Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тлушчы ці вугляводы, або ад якой ежы трэба адмовіцца, каб схуднець; ці зьвязаны інфаркт з варожасьцю і што такое норнікатын


Сяргей Абламейка, Прага

18 лістапада інтэрнэт-вэрсія часопісу Newsweek апублікавала сэнсацыйнае паведамленьне агенцтва Associated Press аб новым адкрыцьці амэрыканскіх дыетолягаў. Шматлікія дыеталягічныя цэнтры па ўсім сьвеце шмат гадоў крытыкавалі так званую дыету Аткінса – дыетычную сыстэму, якая прадугледжвае найперш адмову ў ежы ад вугляводаў і не забараняе тым, хто хоча схуднець, спажываць тлушчы.

І вось найноўшыя дасьледаваньні паказваюць, што дыета Аткінса ўсё ж дае лепшыя вынікі тым, хто хоча схуднець. Яны трацяць больш вагі ў параўнаньні з тымі, хто трымаецца найперш абястлушчанай ежы, і ўзровень халестэролу ў прыхільнікаў дыеты Аткінса нармалізуецца значна хутчэй.

За прайшоўшы год на розных канфэрэнцыях былі прадстаўленыя вынікі трох незалежных дасьледаваньняў дыеты Аткінса, і ўсе яны далі аналягічныя вынікі. Самае апошняе дасьледаваньне апублікаваў доктар Эрык Вэстмам з унівэрсытэту Д’юка ў Злучаных Штатах Амэрыкі.

Сам доктар Вэстман працуе тэрапэўтам у Цэнтры дыеталёгіі і фітнэсу ўнівэрсытэту Д’юка і зьяўляецца прыхільнікам дыеты Крок 1 – спэцыяльнага комплексу харчаваньня, распрацаванага Амэрыканскай Сардэчнай Асацыяцый. Крок 1 – клясычная дыета з абмежаваньнем тлушчоў – самая папулярная сёньня ў сьвеце і ў ЗША дыета для пахуданьня. І вось доктар Вэстман, адгукаючыся на просьбы сяброў і пацыентаў, вырашыў проста праверыць дыету Аткінса. Ён знайшоў фінансаваньне і правёў шырокамаштабны экспэрымэнт.

Было абсьледавана 120 тоўстых людзей, якія карысталіся абедзьвюма дыетамі. Адэпты дыеты Аткінса спажывалі толькі 20 грамаў вугляводаў у дзень, а 60 працэнтаў сваіх штодзённых калёрыяў атрымлівалі ад спажываньня тлушчаў – гэта даволі незвычайная, нават страшная карціна для прыхільнікаў традыцыйнай дыеты. Аднак, пасьля 6 месяцаў такога харчаваньня адэпты дыеты Аткінса схуднелі ў сярэднім на 14 кіляграмаў, а прыхільнікі Крока 1 – на 9 кіляграмаў. Агульны ўзровень халестэролу ў крыві зьменшыўся ў абедзьвюх групах прыблізна аднолькава. Але вось узровень HDL, або добрага халестэролу, у прыхільнікаў дыеты Аткінса падвысіўся на 11 працэнтаў, а ўзровень трыгліцырыду ў крыві ў іх зьменшыўся на 49 працэнтаў! Гэта вельмі важна, бо менавіта высокая канцэнтрацыя трыгліцырыду ў зьяўляецца адной з прычынаў сардэчных прыступаў.

У прыхільнікаў дыеты Крок 1 ўзровень добрага халестэролу застаўся нязьменным, а ўзровень трыгліцырыду зьменшыўся толькі на 22 працэнты. Пры гэтым у абедзьвюх групах колькасьць LDL або так званага кепскага халестэролу засталася нязьменнай, але яго хімімчны склад троху зьмяніўся і зрабіў яго менш небясьпечным для закупаркі судзінаў.

