Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залежнасьць паміж дыетай і захворваньнямі на рак ды іншае


Кастусь Бандарук, Прага

Цягам апошніх 30 гадоў ліхаманкавых і часта супярэчлівых дасьледаваньняў раку і дыеты – чытаем у найноўшым нумары газэты “Newsweek” – экспэрты падсумавалі стан навуковых ведаў: алькаголь дрэнны, пераяданьне шкоднае, затое вялікая колькасьць садавіны і гародніны карысная для чалавечага здароўя. Паводле навукоўцаў, неадпаведнае харчаваньне зьяўляецца прычынай 30% захворваньняў на рак у разьвітых краінах і 20% – у бедных краінах. Аднак навукоўцы дагэтуль ня ў стане дакладна акрэсьліць, якія менавіта прадукты выклікаюць рак і якія яго прадухіляюць. Падсумаваньне ведаў на гэты конт апублікаваў у адмысловай справаздачы мэдычны часопіс “The Lancet”.

“Паколькі людзі атрымліваюць мноства супярэчлівай інфармацыі аб тым, што надзвычай карысны той або іншы прадукт, вельмі важна ведаць, як яно на самой справе”, – заявіў кіраўнік дасьледчыцкай групы і суаўтар справаздачы д-р Тым Кій, экспэрт у галіне дыеталёгіі з Оксфардзкага Ўнівэрсытэту. З усіх ранейшых дасьледаваньняў адназначна вынікае, што дыета, багатая на садавіну і гародніну, зьмяншае рызыку захворваньня на рак, тады як алькаголь і пераяданьне павялічваюць гэтую рызыку. Такім чынам, лічаць навукоўцы, некаторыя ранейшыя адкрыцьці былі памылковымі.

Сам факт сувязі паміж харчаваньнем і ракам навукоўцы дасьледуюць ужо даўно. Гэтую сувязь пацьвердзілі афіцыйна 4 гады таму спэцыялісты з Амэрыканскай Асацыяцыі Сэрца. Яны разглядалі розныя спосабы харчаваньня з гледзішча доўгажыхарства і падатлівасьці на хваробы, ды сьцьвердзілі, што надзвычай карысная для здароўя міжземнаморская дыета. Яна традыцыйна ўключае вялікую колькасьць рыбы, збожжа, алівак, садавіны і гародніны. Дасьледаваньні, праведзеныя на 605 пацыентах, паказалі, што гэтая дыета зьмяншае ажно на 61% рызыку захворваньня на рак.

Існуе шэраг мітаў наконт таго, якія прадукты прадухіляюць рак і якія найбольш карысныя для здароўя. Навукоўцы лічаць, што насамрэч любая садавіна і гародніна карысная, але яны асабліва выдзяляюць: брокалі, салат, брусэльскую, каляровую і звычайную капусту. Гэтая гародніна багатая на каратын, вітаміны А, С і B, а таксама мае вугляводы, бялкі, мінэральныя солі: калій, фосфар і кальцый. Брытанскія навукоўцы з Унівэрсытэту ў Лівэрпуле прыйшлі да высновы, што гэтая гародніна, у прыватнасьці, на 46% зьмяншае рызыку захворваньня на рак тоўстай кішкі.

Прафэсар Джонатан Роўдз лічыць, што дабрачынны ўплыў клятчаткі, якой багатая садавіна, гародніна і зернавыя прадукты, перабольшаны. “Дасьледаваньні паказалі, што супрацьракавыя ўласьцівасьці вэгетарыянскай дыеты мы заўдзячваем ня толькі клятчатцы, але спалучэньню розных складнікаў”. У сувязі з гэтым нельга замяніць лімон, яблык, часнык, цыбулю, ці капусту таблеткай з адпаведным складам вітамінаў і мінэралаў. Гэта можа быць толькі дадатак да штодзённай порцыі натуральных прадуктаў.

Дарэчы, кожная гаспадыня ведае, што найбольш карысная сьвежая садавіна і гародніна, але можна іх замарожваць або кансэрваваць у слоіках. Дыетолягі раяць спажываць садавіну і гародніну ў самым разнастайным выглядзе.

Што тычыцца алькаголю, дык, паводле спэцыялістаў, ён разбурае генэтычную структуру клетак і выклікае зьмены, якія могуць прывесьці да раку. Працяглае спажываньне алькаголю павялічвае небясьпеку раку пячонкі. Існуе напасрэдная сувязь паміж п’янствам і ракам вуснаў, роту, страваводу і гартані, асабліва калі п’янства спалучанае з курэньнем. У выпадку жанчынаў алькаголь, нават у невялікіх дозах, у два разы павялічвае небясьпеку захворваньня на рак грудзей.

Дарэчы, у найноўшай справаздачы Ўсясьветнай Арганізацыі Здароўя гаворыцца, што неадпаведнае харчаваньне і недахоп фізычных практыкаваньняў прыносяць большую шкоду здароўю, чым курэньне. Як адзначаецца ў брытанскай газэце “Daily Telegraph”, упершыню ў краінах Эўразьвязу гэтыя прычыны апярэдзілі курэньне ў якасьці асноўнага чыньніка захворваньняў. У часе гадавой нарады эўрапейскай Асацыяцыі Кардыёлягаў у Бэрліне д-р Элін Робэртсан адзначыла, што самое нагадваньне аб неабходнасьці спажываць садавіну і гародніну не дае вынікаў, калі адсутнічае пасьлядоўная стратэгія дапамогі людзям у зьмене ладу іхнага жыцьця. Робэртсан асудзіла Эўразьвяз за тое, што ўрады не дапамагаюць фэрмэрам вырошчваць здаровую ежу. На жаль, гэта не залежыць ад лекараў і, хутчэй за ўсё, застанецца ў сфэры рэкамэндацыяў.

