Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства. Вэгетарыянства: плюсы й мінусы


Віталь Тарас, Прага

Аднак, ці азначае гэта, што ўсе павінны быць вэгетарыянцамі? І што вэгетарыянцы, як правіла, жывуць даўжэй за аматараў мяса? Адказ на гэтае пытаньне - ў чарговым выпуску перадачы Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства.

На пачатку – пяць прычынаў, каб есьці мяса.

Па-першае, яно смачнае.

Па-другое, пад’еўшы мяса, вы адчуваеце асалоду.

Па-трэцяе, гэта нацыянальная традыцыя.

Чацьвертае: гэта падтрымлівае сельскую гаспадарку краіны.

І пятае – гэта рабілі вашыя бацькі.

Нешта падобнае я ўжо недзе чуў – скажа нехта са слухачоў. Рацыя: дакладна тыя самыя падставы прыводзяць і аматары паленьня!

Гэткім чынам пачынаецца артыкул у амэрыканскім часопісы Time. Ягоны аўтар Рычар Корліс адразу ўдакладняе, што сытуацыя зь мясам выглядае больш складанай. Калі паленьне ў публічных мейсцах у ЗША цалкам забароненае, дык большасьць амэрыканцаў ужываюць мясныя стравы штодня і паўсюль – дома на сьнеданьне, у кавярні, на вечарыне з барбэкю, на стадыёне і яшчэ ў мільёнах іншых выпадкаў. Мяса ядуць з гарчыцай, з адмысловым соўсам, салатай, сырам, цыбуляй.

Ялавічына сталася часткай паняцьця “амэрыканская ежа” і ў многіх выклікае асацыяцыю зь іншым сымболем старой амэрыканскай традыцыі – каўбоем “Мальбара”.

Аднак, у сучаснай Амэрыцы каўбояў засталося зусім мала. А многія амэрыканцы цалкам адмовіліся ад мясных вырабаў – і не толькі з-за хваробаў, зьвязананых з утрыманьнем гармонаў у мясе ці каровіным шаленствам. Усё больш і больш маладых амэрыканцаў становяцца вэгетарыянцамі зь юных гадоў, што выклікае шок у іхных бацькоў.

Сярод старэйшага пакаленьня яшчэ нядаўна быў распаўсюджаны жарт: “Вэгетарыянцы не жывуць даўжэй за іншых – яны проста выглядаюць старэйшымі”. А сёньня каля 10 мільёнаў амэрыканцаў лічаць сябе вэгетарынцамі, а яшчэ 20 мільёнаў хаця б аднойчы спрабавалі імі стаць.

Паводле Амэрыканскай дыеталягічнай асацыяцыі, “правільна збалянсаваная вэгетарыянская дыета ёсьць карыснай для здароўя, утрымлівае ўсе неабходныя спажыўныя элемэнты і дапамагае арганізму захаваць устойлівасьць перад рознымі захворваньнямі”.

Праўда, вэгетарыянская тэорыя можа мець і кепскія наступствы на практыцы. Сёлета ў траўні ў Нью-Ёрку муж і жонка з раёну Куінс былі абвінавачаныя ў забойстве першай ступені ў сувязі са сьмерцю немаўляці. Бацькі трымалі дзяўчынку на дыеце з сокаў, земляных арэхаў, гарбаты, бабоў, насеньня льну і рыбінага тлушчу. У выніку, ва ўзросьце 16 месяцаў дзяўчынка важыла ўдвая меней, чымся яе пагодкі ды памерла ад зьнясіленьня. Адвакаты даводзілі, што іх падабаронныя проста вялі вэгетарыянскі лад жыцьця і прыахвочвалі да яго дзіця. Зараз яны чакаюць прысуду ў зьняволеньні.

Гэта, безумоўна, скрайнасьць. Тым ня менш, задаецца пытаньнем часопіс Time, ці азначае карыснасьць для здароўя вэгетарыянскай дыеты, што ўсе павінны быць вэгетарыянцамі – і дзеці, і старэйшыя людзі, і спартоўцы? І ці спрыяе вэгетарыянства больш працягламу й здароваму жыцьцю?

Часопіс сабраў зьвесткі з розных крыніцаў на гэтую тэму, а таксама правёў уласнае апытаньне.

Прынамсі для 25 адсоткаў амэрыканскіх падлеткаў быць “вегетарыянцам” азначае быць “крутым”. Такога ж меркаваньня трымаюцца і многія студэнты. Як гаворыць псыхоляг з Пэнсыльванскага Ўнівэрсытэту Пол Розын, “цяперашнія амэрыканскія дзеці ёсьць першым пакаленьнем, культура якога сфармавалася ва ўмовах, калі вэгетарыянства сталася агульнапрынятым, калі яно публічна рэклямуецца з гледзічшча здароўя і экалёгіі”.

