Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыцьцё “гена злачыннасьці” і трох “фактараў доўгажыхарства” або менш ясі – даўжэй пражывеш.


Сяргей Абламейка, Прага



Чаму некаторыя людзі бываюць вельмі агрэсіўныя ў сваіх паводзінах, а іншыя наадварот пераважна застаюцца заўжды лагодныя? Гэтае пытаньне некалі задаваў сабе кожны з нас. Яго ж доўгія дзесяцігодзьдзі абмяркоўвалі прыхільнікі генэтычнай і сацыяльнай тэорыяў перадвызначанасьці паводзінаў. Адны сьцьвярджалі, што схільнасьць да гвалту перадаецца ад бацькоў дзецям, іншыя даводзілі, што галоўную ролю адыгрывае сацыяльнае асяродзьдзе.

Адказ на гэтае пытаньне днямі далі навукоўцы Каралеўскага Коледжу ў Лёндане. У пачатку жніўня гэтаму адкрыцьцю ангельскіх генэтыкаў прысьвяцілі артыкулы большасьць заходніх выданьняў і інфармацыйных агенцтваў. Аказалася, што мелі рацыю абодва бакі шматгадовых дэбатаў – высьветлілася, што адказнасьць за чалавечую агрэсіўнасьць нясуць адзін з чалавечых генаў і абставіны, у якіх чалавек выхоўваўся ў дзяцінстве.

Дзеяньне “гена агрэсіўнасьці” навукоўцы вывучалі толькі на мужчынскай папуляцыі. Гэты ген зьмешчаны на Х-храмасоме, і таму яго цяжэй назіраць у жанчынаў. Мужчыны маюць адну Х-храмасому і адну Y-храмасому, а жанчыны дзьве Х-храмасомы. Таму навукоўцы лічаць, што калі ў жанчыны на адной з храмасомаў зьявіцца “ген агрэсіўнасьці”, яго дзеяньне можа быць нэўтралізаванае аналягічным генам на іншай храмасоме. Гэтым жа, на думку ангельскіх мэдыкаў, тлумачыцца і тое, што жанчыны наогул менш агрэсіўныя і схільныя да гвалту.

Знойдзены навукоўцамі ген кантралюе ў арганізме чалавека актыўнасьць энзіму, які называецца монаамінаксідаза або МАОА. Гэты энзім парушае дзейнасьць малекулаў, так званых нэўратрансмісэраў, якія перадаюць сыгналы паміж нэрвовымі клеткамі, і праз гэта ўплывае на настрой чалавека і яго пачуцьці. Навукоўцы высьветлілі, што мужчыны з генам, які абмяжоўвае выпрацоўку МАОА, схільныя да антысацыяльных паводзінаў і гвалту. Напрыклад, у Галяндыі жыве адна вядомая сям’я, якая мае той ген, і члены якой з пакаленьня ў пакаленьне трапляюць у турму за розныя злачынствы. І наадварот, у тых людзей, якія маюць ген, што падтрымлівае выпрацоўку МАОА, рэдка калі назіраюцца антысацыяльныя паводзіны.

Аднак, – сьцьвярджаюць навукоўцы з Каралеўскага Коледжу, – наяўнасьць у чалавека “гена агрэсіўнасьці” яшчэ не азначае, што ён абавязкова стане на дарогу крымінальніка. Лекары кажуць, што патрэбны яшчэ адзін вельмі важны фактар, каб “ген агрэсіўнасьці” запрацаваў. Гэта – выхаваньне і ўражаньні маленства, а менавіта, ці зазнаў канкрэтны чалавек у дзяцінстве фізычныя ці псыхалягічныя пакуты.

“Трэцяя частка ўсіх мужчынаў мае генэтычна абгрунтаваную паніжаную выпрацоўку энзіму МАОА. І калі прадстаўніка гэтай “групы рызыкі” ў дзяцінстве білі або зь яго зьдзекваліся псыхалягічна, дык ёсьць вялікая верагоднасьць таго, што ў яго праявяцца антысацыяльныя паводзіны, – заявіла прафэсарка Тэры Мофіт з Псыхіятрычнага Інстытуту Каралеўскага Коледжу, якая кіравала калектывам навукоўцаў, што адкрыў “ген злачыннасьці”.