А цяпер да іншай тэмы. Нямецкія навукоўцы высьвятлілі магчымую прычыну таго, чаму ў шэрагу грамадзтваў склаліся нэгатыўныя адносіны паміж сьвякрухамі і нявесткамі. Два навукоўцы з Гесэнскага Ўнівэрсытэту, Экарт Волянд і Ян Байзэ, прыйшлі да свайго небывалага адкрыцьця шляхам грунтоўнага аналізу мэтрычных кнігаў нямецкіх цэркваў у 18-19 стагодзьдзях. Прадметам іхнага вывучэньня сталі запісы аб народзінах і сьмерцях у бедных, сялянскіх сем’ях у раёне Крумгорн на поўначы Нямеччыны.

Ўжо з ранейшых дасьледаваньняў было вядома, што бабулі з боку бацькі маюць горшы ўплыў на здароўе дзіцяці. Зараз навукоўцы ўпершыню прыйшлі да высновы, што ўплыў сьвякрові на здароўе немаўляткі можа быць нават шкодны. Вучоныя выявілі цікавую заканамернасьць. Калі маміна маці – гэта значыць, бабуля – жыла прынамсі да часу, пакуль дзіцяці споўніўся адзін год, яно мела на 76% болей шанцаў выжыць, чым у выпадку, калі бабуля ўжо не жыла. Прафэсар Волянд лічыць, што дзіцё, асабліва ў беднай сялянскай сям'і, мела большы шанец выжыць таму, што ім апекавалася і нянчыла яго бабуля. Аднак важна, якая бабуля, бо калі дзіцё даглядала бацькава маці, гэта значыць, другая бабуля, шанец выжыць зьмяншаўся ў дзіцяці адразу на палову.

Прафэсар Экарт Волянд тлумачыць фэномэн ”злой сьвякрухі” і культурны фэномэн варажнечы паміж сьвякроўю і нявесткай наступным чынам. У даўнейшых рэлігійных грамадзтвах маці мужа была заўсёды больш патрабавальная ў дачыненьні да нявесткі, чым да сына. У глыбіні душы яна ўтойвала недавер наконт таго, ці сын напэўна зьяўляецца бацькам дзіцяці. Прыдзіркі, антыпатыя і напружаныя адносіны паміж сьвякрухай і нявесткай, якія зьяўляюцца вынікам падобных падазрэньняў, нэгатыўна адбіваліся на апецы над дзіцём. Адсюль вышэйшая сьмяротнасьць сярод малых дзяцей, калі паблізу іх знаходзілася бабуля з боку бацькі.

Экспэрт у галіне эвалюцыі сям'і з Касэльскага ўнівэрсытэту Гаральд Ойлен лічыць, што на вышэйшую сьмяротнасьць дзяцей могуць уплываць і іншыя чыньнікі. Цёшча перакананая, што ейны сын заўсёды можа даць ёй унука або ўнучку ад іншай, больш адпаведнай для яго жанчыны. Бабуля з боку маці зацікаўленая ў тым, каб дзіцё ейнай дачкі добра гадавалася, а бабуля з боку бацькі, калі яна недалюблівае нявестку, можа быць зацікаўленая ў дэстабілізацыі сям’і, у тым, каб сын знайшоў сабе іншую жонку. У гэтым, паводле нямецкіх навукоўцаў, прычына таго, што – прынамсі, у мінулым – для жыцьця і здароўя дзіцяці было лепш, калі ў ягоным атачэньні знаходзілася бабуля з боку маці, а ня з боку бацькі. Несумненна, зараз сацыяльныя ўмовы іншыя, чым у нямецкіх сялянаў у мінулым стагодзьдзі, але праблема ня цалкам страціла сваю актуальнасьць і ў наш час.

І на заканчэньне – парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі Real Age:

- Калі вы неадкладна прымеце рашэньне адмовіцца ад тлустага харчаваньня, гэта можа карысна паўплываць на стан вашай прастаты. Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, дыета зь вялікай колькасьцю жывёльнага тлушчу павялічвае рызыку хваробы прастаты. У мужчынаў, якія аддаюць перавагу тлустым стравам, хвароба прастаты выступае статыстычна ў два разы часьцей. Паспрабуйце зьменшыць колькасьць тлушчу ў штодзённым харчаваньні як мінімум на 30%.

- Тры гадзіны фізычных практыкаваньняў на тыдзень могуць выдатна зьменшыць рызыку ўсё больш пашыраных сымптомаў недамаганьняў. Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, траціна амэрыканцаў мае праблемы з інсулінам, што часта прыводзіць да такіх сур’ёзных хваробаў, як дыябэт і хваробы сэрца. Навукоўцы пацьвердзілі, што мужчыны, якія гімнастыкуюцца як мінімум тры гадзіны ў тыдзень, на палову паляпшаюць свой агульны стан здароў'я. Паводле Real Age, нават адна гадзіна фізычных практыкаваньняў у тыдзень можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на больш як 6 гадоў маладзейшым.

- Рызыку захворваньня на дыябэт вы можаце выразна зьменшыць, спажываючы неапрацаваныя зерневыя прадукты. Калі вы будзеце ўключаць ў штодзённую дыету прадукты зь нямолатых збожжаў, гэта ў значнай ступені прадухіліць разьвіцьцё дыябэту. У людзей, якія рэгулярна спажываюць зерневыя неапрацаваныя прадукты, значна лепшы агульны стан здароўя. Паводле амрэыканскй мэдычнай арганізацыі Real Age, калі 6 разоў у дзень спажываць розныя гатункі хлеба і збожжавых прадуктаў, ваш біялягічны ўзрост будзе на 4 гады маладзейшым.
XS
SM
MD
LG