Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клімакс у жанчын і мужчынаў


Сяргей Абламейка, Прага

У сьвеце ўжо ніхто не сумняецца ў карыснасьці так званай замяшчальнай гарманальнай тэрапіі для жанчын падчас мэнапаўзы. Аднак апошнія дасьледаваньні амэрыканскіх навукоўцаў сьведчаць, што замяшчальная гарманальная тэрапія (назавем яе для зручнасьці ангельскай абрэвіятурай HRT) можа прыводзіць і да благіх вынікаў. Апошні нумар амэрыканскага часопісу “Newsweek” прысьвячае гэтай тэме вялікі артыкул.

70-гадовая Джэральдына Фрыдман са штату Нью-Ёрк зьяўляецца адной з больш чым 17 мільёнаў аэмрыканскіх жанчын, якія выкарыстоўваюць HRT. Навакольныя людзі не перастаюць зьдзіўляцца яе маладому выгляду. А вось 62-гадовая Арлін Ракіч са штату Канзас спыніла прыём гармонаў летась у траўні, бо ў яе пачаўся рэзкі рост кістаў у грудзях і ў матцы. Лекары высьветлілі, што рост унутранай фібрознай тканкі ў Арлін выклікаў лек-эстраген Прэмарын, які яна прымала доўгі час.

Гэтыя два выпадкі паказваюць на выклік для лекараў і фармацэўтаў сьвету – як зрабіць так, каб эстрагены дапамагалі і адначасова ня шкодзілі здароўю жанчыны. З аднаго боку, сёньня дакладна вядома, што эстраген прадухіляе астэапароз і зьмяншае рызыку пералому клубоў у жанчынаў, зьмяншае ўзровень халестэролу ў крыві, паляпшае стан скуры і нават паляпшае памяць. Зь іншага боку, эстраген на 200 працэнтаў павялічвае рызыку ўтварэньня крывяных тромбаў, якія могуць прыводзіць да інфарктаў і інсультаў.

Дасьледаваньні амэрыканскіх навукоўцаў летась высьветлілі, што рызыка раку грудзей у жанчынаў, якія прымаюць эстраген пяць і болей гадоў, на 35% большая, чым звычайна. Калі ўлічыць, што для жанчын, старэйшых за 50 гадоў, звычайная рызыка захварэць на рак грудзей складае 10%, дык агульная рызыка раку ад прыёму эстрагену складзе 13,5%. А ў апошні час, паводле зьвестак часопіса Амэрыканскай мэдычнай асацыяцыі і Нацыянальнай Халестэрольнай Адукацыйнай Праграмы, зьявіліся і сур’ёзныя сумненьні ў станоўчым уплыве эстрагенаў на стан жаночых касьцей і сэрца.

Выйсьце з гэтай сытуацыі навукоўцы сёньня бачаць у стварэньні штучнага сынтэтычнага гармону, які б мог “праектаваць” эстраген. Такі сынтэтычны эстраген павінен мець уласьцівасьць злучацца з малекуламі ў ядрах клетак арганізму жанчыны ў касьцях і сэрцы, але не кантактаваць зь імі ў грудзях і матцы. Такі сынтэзаваны эстраген навукоўцы называюць “ідэальнай фальшыўкай”. “Ідэальны эстраген павінен быў бы мець станоўчы ўплыў на косьці, сэрца і мазгі, і ніяк не ўплываў бы на матку і грудзі”, – кажа доктар Энтані ДэлКонт з кампаніі “Вайет-Аерс”, якая вырабляе Прэмарын.

Адмыслоўцы, аднак, застаюцца скептыкамі адносна часу стварэньня “ідэальнай фальшыўкі”. Хутчэй за ўсё гэта будзе ня хутка. А вось рашэньне кожная жанчына павінна прымаць ужо сёньня, – піша ў адным са сваіх артыкулаў доктар Сьюзэн Лаў, аўтарка так званай “Гарманальнай кнігі доктаркі Сьюзэн Лаў”. Выйсьце, якое яна прапануе – гэта кароткатэрміновая замяшчальная гарманальная тэрапія, гэта значыць прыём таго ж эстрагену абмежаваны час, а менавіта – да пяці гадоў. Гэта якраз спыняе такія праявы мэнапаўзы як выбухі кепскага настрою, бяссоньне і іншыя.

Другі спосаб, які прапануюць навукоўцы Калюмбійскага ўнівэрсытэту – гэта зьмяншэньне дозы гармону. Мэдыкі гэтага ўнівэрсытэту знайшлі, што нізкая доза эстрагену дзейнічае так сама, як і нармальная, і ўплывае на зьмяншэньне ўзроўню “кепскага” халестэролу, зьмяншае рызыку вагінальных крывацёкаў і (увага!) ня можа быць прычынай раку грудзей або інсульту ці інфаркту міякарда.

Ну а жанчыны, якія ўжо сутыкнуліся з сардэчна-судзіннай хваробай або астэапарозам, маюць іншы выбар. Напрыклад, лек “Статынс” зьмяншае рызыку хваробы сэрца, а лекі “Фасамакс” і “Актанэл” зьмяншаюць рызыку пераломаў. А, напрыклад, рэгулярнае ўжываньне соі можа засьцерагчы і ад таго, і ад другога.

Асобны клопат навукоўцаў сёньня – мужчынская мэнапаўза. Узровень мужчынскага гармону тэстастэрону ў арганізме мужчынаў пасьля 40 гадоў пачынае зьніжацца на 10% кожнае дзесяцігодзьдзе. Якраз гэта зьяўляецца прычынай паніжэньня лібіда, аслабленьня сілы цягліцаў і нават арыентацыі ў прасторы. Таму мужчыны таксама маюць патрэбу ў замяшчальнай гарманальнай тэрапіі або ва ўжываньні гелю з утрыманьнем тэстастэрону.

