Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыцьцё гармону, які можа прадухіліць таўсьценьне, інфармацыя пра спосабы ўтаймаваньня празьмернага апэтыту ды іншае


Кастусь Бандарук, Прага

У тым, што ў сьвеце поўна таўстуноў можна пераканацца, выйшаўшы на вуліцу любога гораду ў любой краіне. Кожны, хто хаця б раз пабываў у ЗША, напэўна зьвярнуў увагу на вялікую колькасьць тоўстых амэрыканцаў. Паводле статыстыкі, 60% амэрыканцаў маюць празьмерную вагу. Занадта тоўстыя 13% дзяцей і 16% моладзі. Паводле ацэнак адмыслоўцаў, празьмерная вага непасрэдна павялічвае верагоднасьць цукровай хваробы, інфаркту, інсульту і раку. Праблемы, выкліканыя атлусьценьнем, зьяўляюцца другой пасьля курэньня прычынай сьмерці. Паводле дасьледчыцкага інстытуту Marketdata Enterprises, амэрыканцы штогод выдаткоўваюць на лекі і праграмы лячэньня атлусьценьня 40 мільярдаў даляраў, аднак, як правіла, гэтыя лекі дапамагаюць толькі на кароткі час і маюць нэгатыўныя пабочныя эфэкты.

Эпідэмія атлусьценьня, як акрэсьліваюць гэтую зьяву дыетолягі, паступова становіцца праблемай нават ў бяднейшых краінах Трэцяга сьвету. Прычыны агульнавядомыя і ўсюды тыя самыя: недахоп руху і неадпаведнае харчаваньне. Аднак сучасны чалавек відавочна ня мае намеру займацца фізкультурай, ані адмовіцца ад сасісак, гамбургераў і ласункаў. Да парадаў спэцыялістаў прыслухоўваюцца пераважна акторы, мадэлькі і палітыкі. Жанчыны, якія хочуць памаладзець, выпрабоўваюць на сабе ўсё новыя нібыта цудоўныя дыеты, але пераважная большасьць людзей нічога ня робіць са сваімі лішнімі кіляграмамі і чакае таблеткі, якая дазволіла б ім без аніякага намаганьня імгненна пахудзець.

Надзею на гэткую таблетку дае навуковая публікацыя ў мэдычным часопісе “Nature” ад 7 жніўня. Група навукоўцаў з Imperial College у Лёндане і Oregon National Primate Reserch Centre ў Бівэртане (ЗША) дасьледавала гармон пад назовам PYY3-36, субстанцыю, якую выдзяляюць клеткі, што высьцілаюць страўнік і кішэчнік. Канцэнтрацыя гэтай субстанцыі ў крыві паступова падвышаецца пасьля першай закускі і ўтрымліваецца на высокім узроўні яшчэ доўга пасьля дэсэрту. Нядаўна навукоўцам стала вядома, што падвышэньне ўзроўню гармону PYY3-36 у крыві пацукоў і мышэй абмяжоўвае іхны апэтыт, і ў выніку гэтыя грызуны худзеюць. Як паведаміла д-р Караліна Смол, гэтая субстанцыя “ашуквае” мозг. Яна перадае яму сыгнал, што вось я зьеў ўжо дастаткова і час канчаць ежу.

Паколькі гармон здаў экзамэн ў выпадку мышэй, засталося праверыць, як ён падзейнічае на людзей. Уколы з гармонам – бо лек нельга прымаць праз рот – атрымалі 12 добраахвотнікаў зь лёнданскага шпіталя. Дванаццаць іншых пацыентаў атрымалі ўколы з заменьнікам леку, нэўтральнай субстанцыяй-плацэба. Зразумела, ніводзін з удзельнікаў экспэрымэнту ня ведаў, ці ён атрымаў гармон, ці нешта абыякавае для арганізму. Празь дзьве гадзіны пасьля ўколаў усіх запрасілі ў буфэт, дзе іх чакаў багаты швэдзкі стол. Кожны мог есьці колькі хоча, а лекары дакладна запісвалі, хто колькі і чаго зьеў.

Выявілася, што тыя, хто атрымаў укол з гармонам PYY3-36, зьелі падчас абеду ажно на 36% менш, чым астатнія, – напісаў у часопісе “Nature” д-р Стывэн Блум, які ўзначальваў групу навукоўцаў. Больш таго: зьменшаны апэтыт утрымліваўся яшчэ падчас вячэры, і нават на наступны дзень. “Я думаю, што гэта цудоўны лек”, – заявіў суаўтар публікацыі д-р Майкл Коўлі. Ён дакладна сачыў за тым, ці гармон не выклікае паносу і млоснасьці і ці не ўплывае ён на працу сэрца. “Ніякіх пабочных эфэктаў”, – з задавальненьнем канстатаваў д-р Коўлі, але іншыя навукоўцы лічаць, што спатрэбяцца яшчэ далейшыя дасьледаваньні ў гэтым кірунку.

Навукоўцы згодныя ў тым, што гэта вельмі практычнае адкрыцьцё. “Мы і раней ведалі, што адчуваньне голаду ёсьць вынікам складанага ўзаемадзеяньня паміж мозгам, гармонамі і энзымамі ў кішэчніку, але адкрыцьцё гармону, які зьмяншае апэтыт – гэта значны крок наперад ў выпрацоўцы новага бясьпечнага і эфэктыўнага леку супраць атлусьценьня”, – лічыць д-р Роры Шоў. На думку д-р Рэйчэл Батэргам, зьмяншэньне апэтыту нашмат лепшае за ўсе дыеты і хірургічныя апэрацыі. Калі, напрыклад, чалавек, які важыць 150 фунтаў, або 70 кіляграмаў, будзе есьці штодня на траціну менш, ён кожны дзень можа губляць 450 грамаў вагі.

Д-р Стывэн Блум не абяцае, што гармон PYY3-36 неўзабаве трапіць у продаж. Гэта, несумненна, прынясло б фармацэўтычным кампаніям неверагодныя прыбыткі, бо яны мелі б па ўсім сьвеце адзін мільярд патэнцыйных кліентаў, якія хацелі б пахудзець і кінуліся б купляць гэты лек за любую цану. Блум лічыць, што яшчэ спатрэбіцца прыблізна пяць гадоў, каб правесьці больш грунтоўныя дасьледаваньні. Перш чым пачаць прымаць таблеткі, трэба яшчэ праверыць, якія прадукты павялічваюць узровень гэтага гармону, каб сьпярша справабаць рэгуляваць апэтыт натуральным спосабам. Адзін з дасьледчыкаў, Роджэр Коўн, падкрэсьлівае, што яшчэ не вядома, як чалавечы арганізм будзе рэагаваць на падвышаны ўзровень гэтага гармону.

Гармон PYY3-36 – ня першы і, мабыць, не апошні з 60 гармонаў, якія маюць уплыў на апэтыт і якія дасьледуюць многія навукоўцы. Моцна абнадзеілі вынікі працы над гармонам грэлінам, які ў параўнаньні з PYY3-36 дзейнічае дакладна адваротным чынам. Гэтая субстанцыя, якую вырабляе страўнік, зьяўляецца ў значнай колькасьці ў крыві тады, калі чалавек галодны і хацеў бы нешта зьесьці. У такой сытуацыі дастаткова было б знайсьці прэпарат, які блякаваў бы дзеяньне гэтага гармону, і лек супраць атлусьценьня быў бы гатовы. Аднак, як адзначаецца ў часопісе “Nature”, зноў жа неабходныя ўсебаковыя дасьледваньні, каб грэлін можна было ўжываць у якасьці леку.

У 1995 годзе сэнсацыю ў навуковым сьвеце выклікаў здымак дзьвюх мышаў, адной худой, а другой тоўстай. Худая атрымлівала ўколы з лептынай. Вера ў карыснае ўзьдзееньне гэтай субстанцыі была нагэтулькі вялікая, што імгненна падаражэлі акцыі прадпрыемстваў, якія вырабляюць цукеркі, торты, шакалад ды іншыя ласункі. Біржавым аналітыкам падалося, што ў хуткім часе на рынку зьявіцца таблетка супраць атлусьценьня, і людзі ня будуць больш адмаўляць сабе ў сваіх улюбёных цукерках і шакаладзе.

Экспэрымэнт зь лептынай на людзях аказаўся ўдалым, але толькі часткова. Дзякуючы лептыне, удалося скінуць вагу тром туркам, якія важылі ад 110 да 150 кіляграмаў. Лекары з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту цягам 10 месяцаў атрымлівалі ўколы зь лептынай. Усе яны пахудзелі амаль на палову. “Укол дзейнічаў як імпульс з інфармацыяй: “Страўнік поўны, канчай ежу”, – паведаміў д-р Джуліё Лючыньё. На жаль, выявілася, што згаданыя туркі належалі да вельмі рэдкай групы людзей, якія генэтычна былі падатлівыя на лячэньне гэтым гармонам гэтак, як і мышы. Лептынавая тэрапія аказалася непрыдатная для пераважнай большасьці тоўстых людзей.

Пра яшчэ адно адкрыцьцё паведаміў 7 жніўня часопіс “New Scientist”. Амэрыканская кампанія Transneuronix зь сядзібай у штаце Нью-Джэрсі атрымала патэнт на вытворчасьць вынаходніцтва італьянскага лекара. Кампанія правяла выпрабаваньне на трохстах пацыентах. У сьценкі іхных страўнікаў побач з нэрвамі была прышчэпленая адмысловая мэханічная прылада, якая 12 разоў на хвіліну высылае электрашок. “Прылада запавальняе рэакцыю мускулаў і рух ежы ў страваводзе. У выніку вы даўжэйшы час не адчуваеце голаду”. Паводле “New Scientist”, мэтад электрашоку таксама можа дапамагчы ў барацьбе з празьмернай вагой. На жаль, шлях ад самых адкрыцьцяў да масавага іх прымяненьня даволі даўгі, і усім таўстуном пакуль застаюцца правераныя сродкі: моцная воля, дыета і рух.

А цяпер некалькі найноўшых парадаў Real Age.

Ці засмучае цябе думка пра тое, што ты старэеш? Больш станоўчы падыход да старасьці можа дапамагчы табе жыць даўжэй. З праводжаных на працягу 23 гадоў дасьледаваньняў вынікае, што спакойнае стаўленьне да працэсу старэньня можа падоўжыць твае дні. Напрыклад, калі людзі з поўным перакананьнем заяўляюць: “Я адчуваю сябе гэтак сама шчасьлівым, як і ў маладосьці”, дык такія людзі жывуць даўжэй за менш аптымістычных. Паводле Real Age, калі вы клапоціцеся пра сваё эмацыйнае здароўе і самаадчуваньне, ваш біялягічны ўзрост можа быць на 16 гадоў маладзейшым.

Калі вы гатуеце бутэрброд зь індыкам, або бургер з дадаткам соўсу, дадавайце па некалькі кольцаў цыбулі. Згодна з апошнімі дасьледаваньнямі гэтай гародніны, цыбуля можа дапамагчы прадухіліць розныя віды раку. Зь лябараторных тэстаў, праведзеных на жывёлах, вынікае, што такія субстанцыі, як квэрсэтын і паліфэналь, выяўленыя ў цыбулі, стрымліваць рост ракавых клетак падстраўнікавай залозы. Квэрсэтын быў выяўлены таксама ў скурцы яблыкаў. Паводле Real Age, калі вы 5 разоў у дзень будзеце спажываць розныя віды гародніны, вы будзеце сябе адчуваць на 4 гады маладзейшымі.

Для чалавечага арганізму надзвычай карысны цынк. Гэты мінэрал падтрымлівае розныя функцыі чалавечага арганізму, улучна з імуннай сыстэмай, а таксама дапамагае ў загойваньні ранаў. Тым ня менш, празьмерная колькасьць цынку можа перашкодзіць ўспрыманьню арганізмам іншых мінэралаў, а таксама можа пашкодзіць імунную сыстэму. Калі вы трымаеце разнастайную дыету, у якой ёсьць і мяса, і на сьняданак мюслі, не прымайце ўвогуле дадатковых таблетак з цынкам, або абмяжуйце дозы да 15 міліграмаў гэтага мінэралу. Празьмерная колькасьць вітамінаў і мікраэлемэнтаў ў арганізьме можа зрабіць ваш біялягічны ўзрост амаль на 2 гады старэйшым.

Пасьля разьмінкі перад гімнастыкай або спартовымі спаборніцтвамі не сядайце на лаўцы. Дасьледаваньні паказалі, што спартоўцы, якія пасьля рутыннай разьмінкі перад фізычным напружаньнем сядалі, адчувалі здранцьвеньне ніжняй часткі сьпіны. Гэта, у сваю чаргу, павялічвае рызыку кантузіі. Пасьля разагрэву найлепш працягваць звычайную фізычную актыўнасьць безь перадышкі ў позе, шкоднай для сьпіны. Паводле Real Age, наагул фізычная актыўнасьць, якая спрыяе сіле, выносьлівасьці і гнуткасьці цела можа паменшыць ваш біялягічны ўзрост на 8 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG