Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць, каб не балела сьпіна, ці дастаткова зьесьці рыбу раз на месяц, каб зьменшыць рызыку інфаркту ды іншае...


Сяргей Абламейка, Прага

Статыстыка сьведчыць, што ў разьвітых краінах кожны другі візыт да лекара зьвязаны з хваробамі сьпіны. Часьцей хварэюць толькі на прастуды.

Як жа глядзіць сучасная заходняя мэдыцына на праблему хваробаў пазваночніка? Па-першае, лічыцца, што найчасьцей такія хваробы праяўляюцца ва ўзросьце ад 45 да 59 гадоў. Але гэта не азначае, што ў іншым узросьце сьпіна не баліць. Баліць яна і ў маладзёнаў, і ў дзяцей. У дзяцей вельмі часта гэта скаліёз, а ў падлеткаў – хвароба Шоермана або парушэньне разьвіцьця пазванкоў пры полавым сасьпяваньні. Гэтую вельмі распаўсюджаную ва ўсіх краінах хваробу яшчэ ня так даўно ў Беларусі з-за кепскай дыягнастычнай апарутуры амаль не дыягнаставалі. А між тым у Заходняй Эўропе хлапцоў з такой хваробай не бяруць у войска.

Сярод прычынаў хваробаў пазваночніка на першым месцы стаіць няправільны лад жыцьця. Але лекары тут маюць на ўвазе ня кепскае харчаваньне ці недахоп вітамінаў, але, як ні дзіўна, найперш стрэс. Менавіта стрэс прыводзіць да непрыкметнай перанапружанасьці мышцаў торсу, што згубна адбіваецца на пазваночніку.

Але пазваночнік можа хварэць і тады, калі вы аптыміст, у вас усё атрымліваецца і вы ня маеце ніякіх псыхалягічных і псыхічных праблемаў. Дастаткова, калі вы маеце пару лішніх кіляграмаў, перасоўваецеся з працы і на працу аўтамабілем і па дзесяць гадзінаў седзіцё ля кампутара. Недахоп рухомасьці і няправільнае разьмеркаваньне нагрузкі на мышцы – вось прычына болю сьпіны і ў тых, хто нібыта правільна харчуецца і ня ведае стрэсу.

Пры гэтым у большасьці краінаў яшчэ пануе інэрцыя старых падыходаў да лячэньня хваробаў сьпіны. Нават ведаючы, што яны выкліканыя найперш няправільным ладам жыцьця, сучасныя мэдыкі найчасьцей ігнаруюць псыхічныя і сацыяльныя прычыны хваробы, і прыпісваюць хворым даволі сур’ёзныя лекі, што можа прывесьці да далейшых ускладненьняў у іншых ворганах. А між тым, у разьвітых краінах сьвету амаль у кожнага нэўрапатоляга на прыёме можна атрымаць памятку з 15-цю парадамі, як зрабіць так каб вам не балела сьпіна. Вось яны:

