Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забруджаньне навакольнага асяродзьдзя выклікае мутацыі ДНК; хроматэрапія – лячэньне колерамі ды іншае


Кастусь Бандарук, Прага

“Забруджанае прамысловымі выкідамі паветра пашкоджвае генэтычны код, які бацькі перадаюць наступным пакаленьням”. Аб гэтым 9 сьнежня на старонках часопісу “Proceeding of the National Academy of Sciences” паведамілі канадыйскія дасьледчыкі з Унівэрсытэту ў Гамільтане (McMaster University in Hamilton, Ontario) Дасьледаваньне, якое правялі Крыстафэр Самэрс, Джэймс Квін разам з калегамі паказала, што рабочым прамысловых прадпрыемстваў і тым, хто жыве непадалёк ад такіх аб’ектаў, пагражаюць шкодныя для здароўя мутацыі генэтычнага коду. Справа ў тым, што мутацыі ДНК у межах нормы зьяўляюцца рухавіком эвалюцыі, аднак звышнарматыўныя мутацыі выклікаюць рак ды іншыя хваробы.

Канадыйскіх навукоўцаў насьцярожыла тое, што чайкі, якія жывуць недалёка ад сталеліцейнай фабрыкі ля возера Онтарыё, маюць змутаваны генэтычны код. Каб праверыць, ці гэта не выпадковасьць, яны абсьледавалі дзьве групы мышэй. Адна зь іх была разьмешчаная за некалькі соцень мэтраў ад заводу, а другая група – за 15 кілямэтраў ад яго. Аказалася, што ў мышэй, якія дыхалі забруджаным паветрам, генэтычны код быў зьменены ў 1,5 разу болей, чым у тых, што знаходзіліся у чыстым асяродзьдзі. Што цікава, мутацыі ДНК былі выяўленыя ў першую чаргу ў самцоў. Паводле навукоўцаў, гэта ня значыць, што самкі цалкам непадатлівыя на забруджанае паветра, але дазваляе меркаваць, што рабочыя заводу – пераважна мужчыны – выстаўленыя на дадатковую небясьпеку.

Экспэрымэнты пакуль не адказалі на пытаньне, якія канкрэтна гены падатлівыя на зьмены ў выніку забруджаньня паветра, але дасьледаваньні будуць працягвацца. Рабочыя заводаў, якія выкідваюць у атмасфэру вялікія колькасьці шкодных выкідаў, і раней часьцей хварэлі на рак, – прызнаў д-р Квін. Зараз вядома, што хваробы выклікаюць мутацыі ДНК. Аднак найгоршае тое, што небясьпека пагражае ня толькі людзям ў гарадзкіх і прамысловых цэнтрах, але і іхным нашчадкам. Д-р Самэрс адзначае, што скарачэньне колькасьці шкодных выкідаў у порце Гамільтон, найбольш экалягічна забруджаным месцы ў Канадзе, ужо прынесла зьмяншэньне колькасьці захворваньняў. Гэта значыць, што тое самае трэба зрабіць па ўсім сьвеце.

А цяпер да іншай тэмы. Калі ўваходзіш у памяшканьне зь сінімі сьценамі, мэбляй і такімі ж шыбамі, то нават у летнюю сьпякоту міжвольна адчуваеш халодныя дрыжыкі. У той жа час у акружэньні чырвонага колеру адчуваеш прыліў энэргіі і цяпла. Мы жывем у сьвеце колераў і падсьвядома ўспрымаем іхную моц. Адчуваем, што яны дзейнічаюць на нашую псыхіку, эмоцыі, духоўнае і фізычнае здароўе.

Калі мы ў добрай псыхічнай і фізычнай форме, на большасьць колераў рэагуем прыблізна аднолькава. Аднак у выпадку эмацыйных або фізычных праблемаў, нашыя густы раптоўна зьмяняюцца, і нам вельмі пачынае падабацца нейкі колер. Сам арганізм падказвае, на якім колеры нам засяродзіцца і які нам найболей патрэбны.

Значэньне колераў ў жыцьці ўпершыню ўсьведамілі старажытныя эгіпцяне. З папірусу, датаванага 1550 годам да Хрыста, вынікае, што эгіпцяне першыя скарысталі лячэбныя ўласьцівасьці сьвятла. Яны шанавалі Сонца, разумеючы, што бяз сонечнага сьвятла немагчымае жыцьцё на зямлі. Зялёнаму і блакітнаму колерам яны надавалі мэтафізычны сэнс. Затое мэдычны аспэкт колераў дасьледавалі грэцкія філёзафы: Арыстотэль, Плятон і Піфагор. Славутыя мэдыкі Гіпакрат і Парацэльс інтуітыўна прадчувалі лячэбную моц колеру на роўні з музыкай і зёлкамі.

У 1666 годзе Ісаак Ньютан сьцьвердзіў, што сьвятло складаецца з 7 колераў вясёлкі і што гэта форма энэргіі ў выглядзе электрамагнітных хваляў. Ён прыйшоў да высновы, што даўжыня хвалі паасобных колераў уплывае на наш арганізм. Колеры ўзьдзейнічаюць ня толькі на псыхіку, але спрыяюць росту клетак арганізму ды стымулююць унутраныя органы. Тэрапэўтычныя ўласьцівасьці колераў навукова абгрунтавалі таксама Ёган Вольфганг фон Гётэ, Эдвін Бабіт і Гад’ялі Дыншаг.

Сэнс хроматэрапіі можна патлумачыць наступным чынам: кожны колер мае пэўную частату вібрацыі. Усё на сьвеце вібруе, у тым ліку клеткі чалавечага цела. Калі мы здаровыя, гэтая частата стабільная (сталая, нязьменная). У хворага чалавека яна адхіляецца ад нормы, і тады пэўная доза адпаведных колераў дапамагае арганізму вярнуцца да нармальнага стану. У нашыя часы фота- або хроматэрапія шырока ўжываецца ў якасьці аднаго з мэтадаў альтэрнатыўнай мэдыцыны.

У хроматэрапіі кожны колер мае адпаведныя ўласьцівасьці:

Белы колер у нашай культуры асацыюецца з чысьцінёю і нявіннасьцю. Аднак навукоўцы перасьцерагаюць перад злоўжываньнем гэтым колерам. Мы шмат бываем у белых памяшканьнях, сьпім у белай пасьцелі, апранаем белую бялізну. Аднак празьмерная колькасьць белага колеру выклікае прыгнечанасьць, дрэннае самаадчуваньне і бяссоньніцу.

Чырвоны – гэта колер любові. Ён разагравае, ажыўляе, дадае энэргіі і ахвоты займацца сэксам, наагул падахвочвае да актыўнасьці. Ён падвышае ціск, паляпшае крывазварот, узмацняе апэтыт, дапамагае ў лячэньні сухотаў, дэпрэсіі, хваробаў крыві і анэміі, рэўматызму і паралічу. Аднак у нэрвовых людзей чырвоны колер можа выклікаць агрэсію.

Аранжавы – колер жыцьцёвых сілаў і цяпла. Ён узмацняе настрой аптымізму, дадае сьмеласьці. Станоўча ўплывае на дыхальную сыстэму, стрававальны працэс, рэгулюе працу сэрца, паўстрымлівае разьвіцьцё артэрыясклерозу, зьмякчае сымптомы астмы, бранхіту і эпілепсіі. З дапамогай гэтага колеру лечацца хваробы страўніка, печані, падстраўнікавай залозы, лёгкіх, а таксама рэўматычныя хваробы.

Жоўты – гэта колер інтэлекту і розуму. Ён натхняе і ўзбуджае; ён ёсьць лекам супраць стрэсу, стомленасьці, праблемаў з канцэнтрацыяй, прыдатны пры лячэньні сахарнага дыябету і нырак, хваробаў страўніка і печані, а таксама праблемаў, зьвязаных з мэнапаўзай. Жоўты колер узмацняе цягліцы, паляпшае стрававальны працэс і дапамагае ў лячэньні некаторых дэрматалягічных захворваньняў.

Зялёны – гэта колер раўнавагі і гармоніі; ён дадае самаўпэўненасьці, супакойвае, паляпшае настрой, дапамагае зьмякчыць унутраную напружанасьць, рэгенэруе нэрвовую сыстэму. Ён асабліва рэкамэндуецца людзям, якія перажываюць дэпрэсіі, пакутуюць ад нэрвовага расстройства і галаўнога болю. Мост Blackfriars у Лёндане быў улюбёным месцам самагубцаў, пакуль быў чорны. Калі яго перафарбавалі ў зялёны колер, колькасьць самагубстваў зьменшылася на траціну. Зялёны колер таксама ўспамагае мэтабалізм, крывазварот і працу сэрца.

Блакітны колер мае заспакаяльныя і насонныя ўласьцівасьці; уціхамірвае ўсхваляваныя думкі і пачуцьці, выклікае спакойны і глыбокі сон. Выдатна дапамагае ў лячэньні рэўматызму і хваробаў горла, зьніжае гарачку, зьмякчае запаленчы працэс вачэй і галаўны боль, прыпыняе крывацячэньне, паскорвае вытворчасьць белых крывяных шарыкаў і гэткім чынам узмацняе імунную сыстэму.

Фіялетавы – надзвычай станоўча ўплывае на нэрвовую сыстэму і рэкамэндуецца творчым людзям, якія часта знаходзяцца ў стане стрэсу і напружанасьці. Ён зьмякчае сымптомы бяссоньніцы, зьмякчае галаўны боль. Рэгулюе таксама выдзяленьне гармонаў, ужываецца пры лячэньні інфэкцыйных захворваньняў, рэўматызму і эпілепсіі.

Каляровую тэрапію, якая праводзіцца ў лекарскіх кабінэтах з дапамогай адпаведных лямпаў, у пэўнай ступені можна праводзіць і дома. Хто хоча пахудзець, павінен пакласьці на стале блакітны абрус і есьці з блакітнай пасуды, бо гэты колер зьмяншае апэтыт. У каго зімовая дэпрэсія, яму можа дапамагчы жоўтая лямпа, якая нагадвае сонца, жоўтыя занавескі, абрус ды іншыя элемэнты хатняга інтэр’еру у гэтым жа колеры. У каго праблемы і пачуцьцё трывогі, той павінен акружыцца зеленьню і апранаць вопратку зь зялёнымі адценьнямі.

А цяпер найноўшыя парады мэдычнай арганізацыі RealAge.

Вы можаце выклікаць больш павагі да сябе з боку сям’і і сяброў, калі больш адкрыта і адказна паставіцеся да сваіх памылак. Людзі, якія апраўдваюць свае промахі і памылкі ў працы і ў школе, успрымаюцца атачэньнем менш прыхільна. Тых, хто апраўдваецца, заміж прызнаць сваю памылку, вонкавыя назіральнікі лічаць людзьмі ненадзейнымі, зманлівымі, няўдачлівымі і бесхарактарнымі. Калі Вы карыстаецеся падтрымкай і зразуменьнем з боку сям’і і сяброў, Ваш біялягічны ўзрост можа быць на 3,5 гады маладзейшым.

Узімку зьвярніце асаблівую ўвагу на тое, каб спажываць яшчэ больш садавіны, чым звычайна. Вельмі добра, калі сярод яе знойдзецца айва, бо яна можа выдатна амаладзіць вашыя крывяныя сасуды. Айва – гэта кіслая, вострая садавіна, якая нагадвае грушу. Айву можна прапусьціць празь мясарубку і пячы з дадаткам яблычнага соўсу. Яе можна таксама спажываць у выглядзе варэньня або жэле, ці раздрабіць і есьці зь ёгуртам або мёдам. Айва зьмяшчае ў сабе амаладжальныя субстанцыі, якія, у прыватнасьці, надзвычай карысна ўплываюць на стан крывяных сасудаў.
XS
SM
MD
LG