Паводле інфармацыі часопісу Science, антысацыяльныя паводзіны праявіліся ў 58 адсоткаў хлопцаў з “групы рызыкі”, якія мелі за сабой цяжкія ўражаньні дзяцінства. Гэтыя вынікі былі атрыманыя ў экспэрымэнце, які на працягу 26 гадоў праводзілі брытанскія мэдыкі ў Новай Зэляндыі. Яны вывучалі паводзіны 442 хлопцаў, якія ў адным і тым жа горадзе Дунэдзіне і ў адным і тым жа 1972 годзе. Да 11 гадоў жыцьця 36 адсоткаў назіраных хлопцаў зазнала фізычныя пакараньні, сэксуальны гвалт або псыхалягічны зьдзек. Аднак тыя зь іх, хто меў яшчэ і паніжаную выпрацоўку МАОА, а значыць знаходзіўся ў “групе рызыкі”, склалі толькі 12 працэнтаў назіраных. І вось гэтыя 53 хлопцы маюць на сваім рахунку 44 працэнты гвалтоўных учынкаў, якія зьдзейсьнілі ўсе 442 назіраныя.

Атрыманыя брытанскімі мэдыкамі вынікі ставяць навукоўцаў перад наступным пытаньнем – ці можна стварыць лек, які здольны прадухіліць агрэсію і злачыннасьць? І ўжо зьявіліся галасы, які пратэстуюць супраць выпрацоўкі такога леку. Справа ў тым, – кажуць праціўнікі, – што ўмяшальніцтва ў жыцьцё канкрэтнага індывідуюма, якое ўплывае толькі на яго лёс, яшчэ прымальнае. Бо генная тэрапія ў выглядзе ўвядзеньня ў клеткі чалавека здаровага гена можа быць прыраўнаная да трансплянтацыі. Але вось спробы ўвесьці здаровы ген у зародкавыя або эмбрыянальныя клеткі прывядуць да зьмены генатыпу ня толькі канкрэтнага чалавеку, але і яго нашчадкаў, і ўведзены ген мог бы пашырацца некантралявана і стварыць новыя праблемы. У кожным выпадку, – кажа кіраўнічка калектыву брытанскіх генэтыкаў прафэсарка Тэры Мофіт, – найлепшы шлях пазбавіцца гвалту ў нашым дарослым жыцьці, гэта пазбавіць ад яго дзяцей.

***

Днямі амэрыканскія навукоўцы абвесьцілі, што яны адкрылі тры фактары доўгажыхарства. Сутнасьць адкрыцьця амэрыканскіх мэдыкаў можна сфармуляваць так – недахоп ежы можа працягнуць жыцьцё чалавека.

Гэтым сэнсацыйным вынікам папярэднічалі экспэрымэнты на жывёлах. Ужо некалькі дзесяцігодзьдзяў назад навукоўцы заўважылі, што пацукі, якіх трымалі на абмежавальнай дыеце, жылі на 40 адсоткаў даўжэй за тых, якіх кармілі без абмежаваньняў. У 1987 годзе навукоўцы паспрабавалі правесьці такі ж экспэрымэнт на малпах. Аказалася, што жывёлы, якія ніколі не наядаліся дасыта, жылі на 9 адсоткаў даўжэй. Мэдыкі, аднак, доўга не маглі зразумецть прычыну такога эфэкту. І вось зараз выявілася, што абмежавальная дыета дапамагае праявіцца тром так званым “фактарам доўгажыхарства”. Гэта паніжаная тэмпэратура цела, паніжаная выпрацоўка інсуліну і большая выпрацоўка арганізмам рэчыва, якое называецца DHEA (дзі-эйч-і-эй), – гэта андраген з анабалічным дзеяньнем.

Экспэрымэнт для пацьверджаньня атрыманых на жывёлах дадзеных быў праведзены ў Балтыморы. Было выбрана 700 добраахвотнікаў, якіх навукоўцы падзялілі на дзьве групы. Адну групу ўтварылі людзі з падвышанай тэмпэратурай цела, падвышаным узроўнем інсуліну і са зьменшанай колькасьцю андрагену DHEA (дзі-эйч-і-эй). Да другой групы, адпаведна, увайшлі людзі з ужо згаданымі трыма “фактармі доўгажыхарства”. Вынікі балтыморскага экспэрымэнту пацьвердзілі вынікі ранейшых экспэрымэнтаў на жывёлах – людзі з “фактарамі доўгажыхарства” жылі даўжэй і пры гэтым нават ня мусілі абмяжоўваць сябе ў ежы – яны штодзённа спажывалі 2300 калёрыяў.

Пры гэтым, як сказаў адзін з аўтараў новага дасьледаваньня, амэрыканскі навуковец Джордж Рот, вынік экспэрымэнту зусім не азначаюць, што нехта павінен пачаць галадаваць у спадзяваньні пражыць даўжэй. Доктар Рот таксама сказаў, што наяўнасьць у чалвека хаця б аднаго з трох “фактараў доўгажыхарства” можа дапамагчы яму пражыць на 2-3 гады даўжэй.

Іншы суаўтар дасьледаваньня Стывен Спіндлер паведаміў журналістам, што зараз існуе магчымасьць сынтэзаваць лек, які б дзейнічаў на арганізм чалавека гэтак жа, як і абмежавальная дыета, і дапамагаў у выпрацоўцы трох “фактараў доўгажыхарства” – паніжанай тэмпэратуры цела, паніжаным узроўнем інсуліну і падвышанай колькасьцю андрагену DHEA (дзі-эйч-і-эй). Пры гэтым навукоўцы дадаюць, што жыцьцё чалавека падаўжаюць ня толькі тры “фактары доўгажыхарства”, але і чыстае паветра, фізычная актыўнасьць, памяркоўнае харчаваньне, піцьцё чыстай вады, супакой і аптымізм.

***

А зараз некалькі традыцыйных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Мы ўжо ня раз зьвярталі ўвагу на карысьць для чалавечага арганізму клятчаткі, якая ўтрымліваецца ў хлебе з адруб’ем, аўсяных і жытніх кашах. Яна вельмі дапамагае страваваньню і ўтрыманьню кішэчніка ў добрым стане. Але вось зараз мэдыкі знайшлі, што клятчатка можа дапамагаць трымаць у норме таксама і ціск вашай крыві. RealAge нагадвае, што ўтрыманьне вашага крывянога ціску на лічбе 115 на 75 можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 12 год маладзей.

2. Калі вы хочаце мець прыгожы твар, вам трэба навучыцца кантраляваць узроўні стрэсу. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што стрэс можа быць прычынай пігмэнтных плямаў на твары. Гармоны стрэсу разам зь іншымі гармонамі актывуюць тлушчавыя залозы скуры, што і прыводзіць да зьяўленьня плямаў. RealAge сьведчыць, што актыўны клопат аб вашым здароўі і эмацыйным стане можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 16 год маладзей.

3. Калі вы хочаце добра разьмяцца, вам неабавязкова бегчы марафон. Дасьледаваньні паказваюць, што нават 10-15-хвілінны шпацыр можа дапамагчы чалавеку аднавіць пачуцьцё супакою і расслабленасьці. Прагульвайцеся падчас абеду або па дарозе дадому з працы. RealAge яшчэ раз сьведчыць, што актыўны клопат аб вашым здароўі і эмацыйным стане можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост аж на 16 год маладзей.

4. Адно нядаўняе дасьледавнаьне паказала, што аматары сухога віна значна лепш пераносяць холад. Навукоўцы ўважаюць, што за гэта адказныя так званыя флаванаіды, што ўтрымліваюцца ў скурцы вінагараду. Калі ж віно – ня ваш стыль, замяніце яго сьвежым вінаградам. RealAge сьведчыць, што памяркоўнае спажываньне алкаголю – 1 шклянка для жанчыны і дзьве для мужчыны ў дзень – можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 1,9 года маладзей.

5. Умацоўвайце трэніроўкамі мышцы сьпіны. Мэдыкі заўважылі, што жанчыны, якія мелі трэніраваныя мышцы сьпіны, значна больш устойлівыя да пераломаў пазваночніка пры аналягічных траўмах, чым нетрэніраваныя. RealAge сьведчыць, што трэніроўка мышцаў сьпіны можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 1 год маладзей.

Сяргей Абламейка, Прага



Анонс:

Чаму некаторыя людзі бываюць вельмі агрэсіўныя ў сваіх паводзінах, а іншыя наадварот пераважна застаюцца заўжды лагодныя? Гэтае пытаньне доўгія дзесяцігодзьдзі абмяркоўвалі прыхільнікі генэтычнай і сацыяльнай тэорыяў перадвызначанасьці паводзінаў. Адны сьцьвярджалі, што схільнасьць да гвалту перадаецца ад бацькоў дзецям, іншыя даводзілі, што галоўную ролю адыгрывае сацыяльнае асяродзьдзе. Аказалася, што мелі рацыю і першыя, і другія. Брытанскія навукоўцы адкрылі так званы “ген злачыннасьці”. Пра гэта, а таксма пра адкрыцьцё трох фактараў доўгажыхарства слухайце ў чарговым выпуску нашай мэдычнай перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”. Прагучаць у выпуску і новыя парады амэрыканскай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG