Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Небясьпечнасьць кітайскай кухні; атрутныя газы – гісторыя, разнавіднасьці і ўзьдзеяньне на чалавечы арганізм


Кастусь Бандарук, Прага

Амаль ў кожным вялікім горадзе Эўропы і Амэрыкі знойдзецца як мінімум некалькі азіяцкіх, пераважна кітайскіх рэстарацыяў. Яны папулярныя з прычыны экзатычных рэцэптаў і даступных цэнаў. Аднак кітайская кухня можа быць шкодная для чалавечага здароўя. Да такой высновы прыйшлі японскія дыетолягі з Унівэрсытэту Хірасакі. Д-р Хірашы Ахгура даўжэйшы час задаваўся пытаньнем: што выклікае надзвычай пашыраную сярод жыхароў Азіі гляўкому? Ён прыйшоў да высновы, што гэтая хвароба зьвязаная з наяўнасьцю ў харчаваньні, асабліва ў мясных прыправах, характэрных для кітайскай кухні, монаглютамату натрыю (MSG). Дзякуючы менавіта гэтай прыправе кітайскія стравы маюць непаўторны смак. З навуковага пункту погляду, монаглютамат натрыю – гэта амінакіслата, якая дзейнічае як нэўрапераказчык – хімічнае рэчыва, адказнае за перадачу сыгналаў паміж нэрвовымі клеткамі. Калі ў арганізьме зашмат гэтай амінакіслаты, тады наступае пашкоджаньне радужнай абалонкі вока, што адчувальна зьніжае вастрыню зроку.

Ужо праведзеныя раней дасьледаваньні паказалі, што монаглютамат натрыю выклікае пашкоджаньне нэрвовых клетак у выпадку, калі зрабіць укол з гэтай амінакіслатой непасрэдна ў вочны яблык. Аднак дасьледаваньне, праведзенае японскімі дыетолягамі, пацьвердзіла, што аналягічны эфэкт дае прыманьне гэтай амінакіслаты зь ежай і што некаторыя прадукты відавочна адмоўна ўплываюць на зрок ды на стан радужнай абалонкі. Цягам 6 месяцаў навукоўцы на чале з Хірашы Ахгура давалі пацуком тры віды корму: ад найбольш багатага монаглютаматам натрыю да цалкам пазбаўленага яго. Пасьля экспэрымэнту зрок грызуноў пагоршыўся ў адпаведнасьці з колькасьцю спажытага рэчыва. У некаторых пацукоў слой чульлівых на сьвятло клетак сятчаткі вока быў танчэйшы ад нормы на 75 адсоткаў.

На жаль, дагэтуль не вядома, якія дакладна дозы монаглютамату натрыю становяцца небясьпечныя для чалавечага здароўя.

“Невялікія дозы монаглютамату натрыю падаюцца бясшкоднымі, але цяжка з ўпэўненасьцю сказаць, якая колькасьць бясьпечная”, – сказаў Хірашы Ахгура ў інтэрвію часопісу “New Scientist”. Д-р Пэнг Ты Хаў, спэцыяліст з Moorfields Eye Hospital у Лёндане лічыць, што дозы гэтага шкоднага рэчыва, якія давалі пацуком, былі значна большымі, чым звычайна сппажывае аматар кітайскай кухні. Затое існуе небясьпека іншага кшталту. Высьветлілася, што монаглютамат натрыю можа назапашвацца ў чалавечым арганізьме гадамі. Гэткім чынам, нават невялікія дозы гэтай амінакіслаты даюць ідэнтычны эфэкт, калі яе прымаць даўжэйшы час. Гэта тлумачыць, чаму сярод жыхароў Усходняй Азіі гляўкома разьвіваецца пераважна пасьля сарака гадоў.

***

У часе 85-й гадавой канфэрэнцыі Амэрыканскай Дыетычнай Асацыяцыі ў Філядэльфіі амэрыканскія навукоўцы сьцьвердзілі, што амэрыканская культура нясе з сабою пагрозу неадпаведнага харчаваньня. Навукоўцы з Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту Джаміла Гой Розас, Бэф Дыксан і Крысты Ланкастэр прыйшлі да высновы, што дзеці імігрантаў з Паўднёвай Амэрыкі, жывучы ў ЗША, паступова пераймаюць дрэнныя звычкі ў харчаваньні: яны ядуць менш садавіны, гародніны і бабовых прадуктаў, а больш мяса і тлушчу.

Розас і ейныя калегі абсьледвалі вялікую групу дзяцей ва ўзросьце ад 2 да 5 і ад 12 да 16 гадоў. У іх ліку былі 450 дзяцей, якія нарадзілся ў Лацінскай Амэрыцы, больш за паўтары тысячы дзяцей, якія нарадзіліся ў ЗША, але бацькі якіх паходзяць з Паўдзённай Амэрыкі – гэта значыць, імігрантаў ў другім пакаленьні, а таксама больш за адну тысячу дзяцей-амэрыканцаў у трэцім пакаленьні, у якіх дзяды і бабулі нарадзілся па-за межамі ЗША. Выявілася, што дзеці, якія нарадзіліся па-за межамі ЗША, ужываюць значна здаравейшую дыету, чым іхныя аднагодкі-імігранты ў трэцім пакаленьні.