Але нават пасьля атрыманьня такіх вынікаў сам доктар Эрык Вэстман заявіў, што патрабуецца правесьці яшчэ шмат дасьледаваньняў, перш чым лекары могуць пачаць шырока рэкамэндаваць дыету Аткінса пацыентам. Пэўныя надзеі навуковая грамадзкасьць ускладае на экспэрымэнт доктара Гары Фостэра з унівэрсытэту штату Пэнсыльванія, які праводзіцца зараз і ў якім бярэ ўдзел 360 пацыентаў.

Шамт спэцыялістаў зьвяртаюць ўвагу на нявывучанасьць аддаленых наступстваў дыеты Аткінса, у прыватнасьці – пакуль незразумелы эфэкт непадвышэньня ўзроўню кепскага халестэролу ў выніку спажываньня тлушчаў. Магчыма, адказ будзе знойдзены ў станоўчым уплыве на сардэчнае здароўе тлушчу такіх рыбаў, як ласось – што сёньня ўжо агульнавядомы.

Паведамленьні апошняга году наконт станоўчага ўплыву дыеты доктара Робэрта Аткінса – заснавальніка Нью-Ёркскага цэнтру дадатковых лекаў, прымусілі Амэрыканскую Сардэчную Асацыяцыю перагледзець свае адносіны да гэтай дыеты і пачаць дадатковыя дасьледаваньні ў гэтай галіне.

Лекары таксама зьвяртаюць увагу на магчымы плён ад зьмешанага выкарыстаньня абедзьвюх дыетаў – менш вугляводаў, і ня надта шмат тлушчаў. Магчыма, найвялікшы плён будзе атрыманы якраз на дарозе кампрамісу. У кожным выпадку, адна зь вядучых амэрыканскіх спэцыялістак у галіне харчаваньня, доктарка Аліса Ліхтэнштэйн з унівэрсытэту Тафта заявіла, што галоўнае для пахуданьня – якраз не суадносіны тлушчаў, вугляводаў і бялкоў у дыеце, бо пакуль ня знойдзена ніякай магічнай іх камбінацыі, а элемэнтраная колькасьць калёрыяў. Калёрыі, калёрыі і калёрыі, – цытуе доктарку Алісу Ліхтэнштэйн амэрыканскі часопіс Newsweek.

***

Вывучэньне асобы чалавека можа даць больш інфармацыі аб магчымым сардэчным удары, чым клясычныя тэсты крыві, ціску і ўзроўню халестэролу. Да такой высновы прыйшоў аб’яднаны калектыў мэдыкаў з Бостанскага ўнівэрсытэту, унівэрсытэту Браўна і Гарвардскай мэдычнай школы. Навукоўцы заўважылі, што пачуцьцё варожасьці і злосьці можа прыводзіць да інфарктаў. Паведамленьне аб гэтым адкрыцьці зьявілася ў апошнім нумары часопісу Амэрыканскай Псыхалягічнай Асацыяцыі “Health Psychology” (Хэлс Сайкэлэджы). У часе экспэрымэнту было вывучана 774 мужчыны, сярэдні ўзрост якіх складаў каля 60 гадоў. У выніку аказалася, што агульнапрызнаныя дагэтуль фактары рызыкі – крывяны ціск, агульны ўзровень халестэролу, недахоп інсуліну, падвышаная вага і нават курэньне – у гэтай групы мужчынаў мелі меншае значэньне для разьвіцьця сардэчнай хваробы ў параўнаньні з узроўнем варожасьці і злосьці іх асобаў. Пры гэтым амэрыканскія мэдыкі заўважаюць, што іхняе адкрыцьцё не датычыць жанчынаў і мужчынаў маладзейшага веку.

***

І яшчэ аб адным адкрыцьці амэрыканскіх мэдыкаў. На гэты раз – у галіне шкоднасьці курэньня. Дагэтуль пераважна лічылася, што галоўная шкода ад курэньня – смолы, якія назапашваюцца ў лёгкіх і прыводзяць да раку. Зараз мэдыкі адкрылі яшчэ адно рэчыва, якое згубна ўплывае на чалавечы арганізм. Гэта так званы норнікатын. Гэтае рэчыва зьяўляецца часткай нікатыну. Норнікатын быў адкрыты навкоўцамі з дасьледчага цэнтру Скрыпса ў Каліфорніі.

Пасьля дакурваньня чарговай цыгарэты нікатын даволі хутка пакідае арганізм чалавека. Аднак, яка аказалася, норнікатын застаецца ў арганізме. Пры гэтым ён ня толькі зьяўляецца часткай тытуню, але і сынтэзуецца ў нашым арганізме пры распадзе нікатыну. Норнікатын трымаецца ў чалавечым целе што ёсьць моцы. Ён злучаецца зь бялкамі і мяняе іх хімічны склад. У выніку гэтага ператварэньня бялкоў утвараюцца рэчывы, якія выклікаюць рак, дыябэт, закупарку судзінаў, хваробу Альцгаймэра і наогул зьнішчаюць мазгавую тканку. Прадукты злучэньня норнікатыну зь бялкамі таксама паскараюць працэс старэньня. Мэханізм гэтага ператварэньня наступны. Норнікатын злучаецца са стэроідамі і амінакіслотамі на паверхні клетак і выклікае працэсы, якія нагадваюць гніеньне прадуктаў. У выніку праца клетак парушаецца. Але і гэта яшчэ ня ўсё. Перамененыя норнікатынам бялкі кантактуюць у арганізме зь іншымі рэчывамі і ўтвараюць так званыя AGE, або прадукты прасунутай глікацыі. Якраз гэтыя AGE змушаюць клеткі да мутацыяў і прыводзяць да раку. Яны ж ствараюць бялковыя бляшкі ў мозгу і прыводзяць да хваробы Альцгаймэра.

Норнікатын кантактуе і зь лякарствамі, якія бярэ чалавек, і можа ўплываць на іх дзеяньне. Ён таксама вельмі доўга захоўваецца ў крыві і зьяўляецца галоўнай прычынай залежнасьці чалавека ад тытуню.

***

А зараз некалькі традыцыйных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Калі вы хочаце атрымаць максымальную выгаду ад капусты, ешце кіслую капусту. Дасьледаваньні паказваюць, што кіслая капуста ўтрымлівае нават больш супрацьракавых рэчываў, чым сырая або прыгатаваная ў іншы спосаб капуста. RealAge сьведчыць, што разнастайная дыета, калі вы будзеце 5 разоў на дзень есьці садавіну і гародніну, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.

2. Калі вам часта баліць галава, і вы бераце адпаведныя таблеткі-анальгетыкі, праверце свой крывяны ціск. Падчас аднаго нядаўняга дасьледаваньня высьветлілася, што жанчыны, якія рэгулярна прымалі лекі кшталту ібупрафэну (іншая назва – нурафэн), мелі падвышаны ціск крыві. RealAge у гэтай сувязі сьведчыць, што актыўны клопат аб сваім здароўі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 12 гадоў маладзейшым.

3. Не дазваляйце залішняму нэрвоваму напружаньню псаваць вам памяць. Дасьледаваньні паказваюць, што гармоны стрэсу могуць ускладняць працэс запамінаньня. Каб зьменшыць іх узьдзеяньне на мозг, пастарайцеся ў працягу працоўнага дня зрабіць некалькі кароткіх перапынкаў, каб расслабіцца. Гэта могуць быць некалькі дыхальных або гімнастычных практыкаваньняў. RealAge сьведчыць, што клопат аб вашым эмацыйным стане можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост аж на 16 гадоў маладзейшым.

4. Вядома, што пры сучасным забруджаньні мораў і акіяну, у рыбе ўтрымліваецца шмат шкодных рэчываў. Адно з такіх рэчывааў, якое актыўна назапашваецца рыбай, ртуць. Калі вы хочаце засьцерагчыся ад ртуці пры спажываньні рыбы, аддавайце перавагу кансэрваванаму тунцу. Для вырабу кансэрваў выкарыстоўваецца маладая рыба, якая не пасьпявае назапасіць шкодныя рэчывы. RealAge яшчэ раз падкрэсьлівае, што актыўны клопат аб сваім здароўі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 12 гадоў маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG