Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці могуць мабільныя тэлефоны выклікаць рак мозгу?


Кастусь Бандарук, Прага

Спачатку бяздротавыя тэлефоны былі дарагой цацкай толькі для заможных людзей. На амэрыканскім рынку першыя мабільныя тэлефоны зьявіліся ў 1984 годзе, а ў 1993 годзе іх ужо было зарэгістравана 15 мільёнаў, а цяпер іхная колькасьць пераваліла за 100 мільёнаў. Найбольш у сьвеце, амаль адзін тэлефон на кожнага жыхара, прыпадае ў Фінляндыі, дзе вырабляюць славутую “Нокію”. У некаторых посткамуністычных краінах мабільнікаў ужо амаль гэтулькі, што і звычайных, стацыянарных тэлефонаў.

Верагоднасьць шкоднага ўплыву мабільнікаў на арганізм пачала разглядацца пасьля таго, як у 1992 годзе ў амэрыканскі суд паступіў пазоў ад Дэйвіда Рэйнарда. Ён цьвердзіў, што прычынай раку мозгу і сьмерці ягонай жонкі быў мабільны тэлефон. Пасьля гэтага на тэлефонныя кампаніі паступалі іншыя пазовы, аднак суды не задаволілі ніводнага – бо не было неаспрэчных доказаў. Тым ня менш, шэраг супярэчлівых гіпотэзаў прымусіў навукоўцаў заняцца грунтоўным вывучэньнем уплыву мабільнікаў на арганізм чалавека.

Трэба адзначыць, што вынікі першых дасьледаваньняў даволі супярэчлівыя. Згодна зь некаторымі навукоўцамі, частае карыстаньне мабільнымі тэлефонамі павялічвае рызыку хваробаў мозгу.

“Прычына ў паталягічным паскарэньні рэакцыі мозгу, вынікі якога могуць быць вельмі адмоўныя”, – чытаем ў мэдычным разьдзеле амэрыканскай газэты “Washington Post”. Спасылаючыся на найноўшыя дасьледаваньні брытанскіх навукоўцаў, газэта зьвяртае ўвагу на тое, што выпраменьваньне мабільных тэлефонаў можа выклікаць рак мозгу. Шкоднасьць, паводле цытаваных дасьледчыкаў, палягае ў тым, што зьмяняюцца нармальныя хімічныя працэсы арганізму.

Вынікі незалежных дасьледаваньняў шасьці навуковых цэнтраў паказалі, што радыёчастоты, якія ўзьдзейнічаюць на мозг у часе тэлефоннай размовы, пэўна паскараюць хімічныя і фізіялягічныя рэакцыі ў арганізме. Радыёхвалі моцна павялічваюць вытворчасьць “пратэінаў стрэсу”. У нармальных умовах “пратэіны стрэсу” вытвараюцца тады, калі ўзрастае тэмпэратура цела. Аднак спэцыялісты заўважылі, што нават пры нармальнай тэмпэратуры цела падобную рэакцыю могуць выклікаць радыёхвалі мабільных тэлефонаў.

Вынікі іншых дасьледаваньняў магчымага ўплыву мабільных тэлефонаў на здароў’е апублікавалі ў “Journal of The National Institute” Джон Бойс зь Міжнароднага эпідэміялягічнага Інстытуту ў Рокўіл у штаце Мэрылэнд і Крыстафэр Ёгансэн з Дацкага Навуковага Таварыства Ракавых Хваробаў. Яны ня выявілі падвышанай рызыкі захворваньняў на рак мозгу, хваробаў сьлінавай залозы і ці нэрвовай сыстэмы ў тых, хто карыстаецца мабільнымі тэлефонамі. “Аднак мы толькі дакрануліся да гэтага пытаньня. Нельга выключыць, што працяглае ўжываньне мабільнікаў можа выклікаць шум у галаве, мігрэні, галаўны боль ды іншыя сымптомы”. Яны ня выключылі, што ёсьць сувязь паміж карыстаньнем мабільнікамі й хваробай Паркінсана, амнэзіі пры хваробе Альцгэймэра і некаторымі хваробамі скуры.

Аўстралійскі Цэнтар Імуналягічных Дасьледаваньняў апісаў мэханізм рызыкі, якая зьвязаная з падвышэньнем тэмпэратуры арганізму. Падвышаная тэмпэратура паскарае вытворчасьць у клетках гэтак званых “бялкоў тэрмічнага шоку”. Арганізм вытварае іх увесь час, а іхнае заданьне палягае ў “выпраўленьні” пашкоджаных бялкоў. Аднак празьмерная колькасьць “шокавых бялкоў” узмацняе падатлівасьць клетак на ракавыя зьмены. Брытанскія навукоўцы высунулі тэзу, што для паскарэньня вытворчасьці шокавых бялкоў не патрэбнае падвышэньне тэмпэратуры: хопіць наяўнасьці электрамагнітнага поля.

Экспэрты са Швэцыі й Швайцарыі ўпэўненыя, што выпраменьваньне з мабільных тэлефонаў разладжвае сон. Паводле навукоўцаў, асобы, якія рэгулярна карыстаюцца мабільнымі тэлефонамі цягам 10 гадоў, на 26% часьцей больш схільныя да раку мозгу, чым тыя, хто зусім імі не карыстаецца. Такім чынам, яны лічаць, што сувязь паміж ракам і мабільнымі тэлефонамі не падлягае сумневу. Застаецца толькі пытаньне: якая ступень небясьпекі? Навукоўцы кажуць, што патрэбныя далейшыя дасьледаваньні.

Мікрахвалі, імітаваныя мабільнымі тэлефонамі, падвышаюць плоднасьць у чарвякоў, паведамляе навуковы журнал “New Scientist”. Дагэтуль было толькі вядома, што мікрахвалі з мабільнага тэлефону могуць падаграваць мазгавыя клеткі. Аднак дасьледуючы некаторыя віды чарвякоў, брытанскія навукоўцы на чале з Дэйвідам дэ Помэрам з Унівэрсытэту Нотынгэм упершыню выявілі, што мікрахвалі выклікаюць у іх памкненьне да пладненьня. Колькасьць рабакоў, якія складвалі яйкі, імкліва расла. Гэта ніяк не магло быць выклікана падагрэвам, таму што падвышаная тэмпэратура ў гэтых чарвякоў зьмяншае плоднасьць.

Поўнасьцю загадка яшчэ не разьвязаная, але відавочна, што мабільныя тэлефоны ўплываюць на жывыя арганізмы.


* * *
Уплыў мабільнікаў на здароў’е яшчэ не зусім вядомы, аднак ужо навукова абгрунтаваныя плюсы і мінусы мабільнікаў у іншых, жыцьцёвых сытуацыях. Многім пацярпелым у катастрофах і аварыях (напрыклад, засыпаным лавінамі) яны выратавалі жыцьцё. Яшчэ часьцей здараюцца аўтамабільныя аварыі. Паводле дасьледчыкаў з Унівэрсытэту ў Таронта, 39% кіроўцаў, якія трапілі ў дарожныя аварыі ў малазаселеных месцах, здолелі па мабільніках выклікаць паліцыю, хуткую дапамогу і паінфармаваць сям’ю.

11 верасьня летась адзін з пасажыраў самалёту здолеў дазваніцца з самалёту дадому, што значна разладзіла пляны тэрарыстаў і не дазволіла ім нацэліць самалёт на вызначаны аб’ект. Паводле дасьледаваньняў, дзякуючы мабільнікам у 30 мільёнаў амэрыканцаў палепшыліся вынікі працы й выйграла асабістае жыцьцё.

Гэта несумненныя плюсы, але ёсьць і мінусы. Згодна найноўшым дасьледаваньням, якія правялі на трэнажорах, рэакцыя кіроўцы, які размаўляе па тэлефоне, – запозьненая і неадэкватная. Бяда ня ў тым, што падчас язды мы ня можам засяродзіцца на размове, але ў тым, што ня сочым за сытуацыяй на дарозе, піша “New England Journal of Medicine”.

Паводле амэрыканскай Управы Бясьпекі Дарожнага Руху, 3% усіх амэрыканскіх кіроўцаў у часе язды размаўляюць па тэлефоне. Прыкладна 30% усіх дарожных аварыяў выкліканыя тым, што кіроўцы былі ня надта ўважлівыя падчас язды. Паліцыя кажа, што ад 6% да 12% аварыяў былі вынікам тэлефонных размоваў на дарозе. Паводле дасьледчыкаў з Таронцкага Ўнівэрсытэту, рызыка дарожных аварыяў у часе тэлефоннай размовы ўзрастае ў чатыры разы. З гэтай прычыны ў шэрагу краінаў тэлефонная размова падчас кіраваньня аўтамабілем строга забароненая, а парушальнікі плацяць высокі штраф.

Пакуль у шэрагу краінаў дасьледчыкі вывучаюць уплыў мабільных тэлефонаў на арганізм, навукоўцы настойліва рэкамэндуюць не даваць карыстацца ім дзецям, а некаторыя вядомыя людзі ўжо адмовіліся ад мабільных тэлефонаў і забаранілі рабіць гэта сваім блізкім. Хаця й няма неаспрэчных доказаў шкоднасьці мабільных тэлефонаў, на ўсялякі выпадак навукоўцы раяць:

- не карыстацца мабільнымі тэлефонамі бяз важнай прычыны,
- каб прадухіліць небясьпеку непасрэднага ўплыву выпраменьваньня на галаву, пажадана ўжываць слухаўкі або гукавыя сыстэмы,
- варта пазьбягаць размоваў пры слабым сыгнале антэны, які найбольш шкодны.

У кожным разе, навукоўцы раяць абмежаваць карыстаньне мабільнымі тэлефонамі. Такое рашэньне найлягчэй прыняць, атрымаўшы вялізны рахунак ад тэлефоннай кампаніі.


* * *
А зараз некалькі найноўшых парадаў “RealAge”.

Калі хочаце палепшыць стан свайго здароў’я, уключыце ў сваю рэгулярную дыету аліўкавы алей. У тых, хто як найменш тыдзень спажываў гэты алей, выразна паменшыўся ўзровень халестэрыну ў крыві. Пасьля сямі дзён малекулы “дрэннага” халестэрыну ў артэрыях і венах стабілізаваліся на бясьпечным узроўні, што зьмяншае верагоднасьць атэрасклерозу. Калі заміж высокалярыйнага тлушчу вы будзеце спажываць расьлінны – у прыватнасьці, аліўкавы алей, ваш біялягічны ўзрост будзе на 6 гадоў малодшы.

Вельмі карысныя для прафіляктыкі раку бразыльскія арэшкі. У адрозьненьне ад іншых арэшкаў, бразыльскія зьяўляюцца выключным антыаксыдантным прадуктам. Ешце на сьняданак сярэднюю порцыю гэтых арэшкаў – гэта дасьць арганізму 800 міліграмаў надзвычай карыснага мінэралу – сэлену. Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, сэлен выдатна прадухіляе захворваньне ракам грудзей і прастаты.

Больш увагі трэба зьвяртаць нават на здароўе ног, бо нават лёгкія недамаганьні прывесьці да сур’ёзных ускладненьняў. Нават пазногаць або балючы мазоль могуць выклікаць боль сьпіны і сьцёгнаў. Асабліва трэба глядзець сябе старэйшым людзям – калі ў іх хворыя ногі, яны часьцей падаюць і калечацца. “RealAge” раіць больш дбаць пра ногі, насіць выгодны абутак і з кожнай праблемай зьвяртацца да спэцыяліста. Калі стала сачыць за свавім здароўем, вы будзеце адчуваць сябе на 12 гадоў маладзейшымі.

XS
SM
MD
LG