Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое трыхалёгія, або што рабіць, калі выпадаюць валасы, і ці залежыць узьнікненьне раку ад ежы


Сяргей Абламейка, Прага

Калі кожны з нас будзе сам перад сабой шчыры, дык трэба прызнаць, што чалавек мае нашмат больш важныя рэчы, чым валасы – напрыклад, рукі, сэрца, печань і, нават, зубы. Губляць валасы, аднак, ня хоча ніхто. І ўсе намагаюцца свае валасы захаваць.

Волас на галаве чалавека расьце ад 2 да 6 гадоў. Пасьля яго цыбуліна разам з воласам пачынае рух нагару, пакуль ня выпадзе. І адразу ж на гэтым месцы пачынае расьці новы волас. У здаровага чалавека у стадыі росту знаходзяцца 90 адсоткаў валасоў і 10 – у стадыі выпаданьня. Цыкл росту ў мужчынаў і жанчынаў адрозьніваецца – мужчынскія гармоны скарачаюць пэрыяд росту. Іншымі словамі, чым больш мужчына мае тэстастэрону, тым хутчэй ён згубіць свае валасы.

На валасы маюць уплыў і іншыя фактары, напрыклад падвышаная тэмпэратура цела або цяжарнасьць. Разам са старэньнем нашага арганізму скарачаецца і працягласьць цыклу росту валасоў. Калі вы, скажам, у маладосьці насілі валасы да поясу, дык пад старасьць яны ў вас будуць рэдкія і ледзьве дастануць да плечаў.

Нармальны здаровы чалавек губляе ў дзень 50-80 валасоў, некаторыя нават 100. Калі ж у выніку цыкл абароту валасоў парушыцца і ў стадыю выпаданьня пяройдзе больш чым 10 адсоткаў валасоў, а ў дзень пачне выпадаць значна больш за 100 валасоў – капна валасоў на галаве пачне радзець. Калі гэта будзе працягвацца менш за 6 месяцаў – гэта ня страшна, калі больш – гэта ўжо праблема, працэс можа набыць хранічны і неабарачальны характар.

Рост колькасьці хранічных захворваньняў іншых органаў, побытавая хімія, праблемы навакольнага асяродзьдзя і стрэсы прыводзяць да росту колькасьці хваробаў валасоў. У сучасным сьвеце гэтая праблема стала актуальнаю настолькі, што ў Эўропе зьявіўся новы накірунак у мэдыцыне, які займаецца хваробамі валасоў – трыхалёгія (ад грэцкага слова tricho – волас), а лекары, што спэцыялізуюцца на лячэньні валасяных хваробаў цяпер называюцца трыхолягамі. Раней гэтым займаліся звычайныя дэрматолягі. Практычна ва ўсіх краінах Заходняй і Цэнтральнай Эўропы зьявілася сетка трыхалягічных цэнтраў.

Працэс лячэньне валасяных хваробаў сёньня выглядае наступным чынам. Калі вы прыходзіце да лекара з пасмамі выпалых валасоў у руках, у вас вырвуць з галавы яшчэ і некалькі здаровых. Пасьля і тыя, і тыя закладуць у адмысловую прыладу, так званы трыхакампутар, які ацэніць стан валасоў і іх каранёў. Пасьля будзе прааналізаваны стан скуры на вашай галаве і стан скуры на ўсім целе – асабліва лекараў цікавіць, ці ня маеце вы, напрыклад, скрытай экземы. Пасьля разгляду ўсяго комплексу вашых аналізаў вам будзе прызначанае лячэньне адным або некалькімі сучаснымі трыхалягічнымі прэпаратамі. У апошняе дзесяцігодзьдзе фармацэўты, хімікі і біёлягі распрацавалі некалькі дзясяткаў лекаў, якія здольныя даволі эфэктыўна ўмацоўваць валасы і аднаўляць іх рост.

Сярод прычынаў выпаданьня валасоў трыхолягі называюць наступныя. Многія маладыя жанчыны дбаюць пра добрую паставу і дзеля гэтага мучаюць сябе зьнясільнымі дыетамі. Валасы выпадаюць ад незбалянсаванай дыеты, ад недахопу вітамінаў, ад ужываньня вялікай колькасьці лекаў і нават ад афарбоўкі. Прычынай можа быць і няспраўны шампунь ці кепскае мыла. Многія саматычныя хваробы могуць ўплываць на стан валасянога покрыва. Часам можа дапамагчы зьмена шампуня або просты вадзяны масаж. Калі ж аналізы паказваюць, што фізыялягічны стан валасоў добры, і вы ня маеце кепскай спадчыннасьці, трыхолягі прчыну выпаданьня шукаюць у вашым псыхічным стане або і адзінкавым моцным стрэсе. Прычынай кепскага стану ніжніх пластоў скуры, а значыць і слабасьці валасоў можа быць бяссоньне і нават кепская памяць. У выніку трыхолягі сёньня працуюць у шчыльным кантакце з псыхіятарамі, эндакрынолягамі і нават гомеапатамі.

Важнаю зьяўляецца і вашая спадчыннасьць. Лекары трыхолягі сёньня ўжо дакладна ведаюць, што калі, напрыклад, у вашага бацькі былі кепскія валасы, а ў маці вельмі густыя і моцныя, вы ўспадкуеце якраз кепскія бацькавы – так, на жаль, бывае найчасьцей. Апрача таго, адыгрывае ролю і ўзрост, а таксама зьвязаныя зь ім зьмены гарманальнага статусу. У мужчын валасы пачынаюць радзець адразу пасьля полавага сасьпяваньня – да 20 гадоў моцна прарэдзяцца кучмы чацьвярціны зь іх. У жанчын валасы радзеюць каля 30 і каля 40 гадоў жыцьця, пры цяжарнасьці і менапаўзе. Вельмі шмат жанчын церпяць ад недахопу жалеза і цынку – гэта таксама распаўсюджаная прчына выпаданьня ў іх валасоў. Выпадаюць валасы і пры празьмерным ужываньні вітаміну А. У сьвеце на выпаданьне валасоў сёньня агулам церпяць 60% мужчын і 30% жанчын.

Дарэчы, Беларусь у галіне трыхалёгіі не выглядае правінцыяй – хутчэй наадварот. Посьпехі гарадзенскіх навукоўцаў-мэдыкаў у галіне трансплянтацыі валасоў вядомыя ва ўсім сьвеце, і беларускіх спэцыялістаў запрашаюць дзяліцца вопытам у іншыя краіны.

Лекары сёньня заяўляюць, што жывой вады няма, і калі вы аблыселі, апрача перасадкі валасоў, вам ужо нічога не дапаможа. Але адначасова яны заклікаюць людзей ня ставіцца абыякава да сваіх валасоў, і калі яны пачынаюць выпадаць, не зацягваць справу і адразу зьвяртацца да лекара – сёньняшняя мэдыцына здольная дапамагчы большасьці пацыентаў, бо пераважная большасьць валасяных хваробаў – вылечная. Калі ж у вашай мясцовасьці няма трыхалягічнага цэнтру, зьвяртайцеся да звычайнага дэрматоляга – ён таксама дапаможа.

***

Днямі ў брытанскім мэдычным часопісе “The Lancet” былі апублікаваныя вынікі 30-гадовага дасьледаваньня, якое ставіла на мэце знайсьці трывалыя сувязі паміж дыетай і ўзьнікненьнем раку. Высновы брытанскіх навукоўцаў на першы погляд простыя: алькаголь – кепска, паўната – кепска, вялікая колькасьць садавіны і гародніны – добра. 30% выпадкаў раку ў цывілізаваным сьвеце і 20 – у краінах трэцяга сьвету выкліканыя беднай дыетай.

У пачатку дасьледаваньня навукоўцы намагаліся знайсьці сувязь паміж пэўнымі прадуктамі і ўзьнікненьнем злаякасных пухлінаў або наадварот, зьмяншэньнем рызыкі захварэць на рак. І вось тут першая сэнсацыя. Брытанскія мэдыкі сьцьвярджаюць, што, насуперак шматлікім паведамленьням аб карысьці ці шкоднасьці таго ці іншага прадукта, зусім канкрэтных і відавочных сувязяў не праглядаецца. Адназначна, – піша “The Lancet”, – можна сьцьвярджаць, што паўната і алькаголь зьяўляюцца 100-працэнтнымі фактарамі ўзьнікненьня раку. А, напрыклад, два славутыя антыракавыя рэчывы – бэта-каратын і вітамін Е – аказаліся няздольнымі хоць неяк уплываць на рак лёгкага. 30 гадоў дасьледаваньня дазволілі мэдыкам толькі меркаваць, што чырвонае мяса, брокалі, часнык, клятчатка, фоліевая кіслата, вітамін С і соя могуць або выклікаць, або прадухіляць некаторыя формы раку, але 100-працэнтная сувязь так і не была знойдзеная.