1. Выбірайце сабе правільны матрац. Падчас сну торс павінен знаходзіцца у сваім прыродным фізіялягічным становішчы без вялікіх выгінаў, прычым як на сьпіне, так і на баку. Пры ляжаньні не павінны напружвацца мышцы, а суставы, дыскі пазваночніка і ўнутраныя ворганы павінны быць цалкам расслабленыя. Таму на матрацах ня трэба эканоміць.
2. Навучэцеся ўставаць з ложка. Спачатку трэба перакуліцца на бок, пасьля спусьціць з ложка ногі і толькі пасьля гэтага ўздымаць торс. Пры іншых варыянтах ўставаньня задзейнічана занадта шмат цягліцаў і магчымыя праблемы з дыскамі пазваночніка.
3. Навучэцеся выбіраць падушку. Калі вы любіце спаць на высокай падушцы, значыць пакутуе шыйны аддзел вашага пазваночніка. Найлепш, каб падушка была маленькая, але досыць “надзіманая”, або сьпіце наоглу на спэцыяльным артапэдычным падгалоўніку.
4. Навучэцеся большасьць рухаў і любой працы рабіць з выпрастанай сьпінай. Без патрэбы не нахіляйцеся наперад, нават пры чышчэньні зубоў старайцеся абаперціся рукой ці каленам на рукамыйнік.
5. Пры падарожжах не нагружайце занадта сьпіну. Для доўгіх вандровак аўтамабілем, аўтобусам, самалётам ці цягніком з сядзячымі месцамі набудзьце сабе надзіманы падгалоўнік.
6. Навучэцеся правільна сядзець. Крэсла, на якім вы сядзіцё, павінна мець такую вышыню, каб вашыя ногі маглі даставаць да падлогі і цалкам на яе абапірацца. Для сядзеньня таксама вельмі надаецца папулярны зараз на Захадзе вялікі гімнастычны мяч – сядзеньне на ім прымушае роўна трымаць сьпіну. Калі вашае крэсла на колцах, не перасоўвайцеся па пакоі на ім, штурхаючыся нагамі. Лепш устаньце і прайдзецеся.
7. Ваш рабочы стол павінен правільна стаяць. Ён мае быць такой вышыні, каб вы, седзячы за ім, не павінны былі горбіцца. Падчас працы назапашваецца напружаньне ў шыі і плячах. Таму лекары раяць падчас працы рабіць наступнае практыкаваньне. Трэба абаперціся локцямі на стол, шчапіць рукі за галавой і ціснуць імі галаву долу так, каб яна дакраналася грудзей. Працягласьць практыкаваньня – 20-30 сэкунд.
8. Выбірайце зручны абутак. Менавіта зручны абутак дапамагае трымаць цела у нармальным становішчы.
9. Старайцеся схуднець, калі маеце празьмерную вагу. Менавіта пахудзеньне вызваліць ня толькі ваш пазваночнік, але і суставы.
10. Навучэцеся правільна падымаць цяжкасьці. Спачатку сагнеце ногі ў каленях, а пасьля памалу іх выпроствайце. Сьпіна павінна заставацца роўнай. Дбайце пра раўнамерную нагрузку, а цяжкасьці лепш насеце ў плецаку на сьпіне.
11. Адпачывайце падчас працы. Праз кожную гадзіну дайце сабе невялікі перапынак, пацягнецеся або прайдзецеся.
12. Зьвяртайцеся да масажыстаў. Менавіта масаж здольны зьняць празьмернае напружаньне цягліцаў, асабліва ў раёне шыі і плечаў.
13. Рухайцеся, рабеце практыкаваньні з нагрузкай, пацягвайцеся часьцей. Гэта могуць быць звычайныя практыкаваньні, аэробіка або ёга, а можа быць і “звычайная” хадзьба. Пры гэтам, ня трэба займацца спортам да зьнясіленьня.
14. Плавайце. Пры плаваньні ўмацоўваюцца ўсе цягліцы цела, і пры гэтым адсутнічае нагрузка на суставы – гэта ўнікальная сытуацыя. Калі вы аддаяце перавагу плаваньню на жываце, выдыхайце ў ваду – гэта дапаможа дадаткова вызваліць ад напружаньня шыйныя пазванкі.
15. Ну і не забывайцеся на парады бабуляў – модныя кароткія курткі і майкі пакіньце на цёплую пару году. Сьпіна павінна быць заўсёды ў цяпле. Пераахалоджаньне сьпіны – вельмі частая прычына хваробаў пазваночніку. Прычым хвароба пасьля пераахалоджаньня можа наступіць і праз некалькі месяцаў або гадоў.

Выкананьне гэтых нескладаных парадаў патрабуе толькі дысцыпліны і волі, а вынікам, як абяцаюць лекары, будзе здаровая сьпіна.

***

Спажываньня рыбы нават адзін раз у месяц дастаткова, каб зьменшыць рызыку інфарктаў і інсультаў – з такім сэнсацыйным паведамленьнем выступіў 25 сьнежня Journal of the American Medical Association. У той час, як дагэтуль у шматлікіх дасьледаваньнях рэклямаваліся выгоды ад двух-трохразовага спажываньня рыбы ў тыдзень, навукоўцы Мэдычнай Школы Гарвардзкага ўнівэрсытэту, вывучыўшы рацыён 43 тысяч чалавек, прыйшлі да высновы, што нават выпадковая страва з марскіх прадуктаў рэзка зьмяншае пагрозу інфаркту ці інсульту.

Паводле гарвардзкіх лекараў, мужчыны, якія елі 100-150 грамаў рыбы 1-3 разы на месяц на 43 працэнты скарацілі рызыку інсульту ў наступныя 12 гадоў. Аднак – і гэта галоўная сэнсацыя – амэрыканскія мэдыкі сьцьвярджаюць, што больш частыя стравы з рыбы не прыносяць мужчынам далейшага зьмяншэньня рызыкі інсультаў.

У жанчын іншая сытуацыя. Прадстаўніцы слабога полу, якія елі 120 грамаў рыбы 2-4 разы на тыдзень, на 48 працэннтаў зьменшылі рызыку сардэчных хваробаў. Затое жанчыны, што елі рыбу радзей, тым самым падвышалі рызыку кровазьліцьця.

Навукоўцы дагэтуль не да канца зразумелі мэханізм станоўчага ўплыву марской рыбы на здароўе чалавека. Лічыцца, што тлустыя рыбныя кіслоты паніжаюць узровень тлушчу ў крыві чалавека. Пры гэтым цікава, што марскія прадукты зьмяншаюць рызыку толькі тых інсультаў, што выкліканыя тромбамі, і не аказваюць практычна ніякага ўплыву на інсульты, зьвязаныя наадварот з вадкай крывёй. Аб гэтым сьведчыць статыстыка такіх інсультаў сярод абарыгенаў Аляскі, якія ядуць амаль адну рыбу.

***

А зараз некалькі традыцыйных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Калі вы зьбіраецеся зьесьці на сьняданак бутэрброд, дапільнуйце, каб хлеб быў з коркамі. Нядаўнія дасьледаваньні паказвалі, што коркі хлеба поўныя антыаксыдантаў, асабліва хлеба, які мае цёмны колер. Апрача таго, шмат у хлебных корках і рэчываў, якія перашкаджаюць узьнікненьню раку – антыканцэрагенаў. RealAge нагадвае, што калі вы будзеце трымацца нізкакалярыйнай і багатай на вітаміны дыеты, ваш рэальны ўзрост можа зьменшыцца на 4 гады.

2. Толькі тры тыдні патрэбныя, каб зьменшыць рызыку хваробаў. Нядаўна быў праведзены экспэрымэнт, падчас якога людзі трымаліся беднай на тлушчы, але багатай на расьлінныя валокны дыеты, і рэгулярна займаліся спартовым практыкаваньнямі. У выніку ўжо праз тры тыдні стан іх здароўя зазнаў драматычныя зьмены. Ціск крыві панізіўся, узровень халестэролу рэзка ўпаў, нягледзячы нават на тое, што ўдзельнікі экспэрымэнту скінулі вельмі мала вагі або і зусім не схуднелі. У гэтай сувязі RealAge сьведчыць, што калі вы будзеце падтрымліваць нармальны ціск крыві, ваш рэальны біялягічны ўзрост можа быць на 12 гадоў маладзейшым.

3. Калі вы зьбіраецеся правесьці сьвяты ў дарозе, выбірайце сабе месца ў аўтобусе ці аўтамабілі з добрым выглядам наперадзе. Дасьледаваньні паказваюць, што гэта падвышае здольнасьць арганізму супраціўляцца хваробам. Людзям, якія ў транспарце ня маюць перад сабой выгляду, у тры разы часьцей робіцца млосна. Выгляд сьпераду дапамагае кардынаваць працу ўнутраных ворганаў. RealAge сьведчыць, што актыўны клопат аб сваім здароўі, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 12 гадоў маладзейшым.

4. Калі вы на сьвяты ці на ўік-энд адведаеце сваіх пажылых сваякоў, гэта ня толькі сагрэе іхныя сэрцы, але і можа зрабіць іх больш здаровымі. Дасьледаваньні паказваюць, што нават абмежаваная падтрымка і сардэчнае стаўленьне да старых, можа мець вызначальны эфэкт для іх здароўя. У групе людзей ва ўзросьце ад 58 да 90 гадоў тыя, хто быў сацыяльна ізаляваны, мелі слабейшае сэрца. RealAge сьведчыць, што падтрымка сяброў і сям’і можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на тры з паловай гады маладзейшым.

5. Падчас сьвяточнага прыгатаваньня ежы зьвярніце ўвагу на якасьць мяса птушкі. Менавіта сьвяточная ліхаманка і сьпешка прыводзяць да падвышэньня захворваньняў на сальманэлёз у сьвяточныя пэрыяды. Прычына – недагатаваная ежа і недатстаковая санітарная бясьпека. Старайцеся перад сьвятамі купляць курэй у крамах, а не на рынку. RealAge сьведчыць, што актыўны клопат аб вашым імунітэце можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.


XS
SM
MD
LG