У інтэрвію агенцтву Ройтэрс Джаміла Розас выявіла цікавую падрабязнасьць. Сярод дзяцей ва ўзросьце ад 6 да 11 гадоў розьніца ў харчаваньні была мінімальная. Гэта тлумачыцца тым, што дзеці ў гэтым ўзросьце ў асноўным харчуюцца ў школе, дзе стравы аднолькавыя для ўсіх вучняў. Затое сярод малодшых дзяцей, якія ядуць больш дома, чым у школе, розьніца ў якасьці харчаваньня была відавочная. Значна здаравейшай была дыета дзяцей у сем'ях новых амэрыканцаў, якія прывезьлі з сабою свае звычкі харчаваньня і не пасьпелі прыстасавацца да амэрыканскага стандарту. Затое менш рацыянальным было харчаваньне ў дзяцей тых бацькоў, якія самі нарадзіліся ў ЗША. Джаміла Розас раіць даражыць сваёю традыцыйнаю дыетаю, пераймаючы амэрыканскую культуру.

***

А цяпер да іншай тэмы. Магчыма, што кітайская ежа ў далейшай пэрспэктыве шкодная, але напэўна нельга яе назваць атрутай. Між тым, шырокі розгалас ў сьвеце выклікаў захоп закладнікаў у маскоўскім тэатры і затым спосаб іхнага вызваленьня. У выніку апэрацыі, паводле дадзеных з 30 кастрычніка, загінулі 118 закладнікаў. Усе яны не загінулі ад стрэлаў, але атруціліся газам, скарыстаным расейскім спэцназам. На думку шэрагу спэцыялістаў, колькасьць ахвяраў была б меншая, калі б не традыцыйная манія сакрэтнасьці: людзі паміралі, бо ўлады своечасова не паведамілі, які газ быў скарыстаны спэцназам. У выніку лекары ня ведалі, як ратаваць атручаных людзей і які ім даваць антыдот.

У аўторак 29 кастрычніка пасольства ЗША ў Маскве заявіла, што ўжо вызначаны від ужытага ў Маскве газу. Нямецкія лекары, якія ў клініцы ў Мюнхене абсьледавалі дваіх былых закладнікаў, прыйшлі да высновы, што быў скарыстаны не нэрвова-паралізуючы газ, як меркавалася раней, але рэчыва з групы апіятаў – фэнтаніл. На наступны дзень афіцыйна пацьвердзіла гэтую вэрсію Міністэрства аховы здароўя Расеі. Фэнтаніл – гэта абязбольваючы анальгетык з хімічнай структурай, падобнай да гераіну і марфіну, аднак у некалькі сот разоў мацнейшы за марфін. У невялікіх дозах фэнтаніл ужываюць дзеля наркозу. Субстанцыі, вырабленыя на базе опіюму, ня толькі зьмякчаюць боль, але ў значных дозах могуць выклікаць сьпячку і сьмерць у выніку затрыманьня дыханьня і кровазвароту. Такім чынам, на думку шэрагу спэцыялістаў, тактыка была правільная, але падвяло выкананьне.

Выкарыстаньне атрутных рэчываў мае даўгую гісторыю. Едкі дым ад смалы, серы і драўляных стружак ужывалі ў баях старажытныя спартанцы за 400 гадоў да нашай эры. З паловы 19-га стагодзьдзя хімічную зброю, дакладней, двувокіс серы, двувокіс вугля і арсэн, выкарыстоўвалі французы, ангельцы, немцы і расейцы. У вялікіх маштабах боепрыпасы з атрутным газам іпрытам (назоў узяты ад гораду Йпрэс) ужылі немцы 22 красавіка 1916 году супраць французаў. Хаця міжнародныя канвэнцыі ад 1925 і 1993 гадоў забараняюць распрацоўку, вытворчасьць і выкарыстаньне хімічнай зброі, аднак прадукцыя і ўдасканаленьне атрутных рэчываў не спыніліся да сёньняшняга дня.

Сучасныя атрутныя рэчывы разьлічаныя на часовае абясшкоджаньне праціўніка або яго зьнішчэньне. Яны дзеляцца на:

- агульнаатрутныя, якія пранікаюць празь лёгкія і паступова атручваюць увесь арганізм,
- паралітычна-сутаргавыя (напрыклад, зарын), якія паралізуюць нэрвовую сыстэму і цягліцы, выклікаючы сьмерць,
- удушлівыя (напрыклад, фасген), якія пашкоджваюць дыханьне і выклікаюць пухліну лёгкіх,
- апальваючыя, якія дзейнічаюць гэтак, як кіпяток і агонь,
- раздражняльныя, што дзейнічаюць найперш на зрок і дыханьне,
- а таксама псыхатаксычныя, якія дэзарганізуюць нэрвовую сыстэму, як наркотыкі.

Не зважаючы на міжнародныя пагадненьні, хімічная зброя, у прыватнасьці, была ўжытая ў часе вайны ў Эфіёпіі ў 1935 годзе, у Віетнаме ў 1960-70 гады, у іранска-ірацкай вайне ў 1980-я гады, у 1990-я гады ў Мазамбіку і на Балканах, а таксама ў 1991 годзе Садамам Хусэйнам супраць курдаў. 20 сакавіка 1995 году сэкта “Аўм Сынрыкё” распыліла ў такійскім мэтро баявы газ зарын. Гэта бясколерны і бяспахавы газ, упершыню распрацаваны немцамі ў 1939 годзе. Пранікаючы ў чалавечы арганізм, зарын выклікае сутаргі і сьмерць. У выніку замаху 12 чалавек загінулі, а некалькі тысячаў былі падтручаныя.

У сувязі з маскоўскай трагедыяй варта памятаць пра небясьпеку, якая пагражае нам дома, у цалкам звычайных абставінах. Разам з пачаткам агравальнага сэзону штогод павялічваецца колькасьць выпадкаў атручаньня чадам. Калі не гаварыць пра экстрэмальныя выпадкі, такія як пажар, дык атручаньне чадам здараецца пераважна там, дзе няма цэнтральнага ацяпленьня і ўжываюцца традыцыйныя кафляныя печы. Атручаньне чадам здараецца пераважна ў закрытых памяшканьнях, кшталту гаражу, дзе няма адпаведнай вэнтыляцыі, або дома, калі заўчасна зычыніць юшку.

Чад – гэта вокіс вугляроду (СО), нябачны і бяспахавы ядавіты газ, які выдзяляецца ў выніку згараньня розных відаў паліва. Чад забівае бяз болю і ў сьне. Ён спалучаецца з гемаглабінам крыві, якая перастае прымаць кісларод. Дзеяньне чаду можна патлумачыць наступным чынам: кроў перастае пастаўляць кісларод, чалавек засынае ў выніку спыненьня дыханьня і працы сэрца. Небясьпечнае згушчэньне чаду: 0,5 міліграма вокісу вугляроду ў адным літры паветра. Пры меншай канцэнтрацыі чаду зьяўляецца галаўны боль, сухі кашаль, павышэньне крывянога ціску, млоснасьць і ваніты. Магчымыя зрокавыя і слухавыя галюцынацыі.

Першая дапамога атручаным чадам палягае ў тым, каб неадкладна разрадзіць газ у памяшканьні, адкрываючы дзьверы і вокны, ды неадкладна вынесьці пацярпелага з памяшканьня. У выпадку запаволенага дыханьня трэба пачаць штучнае дыханьне. Ліквідацыі наступстваў атручэньня чадам спрыяе расьціраньне цела, прыкладваньне да ног грэлак і кароткатрывалае ўдыханьне нашатырнага сьпірту. Хворыя зь цяжкім атручаньнем падлягаюць шпіталізацыі, паколькі магчымыя пазьнейшыя ўскладненьні працы лёгкіх і нэрвовай сыстэмы.

***

І на заканчэньне – парады мэдычнай арганізацыі Real Age. Каб выдатна зьменшыць рызыку хваробаў сэрца, вы павінны дасыпаць на мясныя, тушаныя стравы і ў супы льняное семя. Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, жанчыны пасьля мэнапаўзы, якія спажываюць 40 грамаў льнянога семя ў дзень цягам трох месяцаў, маюць ў сярэднім на 6% ніжэйшы ўзровень халестарыну. Зьніжаюцца таксама ўзровень крывянога ціску і тлушчавых складнікаў, што мае ўплыў на сардэчныя захворваньні.

Вельмі карыснае для нашага здароўя малінавае варэньне, якое можна накладаць на булку або абаранак. Маліны зьяўляюцца багатай крыніцай амінакіслотаў, якія, паводле навукоўцаў, паўстрымліваюць разьвіцьцё ракавых клетак. Што цікава, згодна з дасьледаваньнямі, маліна не губляе сваіх станоўчых ўласьцівасьцяў нават у ператвораным выглядзе, у прыватнасьці, у выглядзе варэньня.

Калі вы сумняецеся ў тым, ці штодзённы звычайны шпацыр мае нейкі станоўчы ўплыў на вашае здароўе, дык вы памыляецеся. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што рэгулярны ненатужлівы шпацыр можа аказацца больш карысным, чым інтэнсіўныя фізычныя практыкаваньні, такія, як бег або розныя віды спорту. Згодна з дасьледаваньнямі, 2,5 гадзіны хадзьбы на тыдзень гэтак жа зьмяншаюць рызыку сардэчных захворваньняў у жанчынаў, як і гэтулькі ж часу больш інтэнсіўных фізычных практыкаваньняў.
XS
SM
MD
LG