Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму мужчыны жывуць меней за жанчын і за што сёлета прысуджаная Нобэлеўская прэмія ў галіне мэдыцыны


Сяргей Абламейка, Прага

У большасьці краін сьвету ад хваробаў, выкліканых паразытамі, памірае ў два разы болей мужчынаў, чым жанчын. Да ліку такіх краінаў належаць, напрыклад, ЗША, Вялікая Брытанія, Японія і Беларусь. У гэтай сумнай статыстыцы ёсьць і краіны-лідэры – у Казахстане і Азэрбайджане мужчыны ў чатыры разы часьцей паміраюць ад паразытарных інфэкцыяў. Днямі навуковы сьвет абляцела сэнсацыя – аказваецца, адной з прычынаў большай падатлівасьці мужчынскага арганізму да паразытаў зьяўляецца мужчынскі гармон тэстастэрон.

Напрыканцы верасьня у часопісе “Science” брытанскія навукоўкі Кенэт Уільсан і Сара Мур апублікавалі вынікі сваіх шматгадовых дасьледаваньняў узаемасувязі паразытарных інфэкцыяў і працягласьці жыцьця.

Навукоўцы адзначаюць, што і ў жывёльным сьвеце назіраецца зьява, калі ад паразытаў памірае больш самцоў, чым самак. Адной з прычынаў гэтага зьяўляецца вельмі простая акалічнасьць – самцы звычайна маюць большыя целы, чым самкі, што робіць іх больш зручнай мішэньню для паразытаў. Аднак больш важнай зьяўляецца другая прычына – аказваецца, мужчынскі гармон тэстастэрон падаўляе імунітэт і робіць самцоў жывёлаў і мужчынаў менш абароненымі перад інфэкцыямі.

Зьвесткі Кенэт Уільсан і Сары Мур пацьвердзіў і іншы брытанскі мэдык, прафэсар Ян Оўвэнс зь лёнданскага Imperial College. Ён прывёў вынікі сваіх мэдыка-статыстычных дасьледаваньняў, паводле якіх мужчыны-кастраты жывуць у сярэднім на 15 гадоў даўжэй, чым звычайныя мужчыны.

У навуковых выданьнях адразу пасьля публікацыі ў часопісе “Science” зьявіліся і водгукі скептыкаў, якія сьцьвярджаюць, што мужчыны паводле асбалівасьцяў сваёй ролі ў сям’і і грамадзтве, у прыватнасьці, большай працоўнай актыўнасьці і кантакту з жывой прыродай, маюць большыя шанцы сустрэцца з інфэкцыяй. Факт, аднак, застаецца фактам – ад паразытаў памірае прыблізна ў два разы болей мужчынаў, і гэтая статыстыка істотна ўплывае на агульную працягласьць іх жыцьця.

Як прыклады паразытарных інфэкцыяў брытанскія навукоўкі прывялі шэраг хваробаў, на якія мужчыны пакутуюць часьцей. Адна зь іх – шыстасамоз, які выклікаецца вадзяным паразытам. Яна распаўсюджаная ў краінах, дзе гаспадарчая дзейнасьць зьвязаная з вадой, напрыклад, на рысавых плянтацыях. Але вельмі часта сустракаецца і ў Беларусі – асабліва небясьпечныя вазёры і сажалкі з застаялай вадой. Інфэкцыя ў форме жывых лічынак пранікае ў тканкі цягліцаў, пасяляецца там ачагамі і ўтварае солевыя абалонкі, празь якія не пранікаюць антыбіётыкі. Гэтую хваробу вельмі цяжка лячыць. Адзін з мэтадаў – хірургічнае выдаленьне паражаных мясьцінаў чалавечага цела. Іншыя паразытарныя хваробы, зь якімі мужчынскаму арганізму змагацца значна цяжэй чым жаночаму – гэта трыпаноз, тэніёз, апістархоз і малярыя.

Апрача цяжкіх паразытарных інфэкцыяў мужчынаў, дзеля іх слабейшага імунітэту, атакуюць тысячы розных бактэрыяў. Сучасная мэдыцына, як вядома, ўсё болей схіляецца да бактэрыяльнага паходжаньня вялікай колькасьці хранічных ўнутраных хваробаў. Такіх, напрыклад, як хваробы ўнутраных ворганаў кшталту запаленьня жоўцевага пухіра ці нырак – халецыстыта і піеланэфрыта. Вельмі часта, як высьвятляецца зараз, у аснове хваробы ляжыць бактэрыяльная інфэкцыя ўнутраных ворганаў. Бактэрыяльнае паходжаньне, напрыклад, большасьці выпадкаў язвы страўніка і дванаццаціпалай кішкі агульнавядомае і сёньня ўжо ні ў кога не выклікае сумненьняў.

Апрача бактэрыяў, мужчынскі арганізм атакуюць і вірусы, супраціўляльнасьць арганізму да якіх таксама залежыць ад імунітэту.
Нарыклад, усім вядомы вірус герпэсу, які маюць амаль сто адсоткаў людзей і які вылікае высыпаньні на вуснах падчас прастуды. У некаторых выпадках гэты вірус распаўсюджваецца ў арганізме настолькі, што пачынае яшчэ болей падаўляць імунітэт і рабіць чалавека амаль безабаронным перад іншымі інфэкцыямі. Мужчыны і тут застаюцца больш падатлівай мішэньню. А мэдыцына сёньня ведае пра сотні небясьпечных вірусаў, якія пры звычайнай мэдычнай практыцы амаль не выяўляюцца і ня лечацца.

Застаецца дадаць, што на думку брытанскіх навукоўцаў, жаночы гармон эстраген наадварот працягвае жыцьцё жанчынаў. Эстраген вельмі пазытыўна ўплывае на сьценкі судзінаў і паляпшае абмен тлушчаў у арганізме жанчыны. Гэтая яго якасьць зьмяншае колькасьць інфарктаў міакарда у жанчынаў.

***

7 кастрычніка ў Стакгольме былі абвешчаныя імёны сёлетніх ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі ў галіне мэдыцыны. Імі сталі два брытанцы – 75-гадовы Сыднэй Брэнэр (працуе ў ЗША) і 60-гадовы Джон Сулстан, а таксама 55-гадовы амэрыканец Робэрт Горвіц. Гэтак высока былі адзначаныя іх дасягненьні ў галіне генэтычнай мэдыцыны. Гэтыя тры навукоўцы працавалі з дробнымі чарвямі і здолелі ідэнтыфікаваць ключавыя гены, якія рэгулююць разьвіцьцё унутраных ворганаў жывых арганізмаў і праграмуюць сьмерць клетак. Асноўнае іх дасягненьне –адкрыцьцё мэханізму натуральнай запраграмаванай сьмерці клетак.

Веданьне аб запраграмаванай сьмерці клеткі дапамагае нам зразумець мэханізм, з дапамогай якога некаторыя вірусы і бактэрыі пранікаюць у чалавечыя клеткі, – гаворыцца ў прынагаднай заяве Нобэлеўскага інстытуту ў Стакгольме. – Цяпер мы таксама ведаем, што пры СНІДзе, нэўрадэгератыўных хваробах, інсультах і інфарктах міакарда адбываецца страта клетак у выніку іх празьмернай загібелі.

Сіднэй Брэнэр з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Ла Джола адкрыў генэтычныя мутацыі, якія ўплываюць на разьвіцьцё ўнутраных ворганаў. Джон Сулстан з Кембрыджскага ўнівэрсытэту адкрыў у чарвях і прадэманстраваў навуковаму сьвету генныя мутацыі, якія былі часткай запраграмаванага працэсу паміраньня клеткі. А яго калега Робэрт Горвіц з Тэхналягічнага інстытуту ў штаце Масачусетс (ЗША) здолеў ідэнтыфікаваць першыя два “сьмяротныя гены”, якія прыводзяць у дзеяньне мэханізм паміраньня клеткі. Горвіц таксама даказаў, што аналягічныя гены маюць і людзі. У выніку мэдыцына цяпер ведае, як вірусы і бактэрыі актывуюць генную мутацыю, якая дачасна ўключае запраграмаваны мэханізм паміраньня клеткі. Гэтак адбываецца падчас СНІДу і сардэчна-судзінных хваробаў. Затое пры раку запраграмаванае паміраньне клеткі наадварот адключаецца, што прыводзіць да выжываньня клетак, якія павінны былі памерці.

Працы адзначаных Нобэлеўскай прэміяй генэтыкаў адкрываюць новыя пэрспэктывы ў лячэньні самых цяжкіх хваробаў сучаснасьці – СНІДу, хваробаў Альцгаймэра і Паркінсона, раку і сардэчна-судзінных хваробаў.

***

А зараз некалькі традыцыйных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Вы можаце паніжаць высокі крывяны ціск з дапамогай прыняцьця нармальнай дозы кальцыю штодзень. Нядаўняе дасьледаваньне ў сярэднеземнаморскіх краінах паказала, што высокае спажываньне кальцыю зь ежай зьніжае рызыку сардэчных хваробаў. Асабліва багатыя на кальцый прадукты – гэта розная зеляніна, напрыклад, шпінат ці капуста, соя, а таксама малочныя вырабы. Можна прымаць кальцый і ў выглядзе харчовага дадатку. RealAge сьведчыць, што калі вы будзеце зь ежай атрымліваць ад 1000 да 1200 адзінак кальцыю штодзень, гэта зробіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на адзін год маладзейшым.

2. Нядаўна навукоўцы заўважылі, што зеляніна, напрыклад, салат захоўвае больш карысных рэчываў, калі знаходзіцца ў цемнаце. Таму калі вы ідзяце з рынку, старайцеся трымаць купленую садавіну ў непразрыстым пакеце, а дома таксама захоўваць яе ў цёмных месцах і не выстаўляць яе без патрэбы на сьвятло. RealAge нагадвае, што разнастайная дыета, якая ўключае спажываньне пяць разоў на дзень садавіны і гародніны, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.

3. Вам пашанцавала, калі вы любіце яблыкі. Яблыкі зьяўляюцца багатай крыніцаў квэрцытына – флаванаіда, які зьмяншае рызыку захварэць на некалькі сур’ёзных хваробаў. Нядаўнія дасьледаваньні паказваюць, што вялікае спажываньне квэрцытыну можа зьмяншаць рызыку захварэць на рак лёгкіх, рак прастаты, астму і дыябэт. RealAge яшчэ раз сьведчыць, што калі вы будзеце пяць разоў на дзень есьці садавіну і гародніну, вы можаце зьменшыць свой рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады.

4. Калі вы хочаце мець здаровае сэрца, ешце маліны. Як вядома, вялікая колькасьць расьліннай клятчаткі ў вашай дыеце зьмяншае рызыку сардэчных хваробаў. Маліны маюць прыблізна 8 грамаў клятчаткі на невялікі кубачак – гэта больш, чым практычна ва ўсёй астатняй садавіне. Пры гэтым ня важна, ясьцё вы маліны сьвежыя ці замарожаныя. RealAge сьведчыць, што багатая на клятчатку дыета можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на тры з паловай гады маладзейшым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG