Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найноўшыя адкрыцьці ў галіне стаматалёгіі


Кастусь Бандарук, Прага

Бадай, кожнаму здарылася як мінімум раз у жыцьці апынуцца ў дантысцкім крэсьле, але мала хто хацеў бы вярнуцца туды. Ніхто ня любіць лячэньня, сьвідраваньня або вырываньня зубоў, нават пасьля абязбольваючых уколаў і пры выкарыстаньні найноўшай тэхнікі. Ня ўсе рашаюцца на працяглае лячэньне, ня ўсе таксама могуць сабе дазволіць уставіць зубныя імплянтанты, а ў выніку застаюцца бяз зубоў. А што калі б удалося ў выпадку людзей хаця б часткова паўтарыць тое, чым сама прырода надзяліла акулаў? У гэтых драпежных рыбаў на месцы старых, сьцёртых зубоў безупынна вырастаюць новыя. У выніку цягам свайго жыцьця акула шэраг разоў зьмяняе ўвесь камплект зубоў.

Як паведамляе навуковы часопіс “New Scientist” ад 7 жніўня, магчыма, ужо неўзабаве мы перастанем баяцца стаматоляга, ня будзе больш сьвідраваньня, болю і стогнаў. Група брытанскіх навукоўцаў блізкая да ажыцьцяўленьня мары тых, хто страціў свае натуральныя зубы. Як паведаміў прафэсар Пол Шарп зь лёнданскага Каралеўскага Коледжу, навукоўцы спрабуюць скарыстаць у стаматалягічнай практыцы найноўшыя адкрыцьці ў галіне генэтычнай інжынэрыі, гэтак званыя “ матчыныя клеткі”. Некалькі гадоў таму навукоўцы прыйшлі да высновы, што гэтыя клеткі могуць, бы хамелеон, прыпадабняцца да любых іншых клетак арганізму. Тэарэтычна зь іх можна вырасьціць клеткі сэрца, печані, а нават нэрвовыя клеткі. Чалавечыя “матчыныя клеткі” ужо ўдалося ператварыць ў нэрвовыя клеткі мышаў.

Чаго насамрэч удалося дасягнуць ў лябараторыі Каралеўскага Коледжу? Навукоўцы на чале з прафэсарам Шарпам вылучылі сьпярша “матчыныя клеткі” мышаў. У інтэрвію кампаніі ВВС Пол Шарп паведаміў, што яму ўдалося трапіць на сьлед гэтак званых “сыгнальных клетак”. Гэтая субстанцыя, якая кіруе разьвіцём “матчыных клетак”, ператварыла бясформенную клетачную масу ў зародак зуба. “Я спадзяюся, што калі гэтыя зародкі прышчапіць мышам, яны без праблемы пачнуць разьвівацца і ператворацца ў поўнавартасны зуб”, – заявіў прафэсар. Гэта стане магчымым пад ўмовай таго, – лічыць ён, – што зародкі зубоў пасьпяхова спалучацца з крывяной і нэрвовай сыстэмамі мышы, каб трывала зьвязацца сваім кораням з косьцю сківіцы і дзясной.

Хаця дагэтуль экспэрымэнты праводзіліся толькі на мышах, аднак вынікі дасьледаваньняў навукоўцы лічаць шматабяцальнымі. Прафэсар Шарп зь вялікім аптымізмам ставіцца да практычнага боку свайго адкрыцьця. Ён заснаваў нават уласную біятэхналягічную кампанію Odontis, каб у недалёкай будучыні распачаць лячэньне людзей. “Я стаўлю перад сабою мэту прышчапіць на пустыя месцы ў дзяснах зубныя зародкі, вырашчаныя з уласных клетак чалавека. Пацыент будзе перахоўваць свае клеткі ў дантыста, і пасьля прыблізна 10 тыдняў вырошчваньня ён атрымае новыя, здаровыя зубы.

Ці гэта рэальнае? А чаму не? Чаму ў людзей не маглі б адрастаць новыя зубы, калі гэта атрымліваецца ў тых жа акулаў? –пракамэнтавала адкрыцьцё брытанскіх калегаў Мэру Мак-Дугал з дантыстычнага факультэту Тэхаскага ўнівэрсытэту. Акрамя гэтага ўнівэрсытэту, інтэнсіўныя працы над новымі зубамі праводзіць таксама Нацыянальны інстытут здароўя ЗША. Пакуль, незважаючы на значнасьць адкрыцьця і энтузіязм прафэсара Шарпа, экспэрты лічаць, што прыйдзецца пачакаць прыблізна 10 гадоў, каб можна было прапанаваць людзям трэція – пасьля малочных і сталых – зубы. Да гэтага часу, мабыць, не абыдзецца безь непрыемнага, балючага сьвідраваньня.

Аднак і ў галіне традыцыйнага лячэньня зубоў наступіў значны прагрэс. Пошукі навукоўцаў ідуць у кірунку прасьцейшай і бязбольнай тэрапіі. Дасьледчыкі з аўстралійскага Нацыянальнага ўнівэрсытэту ў Канбэры на чале з Андрэем Родэ распрацавалі мэтад лячэньня зубоў з дапамогай лазэру. Кароткія і вельмі дакладныя імпульсы лазэрнай радыяцыі дазваляюць лёгка і бязбольна пранікнуць у хворыя часткі зуба, не пашкоджваючы пры гэтым зубную эмаль.

Брытанскія навукоўцы на чале з прафэсарам Эдвардам Лінчам з Каралеўскага ўнівэрсытэту ў Бэлфасьце прапануюць яшчэ адзін мэтад лячэньня зубоў, называны “Healozone”. Дзеля гэтага яны скарысталі кампрэсы з азону. Гэты трохатамны бязпахавы від кісляроду мае моцныя бактэрыезабойчыя ўласьцівасьці. Азонавая тэрапія аказалася надзвычай простай і бязбольнай. Аднаразавая працэдура нашмат таньнейшая за традыцыйную і каштуе 45 брытанскіх фунтаў. Сьпярша на хворы зуб дантыст накладае адмысловую шчыльную гумовую накладку. Затым ён тоненькай зьмейкай пад ніз упускае азон. Цягам 10-40 сэкундаў газ даходзіць да найглыбейшых закуткоў гнілых зубоў і забівае да 99% усіх бактэрыяў. Паводле прафэсара Лінча, ачышчаная гэткім чынам зубная маса без аніякіх дадаткаў, натуральным чынам аднаўляецца сама.

Выпрабаваньні гэтага мэтаду лячэньня на пацыентах пачаліся некалькі месяцаў таму і закончыліся поўным посьпехам. На думку д-ра Пітэра Марэя з James Hull Associates, гэтае вынаходніцтва надзвычай практычнае. Дагэтуль пацыенты абміналі кабінэты дантыстаў ня толькі з прычыны невыноснага болю. І бяз болю лячэньне ў стаматоляга заставалася для пацыента непрыемным нават пры ўжываньні найтанчэйшых сьвярдзёлкаў і абязбольваючых сродкаў. Хворыя зьвярталіся да дантыста толькі ў выпадку крайняй неабходнасьці, калі ўжо не вытрымлівалі, часьцяком тады, калі зуб ужо было немагчыма выратаваць. Паводле Пітэра Марэя, зараз сытуацыя зьменіцца на карысьць для здароўя людзей. Хворыя перастануць баяцца дантыстаў, а ў хуткім часе “ Healozone”, праўдападобна, цалкам заменіць традыцыйныя мэтады лячэньня зубоў.

А зараз пра іншае. У сераду 21 жніўня, брытанскія навукоўцы паведамілі ў часопісе Journal of Biological Chemistry пра вынаходніцтва, якое можа дапамагчы ў лячэньні раку, хваробаў сэрца і розных запаленьняў. Прафэсар Пітэр Шэпгард і ягоныя калегі з Unіversity College of London адкрылі, што дзьве хімічныя субстанцыі: кафэін і тэафілін, якія знаходзяцца ў каве, гарбаце, кока-коле й шакаладзе, паўстрымліваюць дзеяньне энзыму p110delta. Ён высылае сыгнал, які кантралюе рост, рух і жыцьцё клетак. Энзым адказны таксама за згусткі крыві і розныя інфэкцыі.

Вынаходніцтва абнадзеіла спэцыялістаў. У адмысловай заяве Пітэр Шэпгард ня выключыў, што на базе кафэіну можна будзе зрабіць лек супраць раку, хваробаў сэрца ды інфэкцыяў. Аднак пакуль прафэсар перасьцерагае перад спажываньнем празьмернай колькасьці кавы або шакаладу. “У нашых дасьледаваньнях мы скарысталі вельмі вялікую канцэнтрацыю кафэіну, якая была б шкодная для чалавека”, – сказаў ён. Прафэсар паведаміў, што наступным этапам дасьледаваньняў будуць такія субстанцыі, якія маюць структуру кафэіну, але безь яго пабочных эфэктаў.

А зараз некалькі найноўшых парадаў Real Age. Адна зь іх тычыцца таксама кавы і кафэіну. Калі вы хочаце зьнізіць стрэс, пажадана зьменшыць колькасьць выпіванай штодня кавы. Згодна з дасьледаваньнямі, чатыры кубкі кавы, выпітыя цягам працоўнага дня, падвышаюць крывяны ціск, паскараюць працу сэрца і падвышаюць узровень стрэсавых гармонаў. У выніку пасьля працяглага часу гэта можа нэгатыўна адбіцца на стане вашага сэрца.

Многія ўласьнікі катоў і сабак возяць сваіх любімцаў у салёне аўтамабілю. У такім выпадку яны павінны вельмі старанна і рэгулярна чысьціць сядзеньне ў аўтамабілі з дапамогай пыласосу, бо ў некаторых людзей шэрсьць катоў і сабак, нават калі яны пастаянна не жывуць з гаспадарамі ў хаце, можа выклікаць алергічную рэакцыю. Паводле Real Age, калі вы будзеце належным чынам дбаць пра сваю імунную сыстэму, вы можаце адчуваць сябе на 6 гадоў маладзейшымі.

Калі вы хочаце ўтрымаць стройную фігуру, уключайце ў вашую дыету як мага болей поўназерневых прадуктаў. Згодна з найноўшымі дасьледаваньням, людзі, якія ядуць нямолатыя збожжавыя прадукты, багатыя на клятчатку, значна худзейшыя за тых, якія аддаюць перавагу мучным перапрацаваным прадуктам. У іх таксама, як правіла, ніжэйшы ўзровень гэтак званага “дрэннага халестэрыну”. Дзякуючы рэгулярнаму спажываньню прадуктаў, багатых на клятчатку, вы будзеце адчуваць сябе на 3,5 гады маладзейшымі.

Адносна нялёгка ўтрымаць на належным узроўні крывяны ціск. У некаторых выпадках зьнізіць яго ўдаецца з дапамогай фармакалягічнага лячэньня, аднак у некаторых пацыентаў лепшыя вынікі даюць рэспіратарныя практыкаваньні. Тэрапэўтычныя практыкаваньні ў правільным дыханьні могуць бязь лекаў зьнізіць крывяны ціск, аднак іх трэба праводзіць з дапамогай і пад наглядам спэцыяліста.

Ці не адчуваеце вы, што ў ранейшых цёплых адносінах і кантактах з роднымі і сябрамі наступіў крызіс? Калі так, трэба гэтыя парваныя сувязі і супрацоўніцтва аднавіць дзеля вашага добрага самаадчуваньня і здароўя. Дасьледаваньні паказваюць, што цяга да калектыўнага жыцьця зьяўляецца ня проста інстынктам выжываньня. Сам удзел у сумесных занятках і гульнях станоўча ўплывае на тыя часткі мозгу, якія адказныя за пачуцьцё задавальненьня і асалоды. Групавыя заняткі, незалежна ад нашага посьпеху ў іх, станоўча ўплываюць на псыхічную раўнавагу і агульны стан здароўя.
XS
SM
MD
LG