Самыя лепшыя рэстараны ў ЗША дадаюць у свае меню ўсё больш немясных страваў. Рэстараны, якія прапануюць “living foods” (расьлінную, альбо “сырую” ежу), становяцца ўсё больш папулярнымі. Да іх належыць, напрыклад, рэстаран Раксаны Кляйн з Каліфорніі, у якім ня толькі звычайна не падаюць мяса ці рыбу, але ўсе стравы гатуюцца пры тэмпературы ня вышэй за 50 градусаў Цэльсія.

Прыхільнікі найбольш строгага вэгетарыянства называюца вэганамі. Вэганы адмаўляюцца ўжываць у ежу ці выкарыстоўваць усё, што мае сувязь з жывёльнага сьвету – напрыклад, насіць скураныя боты. Яны адмаўляюцца нават ад мёду, паколькі гэты прадукт, іхным меркаваньнем, атрыманы шляхам эксплюатацыі пчолаў.

Вядома, што садавіна й гародніна, вінаград, арэхі карысныя для здароўя. Шэраг дасьледваньняў паказаў, што ўжываньне большай колькасьці пладоў і ягадаў зьмяншае рызыку сардэчна-ссудзінавых захворваньняў, дыябэту, атлусьценьня, многіх відаў раку і служыць важным фактарам падаўжэньня працягласьці жыцьця.

Дасьледчыкі амэрыканскай арганізацыі Міжнародны кангрэс Вэгетарыянскага харчаваньня выявілі шэраг новых фаткаў. Напрыклад, вегетарыянская дыета можа мець станоўчы эфэкт для функцыяў нырак і нэрвовай сыстэмы пры дыябэце. Ужываючы больш садавіны, можна паступова выправіць парушэньні цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, зьвязаныя з узростам (прынамсі, у пацукоў). Вэгетарыянцы старэйшага ўзросту маюць менш шанцаў памерці і ўжываюць менш лекаў, чым людзі аднаго зь імі ўзросту, якія ядуць мяса. І г.д.

Аднак, ёсьць сьведчаньне таго, што нізкапратэінавая дыета (вэгетарыянства выключае ўжываньне жывёльных бялкоў) зьніжае ўтрыманьне кальцыю ў арганізме і можа нэгатыўна ўплываць на стан касьцей. Дасьледваньні праведзеныя сярод Адвэнтыстаў сёмага дня (сябры гэтай групы вернікаў ёсьць зацятымі вэгетарыянцамі) паказалі, што сярэдняя працягласьць іх жыцьця вышэй звычайнай. Аднак, сярод адвэнтыстаў таксама вышэйшы працэнт захворваньня ракам прастаты. Але адвэнтысты таксама не паляць і не ўжываюць алькаголю – так што зьвязваць усе гэтыя наступствы толькі з вэгетарыянствам нельга.

У 98-м годзе вядомы дзіцячы лекар Бэнджамін Спок, які стаў вэгетарыянцам ужо ў сталым веку, выклікаў замяшаньне ў краіне сваёй рэкамэндацыяй, каб дзеці, старэйшыя за два гады, падобна вэганам, не ўжывалі нават малака і яек. Аднак, поўная адмова ад мяса, яек і малочных прадуктаў, якую практыкуюць вэганы, можа выклікаць недахоп у арганізме жалеза, кальцыю і вітаміну В-12. А недахоп кальцыю, як ужо адзначалася, у сваю чаргу можа весьці да разьмякчэньня касьцей шкілету і такога захворваньня як астэапароз.

Некаторыя адмыслоўцы засьцерагаюць ад вегетарыянскай дыеты для дзяцей, альбо жанчынаў, якія кормяць дзяцей сваім малаком, а такскама спартоўцаў. Усім гэтым катэгорыям неабходнае харчаваньне, якое лёгка засвойваецца, высокакалярыйнае, багатае энэргіяй. Гэта дазваляе, напрыклад, спартоўцам хутка нарошчваць масу мышцаў. Дарэчы, няшмат вядомых спартоўцаў належаць да ліку вэгетарыянцаў. З другога боку, мала хто са спартовых чэмпіёнаў дажыў да глыбокай старасьці.

Вытворцы мясных прадуктаў добра ведаюць, што вэгетарыянская дыета карысная для здароўя. Таму яны ўвесь час імкнукцца палепшыць якасьць сваіх прадуктаў. У параўнаньні з 20-мі гадамі 20-га стагодзьдзя сьвініна ў ЗША ўтрымлівае на траціну менш тлушчу, на 14 працэнтаў менш калёрыяў і на 10 працэнтаў менш галестэрыну.

Аднак, прыхільнікі вэгетарынства лічаць апасеньні наконт недахопу вітаміну Б-12 неістотнымі ў параўнаньні з тым, што тысячы людзей паміраюць пераважна з-за ўжываньня вялікай колькасьці мясных і малочных прадуктаў. Паводле амэрыканскага эколяга Дэвіда Піментэла, сярэдні спажывец у ЗША ўжывае 112 грамаў пратэінаў штодня – удвая болей, чым рэкамэндуе Нацыянальная акадэмія навук. А гэта вядзе да падвышэньня рызыкі сардэчных захворваньняў, нэрвовых стрэсаў і г.д.

Мы наўмысна пакідаем па-за рамкамі перадачы яшчэ адзін аспект вэгетарынства: маральна-філязофскі. Вядома, што вэгетарыянства не зьвязанае з забойствам жывёлаў. Праўда, існуе жарт на гэтую тэму: “я вэгетарыянец не таму, што люблю жывёлаў, а таму, што цярпець не магу расьліны”.

Для большасьці людзей, як піша часопіс Time, мяса азначае добры смак. Астатнія аргумэнты на карысьць мяса – таксама, як і паленьня, вы ўжо чулі на пачатку перадачы.

А зараз навіны ўсясьветнай медыцыны ад амэрыканскай арганізацыі Real Age

Людзі, якія маюць алергію, схільныя таксама да прыступаў страху. Паводле дасьледваньняў, праведзеных у ЗША, асобы, якія хварэлі алергічнай ліхаманкай, удвая часьцей за іншых мелі прыступы страху. На думку дасьледчыка Калюмбійскага Ўніверсытэту Рэнэ Гудвіна, магчыма, гэтыя ўласьцівасьці генэтычна зьвязаныя паміж сабой і могуць перадавацца ў спадчыну. Аднак,іншыя дасьледваньні пакуль не пацьвярджаюць гэтую выснову.

Нямецкія навукоўцы стварылі малекулу бялку, якая можа падаўляць імунітэт ракавых клетак пры супрацьракавай тэрапіі. Дзеяньне некаторых лекаў супраць раку палягае на тым, што яны вымушаюць хворыя клеткі да самазьнішчэньня. Аднак, зь цягам часу ракавыя клеткі набываюць імунітэт супраць гэтых лекаў. Доктар Кляўс-Міхаэль Дэбатын са шпіталю ў Ульме разам з калегамі правялі сэрыю экспэрымэнтаў, уводзячы ў ракавыя клеткі мадыфікаваную малекулу бялку пад назвай Smak. У выніку клеткі з рознага кшталту пухлінаў сталі больш успрымальнымі да прэпаратаў, якія выклікаюць іхнае самазьнішчэньне.

Апошнія дасьледваньні амэрыканскіх медыкаў могуць дапамагчы высьветліць, чаму хранічны стрэс паніжае ў людзей імунітэт, і яны больш рызыкуюць захварэць атэрасклерозам. Выявілася, у прыватнасьці, што часовае падвышэньне ціску крыві ў стрэсавых сытуацыях вядзе да арытміі (у дадзеным выпадку, брадыкардыі – запавольваньня рытму сэрца) і здранцвеньня крывяных ссудзінаў.

А зараз яшчэ дзьве парады Rial Age:

Паліпы – невялічкія новаўтварэньні ў тоўстай кішцы, маюць тэндэнцыю зь цягам часу ператварацца ў злаякасныя пухліны. Калі ў вас ёсьць паліпы ў кішэчніку, але вы штодня ўжываеце прадукты з высокім утрыманьнем фоліевай кіслаты, гэта зьніжае вашыя шанцы захварэць на рак у параўнаньні зь іншымі.

Ужываньне чарніцаў можа засьцерагчы вас ад магчымасьці запаленьня вачэй альбо аксыдатыўнага стрэсу. Гэтае захворваньне ворганаў зроку вядзе да так званай “курынай сьлепаты” ці нават разбурэньня сятчаткі вока. Наогул, ужываньне ягадаў чатыры разы на дзень падаўжае вашае жыцьцё прынамсі на чатыры гады – сьцвярджае РЭ. Так што ясьцё чарніцы, пакуль ягадны сэзон ня скончыўся.
XS
SM
MD
LG