Затое навукоўцы знайшлі, што часта вельмі важную ролю адыгрывае, як прадукт прыгатаваны. Брытанскія мэдыкі тут пацьвердзілі ўжо вядомыя факты, напрыклад, тое, што з ракам могуць быць зьвязаныя вэнджаніны і сасіскі. А вось сьвежае чырвонае мяса рызыку рака не падвышае. Брытанскае дасьледаваньне пацьвердзіла, што высокія дозы спажываньня кальцыю і вітаміну D могуць зьмяншаць рызыку раку кішэчніка. А вось распаўсюджаную думку, што так званы дыетычны тлушч выклікае рак грудзей, брытанскія мэдыкі не пацьвердзілі.

Адзін з удзельнікаў дасьледаваньня, доктар Эліё Рыболі з Міжнароднага агенцтва дасьледаваньня раку, які браў удзел у дасьледаваньняі, паведаміў пра другую важнейшую выснову аўтараў 30-гадовага вывучэньня. Ва ўзьнікненьні раку адыгрываюць ролю тыя ж самыя фактары, якія выклікаюць хваробы сэрца – гэта недахоп фізычнай нагрузкі, паўната і праблемы з інсулінам. Адказы хаваюцца ў глябальным балянсе паміж тым, што і як чалавек есьць, як ён рухаецца і якую форму ці вагу мае яго цела. Сакрэт, такім чынам, – у балянсе энэргіі, якую мы атрымліваем і спажываем.

У практычнай сфэры вынікі 30-гадовага брытанскага дасьледаваньня выглядаюць наступна. Навукоўцы прапанавалі праектаваць дарогі з дарожкамі для ровараў каля іх, абмежаваць рэкляму сурагатных парадуктаў і выдаліць са школаў аўтаматы з сурагатнай ежай кшталту багетаў або бутэрбродаў з каўбасой, увесьці ў школах прадмет па здаровай дыеце і здаровым ладзе жыцьця і заснаваць новую спэцыялізацыю для лекараў, якія б займаліся выключна лячэньнем паўнаты.

***

А зараз некалькі традыцыйных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да страсьці добрае здароўе.

1. Вам пашанцавала, калі ў вас ёсьць надзейныя сябры. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што кампанейскія людзі маюць у крыві значна ніжэйшы ўзровень утрыманьня так званага эндатэліала – рэчыва, якое, на думку дасьледчыкаў, дапамагае ракавым клеткам хутчэй расьці і разьвівацца. RealAge сьведчыць, што наяўнасьць падтрымкі сям’і і сяброў можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на тры з паловай гады маладзейшым.

2. Калі ўмовы дазваляюць, старайцеся абедаць раней. Навукоўцы нядаўна скончылі вывучэньне паводзінаў поўных і нармальных людзей. Аказалася, што поўныя абедаюць значна пазьней. Так што старайцеся абедаць раней і зусім ня есьці на ноч. RealAge сьведчыць, што падтрыманьне нармальнай вагі цела можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

3. Багатая на малочныя прадукты дыета можа пасьпяхова засьцерагаць ад некаторых відаў раку. У прыватнасьці кальцый, якога багата ў малаке, можа засьцерагаць ад раку яечнікаў у жанчын. Нядаўна навукоўцы абнаружылі, што жанчыны, якія ўжываюць шмат малака з паніжаным утрыманьнем тлушчу, маюць напалову меншую рызыку захварэць на рак яечнікаў. RealAge сьведчыць, што спажываньне 1200 міліграмаў кальцыю ў дзень можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на год маладзейшым.

4. Калі вы імкнецеся да асьляпляльнай усьмешкі, пераканайцеся спачатку ў здароўі вашых зубоў і дзёснаў. Мэдыкі нядаўна заўважылі, што некаторыя рэчывы, якія ўтрымліваюцца ў адбельваючых пастах, могуць шкодзіць зубам і дзёснам. Пакажыцеся спачатку стаматолягу, перш чым пачаць карыстацца сродкам для адбельваньня зубоў. RealAge сьведчыць, што штодзённая чыстка зубоў і карыстаньне зубной ніткай можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6,4 гады маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG