы-макакі. Аказалася, што мікрабіяцыды засьцерагалі малпу ад заражэньня вірусам ВІЧ цягам 7,5 гадзіны. Прэпарат не дазваляе вірусу наблізіцца да найбольш падатлівых на заражэньне клетак і такім чынам павышае абарончыя здольнасьці арганізму.

Экспэрты падкрэсьліваюць значнасьць гэтага адкрыцьця. У сьвеце здаўна вяліся інтэнсіўныя пошукі замены прэзэрватыву іншымі сродкамі, якія могуць засьцерагчы ад СНІДу ды іншых хваробаў, што перадаюцца полавым шляхам. Адкрыцьцё, пра якое паведамляецца ў найноўшым нумары часопісу “Nature Medicine”, абнадзейвае тых жанчынаў, партнэры якіх адмаўляюцца карыстацца прэзэрватывамі. Жанчыны могуць скарыстоўваць мікрабіяцыды перад полавым актам ў выглядзе гелю, пеннай губкі або ўнутраматкавай сьпіралі. Спэцыялісты падкрэсьліваюць, што менавіта жанчыны у якасьці першых становяцца ахвярамі эпідэміі ВІЧ. Згодна са статыстыкай, на сёньняшні дзень у Афрыцы жанчынаў-носьбітаў ВІЧ на 2 мільёны болей, чым мужчынаў. Гэта пры тым, што ў больш як паловы жанчынаў на поўдзень ад Сахары – адзін партнэр, пераважна муж. Затое іхныя партнэры не монагамныя, і пры тым яны часта адмаўляюцца ўжываць прэзэрватывы.

Мабыць, яшчэ болей абнадзейвае тых, хто належыць да групы так званай павялічанай рызыкі, рэальная пэрспэктыва зьяўленьня прышчэпкі супраць ВІЧ-інфэкцыі. Амэрыканская кампанія VaxGen паведаміла, што яшчэ да канца лютага яна афіцыйна абвесьціць пра стварэньне прышчэпкі супраць СНІДу пад назовам AIDSVAX. У сьнежні летась закончыўся трэці, апошні этап клінічных выпрабаваньняў на больш як 5 тысячах дабраахвотнікаў з ЗША, Пуэрта-Рыка і Галяндыі. Гэта азначае, што вытворцы ўжо могуць падаць заяўку ў Агенцтва Харчаваньня і Лекаў на дапушчэньне прадукту да продажу. Выпрабаваньні на 2,5 тысячах наркаманаў яшчэ працягваюцца ў Тайляндзе.

Прышчэпка зьмяшчае ў сабе элемэнты сынтэтычнага бялку pg120, які дазваляе вірусу ВІЧ пранікнуць унутр клеткі. Пасьля прыняцьця прышчэпкі AIDSVAX, у крыві 95% пацыентаў зьяўляюцца антыцелы. Калі ВІЧ апынецца ў крыві, арганізм ужо падрыхтаваны да таго, каб не дазволіць вірусу пранікнуць у клеткі. Вучоныя яшчэ ня ведаюць, ці прышчэпка будзе дзейнічаць прафіляктычна, ці будзе толькі зьніжаць узровень віруса ў тых, хто ўжо інфікаваны.

Скептыкі, са свайго боку, падкрэсьліваюць, што незалежна ад узроўню эфэктыўнасьці новая прышчэпка не дапаможа тым, хто яе найболей патрабуе – афрыканцам. Справа ў тым, што вірус ВІЧ мае дзьве асноўныя формы: ВІЧ-1 і ВІЧ-2, а таксама шэраг падгрупаў і камбінацыяў. AIDSVAX разьлічаны на барацьбу з падгрупамі B і E тыпу ВІЧ-1, якія пашыраныя ў Амэрыцы, Эўропе і Паўдзённа-Ўсходняй Азіі. Тымчасам выпрабаваньні прышчэпкі супраць падгрупаў C і D, якія пашыраныя ў Афрыцы, Індыі і Кітаі, яшчэ нават не распачыналіся.

Аднак уласьнікі фірмы VAXGEN Філіп Бэрман і Дональд Фрэнсіс, якія працуюць над прышчэпкай з 1990 году, ніколі ня цьвердзілі, што іхны прадукт ідэальны. Ён ня можа раўняцца з прышчэпкай супраць жаўтухі тыпу B, якая засьцерагае ад хваробы 90% прышчэпленых. Калі 4 гады таму Фрэнсіс і Бэрман распачыналі выпрабаваньні свайго прадукту, яны разьлічвалі на 60% эфэктыўнасьці. Летась у ліпені падчас кангрэсу ў Барсэлёне вучоныя заявілі, што лепш нешта, чым нічога: нават пры 30% пасьпяховасьці новая прышчэпка выратуе мільёны чалавек, якія могуць захварэць на гэтую чуму сучаснасьці.

А зараз да іншай тэмы. “Ад кампутара вы ня толькі тупееце, але й цалкам магчыма, што ён паступова Вас забівае”. Гэтак цяпер бацькі могуць гаварыць сваім дзецям, якія зашмат часу праводзяць ля кампутара. Аб жахлівых наступствах працяглага сядзеньня перад кампутарам гаворыцца ў дасьледаваньні, апублікаваным ў апошнім нумары навуковага часопісу “European Respiratory Journal”. У ім публікуюцца вынікі грунтоўнага дасьледаваньня, праведзенага пасьля таго, як была зарэгістраваная першая ў сьвеце ахвяра хваробы, названай па аналёгіі з “і-мэйлам” “і-трамбозам”, або DVT – “глыбокі трамбоз сасудаў”. 32-гадовы новазэляндзец, які праводзіў ля кампутара ад 12 да 18 гадзінаў у суткі, ледзь не памёр з прычыны крывяных тромбаў. Сьпярша цягам некалькіх дзён ён адчуваў боль лыткі, затым у яго зьявіліся праблемы з дыханьнем, і нарэшце ён раптоўна страціў прытомнасьць. Спэцыялісты не знайшлі ніякага іншага вытлумачэньня, акрамя працяглага сядзеньня за кампутарам.

Упершыню глыбокі трамбоз сасудаў быў выяўлены ў часе другой усясьветнай вайны. Гэтая хвароба была зафіксаваная ў жыхароў Лёндану, якія даўжэйшы час у нязручных позах былі вымушаныя сядзець у бомбасховішчах. Апошнім часам на блякаваньне сасудаў, званае “сындромам эканамічнай клясы”, скардзіліся авіяпасажыры на далёкіх рэйсах. Толькі ў студзені сёлета паступіла 55 судовых пазоваў супраць 27 авіякампаніяў. Пасажыры цьвердзяць, што тромбы ў крывяных сасудах ног узьнікаюць найперш з прычыны працяглага нерухомага і нязручнага сядзеньня. У якасьці іншага тлумачэньня гаварылася пра нізкі атмасфэрны ціск у часе палёту, з прычыны якога ў крыві павялічвалася канцэнтрацыя субстанцыяў, якія спрыяюць згортваньню крыві. Калі тромб ў крывяных сасудах ног адрываецца, ён перамяшчаецца і блякуе сасуды ў лёгкіх. У выніку ўзьнікае гэтак званая “эмбалія лёгкіх”.

Дасьледаваньне шкоднасьці працяглых авіярэйсаў было праведзенае вучонымі з Дрэздэнскага Ўнівэрсытэту на замову нямецкіх пілётаў. Зь яго вынікала, што небясьпека тычыцца найперш групы павышанай рызыкі. Вучоныя залічылі да гэтай групы людзей, старэйшых за 45 гадоў, а таксама з празьмернай вагою, курцоў, цяжарных жанчын і тых, у каго павялічаная рызыка сардэчна-сасудзістых хваробаў. Астатнім працяглыя авіярэйсы не павінны пашкодзіць. Толькі ў 7 з 1000 пасажыраў дасьледчыкі выявілі трамбоз, але і ён неабавязкова павінен выклікаць блякаваньне сасудаў, – супакойваюць нямецкія спэцыялісты. У кожным разе, авіяпасажыры павінны зьвяртаць увагу на тое, каб край крэсла ў самалёце ня ціснуў на сьцёгны, – раіць д-р Дан Разэфорд. Спэцыялісты рэкамэндуюць у часе палёту варушыць ступнямі, піць ваду і пазьбягаць алькаголю, а таксама як мінімум раз на гадзіну ўставаць і распрастоўваць ногі.

Аднак на думку д-ра Рычарда Бісьлі і ягоных калегаў з Дасьледчага Мэдычнага Інстытуту ў Вэлінгтоне ў Новай Зэляндыі, ня толькі далёкія авіярэйсы, але і ўсё больш паўсюднае ўжываньне ў штодзённым жыцьці кампутараў нясе з сабою сур’ёзную небясьпеку глыбокага трамбозу сасудаў. Бісьлі кажа, што на праблему блякаваньня крывяных сасудаў пры даўгіх авіяпалётах таксама не зьвярталі ўвагі, пакуль скаргі пасажыраў не сталі масавымі. Тымчасам болей людзей карыстаецца кампутарамі, чым лётае на самалётах, і колькасьць кампутараў ў сьвеце павялічваецца маланкава. Вось таму, лічыць д-р Біслі, да “і-трамбозу” трэба прыглядзецца больш уважліва.

Хаця недамаганьне новазэляндца было першым афіцыйна прызнаным выпадкам “і-трамбозу”, д-р Бісьлі лічыць, што гэты выпадак далёка не адзіны. Дарэчы, паводле публікацыі ў “European Respiratory Journal”, у кастрычніку летась у інтэрнэт-кафэ ў Канг’ю памёр 24-гадовы жыхар Паўдзённай Карэі, які безь перапынку займаўся кампутарнымі гульнямі 86 гадзінаў. Некалькі дзён пазьней 27-гадовы жыхар Тайваню таксама раптоўна зваліўся на падлогу і памёр пасьля 32 гадзіннага сядзеньня ля кампутара. Разам з групай дасьледчыкаў д-р Бісьлі вывучае іншыя вядомыя падобныя выпадкі. Ён падкрэсьлівае, што ва ўсіх выпадках наступілі праблемы з дыханьнем, страта прытомнасьці і раптоўная сьмерць.

Новазэляндзкая Асацыяцыя Фізыятэрапэўтаў лічыць, што можна адносна лёгка засьцерагчыся ад “і-трамбозу”. Тым, хто працяглы час вымушаны сядзець ля кампутара, яна найперш раіць прыдбаць выгоднае крэсла. Сядзець трэба гэткім чынам, каб край крэсла не ціснуў на сьцёгны. Седзячы, пажадана варушыць нагамі, каб палепшыць кровазварот. У меру магчымасьці як мінімум праз кожную гадзіну працы трэба рабіць рэгулярныя перапынкі і цягам 5-10 хвілінаў хадзіць па калідоры альбо вакол працоўнага месца.

А зараз-парады мэдычнай арганізацыі Real Age.

Магчыма, спажываючы розныя вітаміны, Вы аддаеце перавагу некаторым зь іх. Аднак важна даваць арганізму ня тое, што мы любім, але тое, што патрэбнае. Старэйшыя людзі, як правіла, аддаюць перавагу вітамінам А, С і E. На жаль, вельмі многія людзі не спажываюць дастатковай колькасьці такіх вітамінаў, як B9, B6, B12 а таксама D. Неабходна памятаць, што ў штодзённай дыеце павінен быць збалянсаваны набор вітамінаў. Калі Вы будзеце рэгулярна спажываць разам зь ежай і ў выглядзе дадаткаў адпаведную колькасьць антыаксыдантаў, Ваш біялягічны ўзрост будзе на 6 гадоў маладзейшы.

Калі Вы хочаце пахудзець, не забывайцеся пра сьняданак. Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, ажно 75% зь ліку тых, хто згубіў вагу і каму ўдалося паўторна не набраць яе, рэгулярна сьнедалі. Спэцыялісты рэкамэндуюць выбіраць для сьняданку высокакалярыйныя прадукты, але зь нізкім утрыманьнем тлушчу, у прыватнасьці, цэльназерневыя, малако, ёгурт, яйкі. У якасьці карыснага дадатку рэкамэндуецца садавіна, дзеля таго, каб даставіць арганізму неабходную колькасьць антыаксыдантаў. Спэцыялісты прыйшлі да высновы, што рэгулярны, паўнавартасны сьняданак, які павінен быць асноўнай ежай цягам дня, зробіць Ваш рэальны біялягічны ўзрост больш як на год маладзейшым.

Для чалавечага здароўя надзвычай карысная рыба. Паводле навуковых дасьледаваньняў, яна выдатна зьмяншае рызыку інсульту, які зьяўляецца адной з асноўных прычынаў сьмерці ў сьвеце. Інсультам спрыяе празьмерная вага, алькаголь, курэньне, высокі крывяны ціск і ўзровень халестырыну, і кантралюючы згаданыя чыньнікі рызыкі, можна часткова засьцерагчыся ад гэтай хваробы. Пры ўсім гэтым варта памятаць пра рыбу. Найлепш спажываць яе прынамсі адзін раз на тыдзень, але дасьледчыкі лічаць, што для зьмяншэньня рызыкі інсульту трэба ўключаць рыбу ў сваё мэню 3 разы або хаця б адзін раз у месяц. Паводле Real Age, калі Вы рэгулярна, раз на тыдзень, будзеце есьці рыбу, Ваш біялягічны ўзрост будзе амаль на 3 гады маладзейшы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG