Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы лек супраць астмы і 10 прыказаньняў здаровага харчаваньня


Сяргей Абламейка, Прага

Сёньня ва ўсім сьвеце 150 мільёнаў чалавек хварэюць на астму. Астма, або – як яшчэ кажуць у Беларусі – дыхавіца, належыць да адной з самых распаўсюджаных хваробаў, і колькасьць хворых на яе ўвесь час расьце. Больш за ўсё ў сьвеце астматыкаў жыве ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Там іх колькасьць падвойваецца кожныя 15 гадоў, і чакаецца, што ў 2020 годзе яна дасягне 29 мільёнаў. У Беларусі сытуацыя з астмай не нагэтулькі драматычная. Усяго ў краіне зарэгістравана каля 60 тысяч хворых. А вось рост колькасьці хворых у апошнія гады даволі вялікі – 7% у год.

Дакладная прычына ўзьнікненьня астмы ўсё яшчэ не вядомая. У мінулым высоўваліся розныя тэорыі паходжаньня гэтай хваробы – ўзьдзеяньне дызэльнага паліва, алергія, няправільная дыета, курэньне, вірусныя заразныя хваробы, халоднае паветра і фізычныя перагрузкі. Сёньня большасьць навукоўцаў схіляецца да думкі, што за ўзьнікненьне астмы адказная пераважна камбінацыя генэтычных фактараў і фактараў навакольнага асяродзьдзя. Ёсьць людзі з генэтычнай схільнасьцю да астмы, іншыя яшчэ з раньняга узросту набываюць схільнасьць да алергіі з-за забруджанага паветра, вільготнага клімату, кепскай вэнтыляцыі, хатніх жывёлаў і побытавых хімікаліяй, што пазьней прыводзіць да ўзьнікненьня астмы. Нават так званае пасыўнае курэньне можа выклікаць астму ў дзяцей.

Больш за ўсё навукоўцы прасунуліся ў вывучэньні алергічнай астмы, якая сярод усіх выпадкаў астмы складае каля 60%. І вось гэтай вясной было абвешчана, што амэрыканскім навукоўцам удалося сынтэзаваць новы лек, які называецца Халаір, і які прадстаўляе другі кляс антыастматычных прэпаратаў, вынайдзеных за апошнія 25 год. Халаір сынтэзаваны пры дапамозе так званых біятэхналёгіяў. Адзін са стваральнікаў новага леку, прадстаўнік Алергічнай клінікі ў Лос-Анджэлесе доктар Джанатан Корэн паведаміў, што сярод 1500 хворых на астму ўдзельнікаў экспэрымэнту, якія бралі Халаір, рэзка скарацілася колькасьць прыступаў.

Мэханізм дзеяньня Халаіру наступны. Ён трапляе ў крывяносную сыстэму, як губка ўпітвае ў сябе тыя самыя алергічныя антыцелы – так званыя IgE – і нэўтралізуе іх. Гэты мэханізм аказаўся вельмі дзейсным. Адзінае, што Халаір спрацоўвае не імгненна, і таму хворыя, якія ім лечацца, для прадухіленьня прыступаў павінны выкарыстоўваць ранейшыя лекі. Пасьля ж курсу лячэньня вынікі вельмі добрыя. Прычым, як паведаміла прадстаўніца Інстытуту астмы і алергіі ў Вашынгтоне доктарка Марта Віт, аказалася, што Халаір вельмі добра дзейнічае ня толькі супраць алергічных тыпаў астмы, але і супраць астатніх. Якраз гэтае адкрыцьцё паказвае, што алергія адыгрывае ключавую ролю ва ўзьнікненьні ўсіх тыпаў гэтай хваробы.

Разам з тым, доктарка Марта Віт заявіла, што цалкам вылечыць астму сёньняшнія мэдыкі пакуль ня могуць, гэта зробяць наступныя пакаленьні.

Такім чынам, хворыя на астму людзі ва ўсім сьвеце атрымалі вельмі якасны лек, які рэзка скарачае колькасьць прыступаў хваробы. Пытаньне ў тым, як хутка ён будзе ўхвалены амэрыканскай дзяржаўнай Камісіяй у справе мэдыкамэнтаў і прадуктаў харчаваньня, як хутка ён трапіць у Эўропу і Беларусь і ці будзе ён па кішэні хворым беларускім грамадзянам.

***

Сёньня ва ўсім усё больш папулярным робіцца здаровы лад жыцьця – людзі займаюцца спортам, сочаць за станам свайго здароўя, правільна харчуюцца. І вось аб гэтым апошнім – правільным харчаваньні – вырашылі яшчэ раз нагадаць сваім слухачам і мы. Для жыхароў Беларусі гэта асабліва актуальна – мэдыкі ўжо не адзін год зьвяртаюць увагу на перавагу ў мэню беларусаў тлушчаў і вугляводаў на шкоду бялкам і расьліннай клятчатцы і кажуць пра згубныя наступствы такой сытуацыі. І сапраўды, ежа – гэта ў пэўнай ступені чароўны сродак, ён можа пашкодзіць нашаму арганізму, а можа быць і крыніцай добрага здароўя. Таму людзям асабліва важна ведаць прынцыпы здаровага харчаваньня. Пры добрай абазнанасьці і мінімальным жаданьні нават у сьціплых умовах, пры якіх жыве вялікая частка насельніцтва Беларусі, можна зрабіць значныя зьмены ў сваім рацыёне.

Што такое – здаровае харчаваньне? Гэта такое харчаваньне, якое трымае ў норме нашую вагу і падтрымлівае добрае здароўе. Набліжаецца лета, і калі нехта са слухачоў набраў за зіму лішнюю вагу, зараз самы час пазбавіцца ад яе. Не забудзьмася, што празьмерная вага выклікае:

- хуткае старэньне суставаў і дэградацыю храшчоў пазваночніку; мы рызыкуем апынуцца на інвалідскай калясцы;
- у людзей з празьмернай вагой вельмі часта зьяўляецца дыябэт і падвышаны крывяны ціск;
- хутка разьвіваецца атэрасклероз, які прыводзіць да амярцьвеньня мазгавой тканкі і ўзрастаньня рызыкі інсультаў і інфарктаў;
- непрывабны зьнешні выгляд тоўстых дзяцей выклікае праблемы ў школе, у дарослых – празьмернае паценьне, праблемы з сэксуальным жыцьцём.

Сёньня мэдыкі распрацавалі так званыя 10 прыказаньняў здаровага харчаваньня, якія шырока распаўсюджаныя найперш у разьвітых краінах сьвету. Вось яны:

1. Аддавайце перавагу разнастайнай ежы.
2. Абмяжуйце ў сваім мэню жывёльныя тлушчы, спажывайце болей алеяў.
3. Спажывайце малако і малочныя вырабы з паніжаным утрыманьнем тлушчу.
4. Старайцеся менш есьці мяса, а болей рыбы.
5. Менш саліце ежу.
6. Ня менш за 4-5 разоў на дзень ешце садавіну і гародніну.
7. Абмяжуйце спажываньне цукру, аддавайце перавагу цэльназернявым хлебным вырабам і печаву.
8. Абмяжуйце колькасьць спажываных яек і вантробаў.
9. Ужывайце дастатковую колькасьць неалькагольных вадкасьцяў.
10. Старайцеся ўтрымаць аптымальную вагу цела. Сёньня агульнапрынятай формулай разьліку аптымальнай вагі лічыцца наступная. Вашая вага ў кіляграмах дзеліцца на ўзьведзеную ў квадрат вашую вышыню ў мэтрах. Калі атрымліваецца менш чым 19, значыць вам не хапае вагі, калі ад 20 да 25 – вага нармальная, ад 26 да 30 – маеце празьмерную вагу, ад 31 і больш – у вас атлусьценьне.

Гэтыя 10 прыказаньняў здаровага харчаваньня для зручнасьці прапаганды і распаўсюджваньня як прынцып закладаюць у малюнак, на якім выяўленая чатырохузроўневая піраміда. Першы ўзровень – розныя хлебныя вырабы і гарніры, гэта значыць дадаткі, якія мы дадаем да асноўных страваў. Там намаляваныя хлеб і булкі з цэльназерневай мукі, бульба, макароны, рыс, фасоля і соя. Лекары раяць выбіраць сярод іх цэльназерневвы хлеб і печава, багатыя на вітамін В і клятчатку. Намаляваных у першым узроўні харчоў людзі за дзень спажываюць найбольш. Другі ўзровень піраміды – садавіна і гародніна. Яны павінны займаць у нашым дзённым рацыёне другое месца. Садавіна і гародніна багатыя на вітаміны і мінэралы, гэта значыць на ахоўныя рэчывы. Трэці ўзровень – нізкатлушчавыя малако і малочныя вырабы, а таксама мяса, прычым мяса рыбы і птушкі. Гэтым лекары раяць аддаваць перавагу беламу мясу перад чырвоным. І апошні – самы маленькі паверх піраміды – прадукты, якіх мы павінны спажываць найменш, а лепш – і ўвогуле іх пазьбягаць. Гэта слодычы, якія яшчэ называюць пустыя калёрыі, соль і вэнджаніна.

Ну і трэба не забывацца, што адзін яблык – гэта таксама нармальная порцыя для аднаго прыёму ежы.

***

А зараз некалькі традыцыйных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Дыня можа быць уратавальнікам вышай скуры. Дасьледаваньні паказваюць, што каратыны, якія ўтрымліваюцца ў дыні, могуць назапашвацца ў скуры і абараняць яе ад разбуральных промняў сонца. Дыня – выдатная крыніца каратынаў, асабліва бэта-каратына. RealAge сьведчыць, што калі вы будзеце трымацца разнастайнай дыеты і прынамсі чатыры разы на дзень есьці садавіну, ваш рэальны біялягічны ўзрост можа стаць на 4 гады маладзейшым.

2. Дадаваньне кальцыю да вашай дыеты можа падвысіць узровень так званага добрага халестэролу ў вашай крыві. Нядаўняе дасьледаваньне, калі пажылыя жанчыны ў працягу году бралі па 1000 міліграмаў кальцыю ў дзень, паказала, што ў іх рэзка падвысіўся ўзровень добрага халестэролу, які абараняе ад хваробаў сэрца праз ачышчэньня судзінаў ад дрэнных тлушчаў. RealAge сьведчыць, што скарачэньне вашага дрэннага халестэролу на 160 адзінак і ніжэй, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на год маладзейшым.

3. Калі вы шукаеце падарунак, які дапаможа вашай маці ці жонцы расслабіцца, падаруйце ёй букет лаванды. Дасьледаваньні паказваюць, што пах лаванды можа павялічваць пачуцьцё расслабленасьці і зьмяншаць разумовае напружаньне. Вы можаце знаходзіць пах лаванды ў адмысловых эсэнцыях, ласьёнах, пакетах сушаных зёлак або часьцей заходзіць да гандляроў кветкамі. Можна нават папырскаць аэразольлю на сваё адзеньне. RealAge сьведчыць, што клопат аб сваім эмацыйным стане можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост аж на 16 год маладзейшым.

4. Калі вы хочаце зьменшыць рызыку захворваньня на хваробу Паркінсона, піце чай. Такі ж самы эфэкт мае і кава. Але чай утрымлівае ў сабе багата флаваноідаў, якіх недастаткова ў каве. Пры гэтым у чаі менш кафэіну. Так што два кубкі чаю ў дзень рэзка зьмешаць пагрозу хваробы Паркінсона. RealAge сьведчыць, што атрыманьне з харчаваньнем дастатковай колькасьці антыаксыдантаў можа зрабціь ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 год маладзейшым.

5. Калі вы будзеце тройчы ў тыдзень рабіць 30-хвілінную прагулку – ваш крывяны ціск аддзячыць вам за гэта нармальнымі лічбамі. Вывучэньне ўдзельнікаў экспэрымэнту паказала, што тыя зь іх, хто тры разы на тыдзень гуляў па 30-40 хвілін, радзей мелі скачкі ціску. RealAge сьведчыць, што выкананьне прынамсі на працягу 60 хвілін у тыдзень лёгкіх фізычных практыкаваньняў можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6,4 году маладзейшым.
XS
SM
MD
LG