Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жывіце доўга. Ці можна гармонамі прыпыніць працэс старэньня?


Кастусь Бандарук, Прага

Ён быў тоўсты, стомлены і ў кепскай агульнай форме. У свае 49 гадоў Ліўсі адчуваў, што ягоныя найлепшыя гады ўжо прайшлі. Аднак 7 гадоў таму ён затрымаўся ў лекарскім кабінэце ў Пальм Спрынгс у Каліфорніі. З наступнай раніцы ён пачаў рэгулярнае гарманальнае лячэньне, якое зьмяніла ўсё ягонае жыцьцё.

“Людзі пачалі заўважаць, што я стаў больш жывы і энэргічны,”- кажа д-р Ліўсі. Дзякуючы прыліву бадзёрасьці, а таксама зьмене харчаваньня і фізычным практыкаваньням, ён страціў 23 кіляграмы вагі. Пасьля гэтага свой асабісты досьвед Д-р Лівсі вырашыў скарыстаць для лячэньня іншых. Разам з сябрам, доктарам Джозэфам Рафаэлам, якія таксама зьведаў станоўчыя вынікі новай тэрапіі, яны заснавалі пры нью-ёркскай клініцы на Мангэтане Таварыства Амаладжальнай Мэдыцыны (Anti-Aging Medicine Associates). Усьлед за імі гарманальную тэрапію, паверыўшы, што яна сапраўды амалоджвае цела і вяртае сілы, пачалі скарыстоўваць
многія іншыя лекары.

Напачатку гарманальная тэрапія была даволі дарагая. За 1000 даляраў, апрача самога гармону, пацыенты атрымлівалі поўны набор іншых лекаў і дыетычных дадаткаў: мужчынскія і жаночыя гармоны: тэстастэрон, прагестарон, мэлятаніну, эстраген з анабалічным дзеяньнем, званы “дзі-эйч-і-эй”, вітаміны і антыаксыданты.

На думку скептыкаў, яшчэ невядома, ці новая тэрапія сапраўды прыпыняе натуральны працэс старэньня. Намесьнік дырэктара Нацыянальнага Інстытуту Старэньня доктар Губэрт Уорнэр перасьцярог, што вынікі дасьледваньняў, праведзеных на мышах і пацуках, - несуцяшальныя. “Грызуны, у якіх празьмерная колькасьць гармону росту, жывуць карацей. Гэта тычыцца таксама некаторых насякомых. Можа, гэта не найлепшы аргумэнт, але яго нельга ня ўлічваць,” - кажа Губэрт Уорнэр. Ён настойвае на тым, што ў выпадку людзей яшчэ не правераныя і не дасьледаваныя доўгатэрміновыя пабочныя эфэкты гарманальнай тэрапіі. “Як можна плаціць за нешта, што яшчэ навукова не пацьверджанае? На якую рызыку можна пайсьці?” – пытаецца Ўорнэр.

Ніяк ня схільны паўстрымацца з новай тэрапіяй да часу яе грунтоўнай праверкі доктар Рональд Клац з Чыкага. Ён цьвердзіць, што пацыенты ня могуць чакаць дзесяткі гадоў, пакуль будуць праведзеныя працяглыя дасьледваньні, якія нават яшчэ не пачаліся.
Дарэчы, пацыенты і не чакаюць. У адказ на шырокае зацікаўленьне новай тэрапіяй у 1993 годзе Клац разам з 12 лекарамі заснаваў Амэрыканскую Акадэмію Амаладжальнай Мэдыцыны. Зараз да гэтай арганізацыі належыць 8 тысячаў амэрыканскіх лекараў.

Пасьпяховасьць гарманальнай тэрапіі спрабаваў навукова даказаць доктар Дэніел Рудман з Мэдычнага Коледжу ў штаце Вісконсын. Ён правёў дасьледваньне на групе старэйшых мужчынаў, у прыватнасьці, скарыстоўваючы гармон росту. “Старэйшыя людзі, -адзначае д-р Рудман, - губляць цягліцы і таўсьцеюць, іхная скура і косткі слабеюць. У іх сыстэматычна зьніжаецца ўзровень гармону росту. Рудман заўважыў, што празьмерна хутка старэюць нават адносна маладыя людзі, у якіх па нейкіх прычынах гэтага гармону недастаткова. Пасьля 6 месяцаў гарманальнай тэрапіі Рудман сьцьвердзіў, што ўсе 12 мужчынаў, якія атрымлівалі гармон, страцілі шмат лішніх кіляграмаў і зрабіліся больш мускулістыя.

У 9 іншых мужчынаў, якім давалі пляцэба, не адылося ніякіх зьменаў. Два гады таму ў навуковым мэдычным журнале Рудман напісаў, што зьмены у выніку 6-ці месячнай гарманальнай тэрапіі адпавядалі тым зьменам у чалавечым арганізьме, якія адбываюцца на працягу 10-20-ці гадоў.

Неўзабаве пасьля гэтага навуковы часопіс Амэрыканскай Мэдычнай Асацыяцыі апублікаваў вынікі іншага дасьледваньня. Д-р Мічэл Гарман з Інстытуту Доўгажыхарства ў Фініксе, а таксама д-р Марк Блэкман з Нацыянальнага Інстытуту Здароўя таксама прыйшлі да высновы, што старэйшыя мужчыны і жанчыны, якія атрымліваць гармон росту, сапраўды худзеюць і ў іх лепшая агульная фізычная форма.

Аднакд Максін Пападакіс з Каліфарнійскага Ўнівэрсытэту ў Сан- Францыска скептычна паставілася да гэтых абсьледваньняў. На ейную думку, праводзячы экспэрымэнт, Рудман скарыстаў замалую групу мужчынаў. Акрамя таго, кожны з удзельнікаў дасьледваньня ведаў, ці атрымлівае гармон, ці нэўтральны прэпарат - пляцэба.

Пападакіс правяла сваё дасьледваньне на 52 мужчынах ва ўзросьце ад 75 да 85 гадоў. Ніхто зь іх ня ведаў, ці яму падаюць гармон ці толькі сурагат леку. Вынік, які атрымала Пападакіс, быў даволі супярэчлівы. Праўда, пасьля гарманальнай тэрапіі аб’ём цягліцаў у пацыентаў павялічыўся, мужчыны пахудзелі, але фізычна яны не памацнелі.

Насуперак некрытычным прыхільнікам гэтай тэрапіі, ў іх таксама не палепшылася памяць. Больш за тое, некаторыя ў часе тэрапіі пакутавалі ад пухлінаў ног і болю суставаў, што прымусіла лекараў зьменшыць колькасьць падаванага ім гармону. Таксама іншыя дасьледваньні пацьвердзілі, што нэгатыўныя пабочныя эфэкты зьнікалі, калі пацыентам пераставалі падаваць гармон.

Паводле Максін Пападакіс, вынікі ейнага дасьледваньня былі ў асноўным праігнараваныя і спэцыялістамі, і самымі пацыентамі. Яна тлумачыць гэта тым, што людзі чапляюцца за прыемную ілюзію, бо ім падабаецца сама магчымасьць амаладжэньня. Што тычыцца навукоўцаў, дык яшчэ цалкам нядаўна яны лічылі гарманальную тэрапію такой жа фікцыяй, што і амаладжальныя якасьці зьмяінага яду, які можна набыць у любога гандляра.

Зараз прыхільнікаў новай тэрапіі болей, чым праціўнікаў. Амэрыканская Адміністрацыя Харчаваньня і Лекаў дапусьціла гармон росту да шырокага ўжываньня. У выніку ён зьявіўся на рынку, а лекары маглі свабодна прапісваць яго пацыентам. Многія спэцыялісты і пацыенты паверылі, што гармон росту і тэстастэрон сапраўды могуць прыдаць новыя сілы старэючаму целу і зрабіць чалавека маладзейшым.

Між тым, акрамя амаладжальнай тэрапіі, ёсьць яшчэ адна аптымістычная навіна для тых, хто пастарэў. Згодна навукоўцам з Тэхналягічнага Інстытутут ў штаце Масачусэтс, пасьля таго, як чалавек дажыве да глыбокай старасьці, працэс далейшага старэньня запавольваецца. Дасьледваньні ў галіне біялёгіі паказалі, што, калі чалавеку ўдалося дажыць да магічнай лічбы 95 гадоў, дык пасьля гэтага, ў біялягічным сэнсе ён старэе ня так хутка.

Дасьледваючы працэс старэньня, біялёгі не разглядалі яго ў сэнсе зморшчкаў, ні сівых валасоў. Іх не хвалявала тое, што з гадамі пагаршаецца агульная фізычная форма, а стары не падбяжыць так, як падлетак. Пад старасьцю тут разумецца “статыстычнае павялічэньне верагоднасьці сьмерці”. У навуцы існуе паняцьце “ўзровень сьмяротнасьці”, які акрэсьліваецца паводле колькасьці сьмерцяў у год у той або іншай ўзроставай групе. Узровень сьмяротнасьці няўмольна расьце разам з гадамі. У нашыя 45 гадоў верагоднасьць сьмерці значна большая, чым ў 35 гадоў, а ў 55 яна адпаведна яшчэ павялічваецца. Аднак менавіта ў 95 гадоў гэты працэс запавольваецца. У 105 гадоў у чалавека статыстычна ня болей шанцу памерці, чым у 95 гадоў.

Адно з тлумачэньняў гэтага фэномэну - натуральная сэлекцыя. Як вядома, гінуць слабыя прадстаўнікі віду. Некаторыя вучоныя прапануюць кіравацца простай лёгікай. Той, хто змог дажыць да 90-95 гадоў, хутчэй за ўсё, фізычна актыўны, болей здаровы, і ён лягчэй не паддаецца далейшаму старэньню. Зразумела, у біёлягаў адразу зьявілася пытаньне: калі існуе мяжа, па-за якою небясьпека сьмерці зьмяншаецца, дык як перасунуць той крытычны ўзроставы пункт з 95, напрыклад, да 45 гадоў? Спадзяваньні ўскладаюцца ў першую чаргу на генную інжынэрыю.

“Старэньне выкліканае цэлым комплексам прычыныў, - кажа біёляг Леанард Гуарэнтэ з Тэхналягічнага Інстытуту ў штаце Масачусэтс, аўтар кнігі “У пошуках вечнай маладосьці”. Паводле яго,
“больш правільна было б задумацца над тым, ці існуюць мэханізмы рэгуляцыі працэсу старэньня. Я мяркую, што яны існуюць і мы зможам іх вывучыць цягам бліжэйшых 10-15 гадоў,” - кажа амэрыканскі біёляг.

Згодна экспэрымэнтам, праведзеным на грызунах і насякомых, вядома, што скарачэньне на 30-50% спажываных калёрыяў запавольвае старэньне і падаўжае жыцьцё нават на 50 %. Гуарэнтэ тлумачыць, што абмяжаваньне калёрыяў вядзе да “ўключэньня” гену пад назвай SIR2, функцыя якога палягае ў паўстрыманьні працы іншых генаў, у тым ліку генаў старэньня. Зараз супрацоўнікі лябараторыі Гуарэнтэ шукаюць спосабы штучна актывізаваць ў арганізьме ген SIR2, што, магчыма, дазволіла б цешыцца жыцём без цяжкай непрыемнай дыеты.

І на заканчэньне-парады мэдычнай арганізацыі Real Age.

Калі Вы хочаце пазьбегнуць пераяданьня ў часе абеду, падрыхтуйце сабе загадзя адпаведную невялікую порцыю прадуктаў, такіх як макарона і сыр. З назіраньняў вынікае, што з прычыны свайго абжорства людзі пераважна зьядаюць усё, што пакладзенае ім на талерку, і таму ня трэба спакушаць сябе вялікай порцыяй. З дасьледваньняў вынікае, што людзі спажываюць на 30% калёрыяў болей, калі адразу маюць перад сабою вялікую колькасьць ежы.

Калі ў вас пасьля багатага сьвяточнага застольля здарыўся запор, спрабуйце піць газаваную ваду. Дасьледваньні паказваюць, што ў параўнаньні са звычайнай вадой з крану, менавіта газаваная вада можа выдатна аблегчыць сымптомы запору. Праўда, навукоўцы пакуль ня ўпэўненыя, ці станоўчы ўплыў адыгрывае ў дадзеным выпадку двуокіс вугля ў газаванай вадзе ці яе мінэральныя складнікі.

Шмат людзей робяць пляны і абяцаньні, а таксама прымаюць пастановы на Новы Год. Каб больш пасьпяхова іх выканаць, спрабуйце запісаць усё гэта на відэастужку. З дасьледваньняў вынікае, што падлеткі, якія ў прысутнасьці іншых заявілі аб сваіх плянах, датычных здароўя, і запісалі свае выказваньні на стужцы, пасьля гэтага лепш больш пасьпяхова выканалі іх. Гэта зьвязанае з тым, што публічная дэклярацыя схіляе чалавека да таго, каб стрымаць дадзенае слова.


XS
SM
MD
LG