Доктар Джон Марлей з унівэрсытэту ў Сан-Луі, кажа, што HRT або гель дапамагаюць мужчынам вярнуць лібіда, сілу эрэкцыі і сілу цягліцаў наогул, нармалізуюць мінэральны склад касьцей і паляпшае працу сэрца. Але і тут ёсьць рызыка, бо HRT павялічвае колькасьць чырвоных клетак крыві, а гэта можа весьці да ўтварэньня тромбаў, рызыкі інсультаў і інфарктаў, а таксама можа быць прычынай раку прастаты. Таму большасьць амэрыканскіх мужчынаў выбірае тэстастэронавы гель. Сёньня 250 тысяч амэрыканскіх мужчынаў ва ўзросьце ад 50 да 70 гадоў націраюць на ноч цела гэтым гелем, і некаторыя зь іх заяўляюць, што адчуваюць сябе на 10 гадоў маладзейшымі.


* * *
І яшчэ адна рэч, якая сёньня ні ў кога ў сьвеце не выклікае сумненьняў, – гэта патрэба мець нармальную вагу. Менавіта празьмерная вага зьяўляецца галоўнай прычынай сардэчна-судзінных хваробаў і цукровага дыябэту, а таксама шэрагу іншых захворваньняў. Таму наступны сюжэт нашай перадачы для тых, хто хоча схуднець.

Перш за ўсё варта ведаць, што празьмерная вага – гэта вынік ня толькі празьмернага або няправільнага харчаваньня. Гэта таксама і ўзроставая праблема. Пасьля 40 гадоў у чалавека ўскладняецца мэтабалізм або абмен рэчываў, людзі хутчэй стамляюцца, менш рухаюцца і, адпаведна, зьмяншаецца расход энэргіі. Прычым празьмерная вага ня толькі можа быць вынікам парушэньня абмену рэчываў, але, у выпадку людзей пасьля 40 гадоў, і прычынай яго.

З чаго пачаць? Сёньня лекары згодныя, што найперш трэба зьменшыць спажываную энэргію і пачаць больш рухацца. Прычым пачаць больш рухацца – гэта ня значыць адразу пачаць з аэробікі ці цяжкіх гантэляў, дастаткова і штодзённых шпацыраў. Важна таксама зьменшыць колькасьць спажыванай ежы. Менш энэргіі можна атрымліваць таксама шляхам пераходу на абястлушчаныя малако і сыры, на посныя гатункі мяса, а таксама на хлеб з цэльназерневай мукі і з вотруб’ем, павялічыць спажываньне садавіны і гародніны, адначасова адмовіўшыся ад слодычаў, вэнджанінаў і тлушчу.

Важна памятаць, што зьмяншэньнем колькасьці дадаванага ў стравы тлушчу вы можаце рэзка зьменшыць іх энэргетычную вагу, але захаваць іх пажыўныя якасьці. Гэта што датычыць рэарганізацыі рацыёну. А важнаю ёсьць яшчэ і рэарганізацыя часу прыёму ежы. Трэба, кажуць лекары, харчавацца так, каб асноўны энэргетычны прыём прыпадаў на першую палову дня. Лепш за ўсё харчавацца невялікімі порцыямі пяць разоў на дзень.

Вельмі важным фактарам, які вядзе да парушэньня абмену рэчываў, зьяўляецца праца кішэчніка. У тоўстых людзей вельмі частыя хранічныя запоры. Але і ў таго, хто ўжо перайшоў на нізкакалярыйную дыету, таксама можа здарыцца запор. Ужываньне паслабляльных сродкаў лекары прызнаюць нямэтазгодным, паколькі арганізм да іх прызвычайваецца. Ідэальнае выйсьце тут – павелічэньне ўжываньня ў ежу расьліннай клятчаткі, таго самага вотруб’я, а таксама садавіны і гародніны.

Унікальнай уласьцівасьцю клятчаткі ёсьць яе здольнасьць набухаць і ў некалькі разоў павялічваць свой аб’ём. Гэта адбываецца, калі чалавек спажывае дастатковую колькасьць вады. Сёньня прызнана, што гэта ня менш за два з паловай літры на дзень. Тады клятчатка набухае, стварае дадатковы аб’ём, спараджае пачуцьцё сытасьці і прымушае працаваць пэрыстальтыку. Клятчатка таксама запавольвае засвойваньне сьценкамі кішэчніка карысных рэчываў і ў такі спосаб запавольвае мэтабалізм у крыві. Сёньня даказана, што клятчатка зьмяншае ўзровень цукру ў крыві, узровень халестэролу і рэзка паляпшае мікрафлёру кішэчніка.

Ня менш важная і разумная фізычная нагрузка. Каб не пашкодзіць людзям, якія могуць мець розныя хваробы і проціпаказаньні, лекары рэкамэндуюць найперш шпацыры і плаваньне. Пра іншыя формы фізычнай актыўнасьці кожнаму варта параіцца зь лекарам.


* * *
А зараз некаторыя парады аэмрыканскай арганізацыі “RealAge” – як жыць жоўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Вы ведаеце сельдэрэй як нізкакалярыйны вэгетарыянскі харч, які прыемна хрумстае ў роце. Але гэта не адзіная яго станоўчая якасьць. Сельдэрэй мае ў сваім складзе рэчывы, якія паніжаюць узровень тлушчу, а таксама засьцерагаюць чалавека ад сардэчных хваробаў і раку.

2. Паўшклянкі віна, якую вы вып’еце падчас абеду, можа трымаць у норме ваш ціск. Раней лічылася, што менавіта празьмернае спажываньне алькаголю спрычыняе высокі ціск. Зараз дасьледаваньні паказваюць, што стрыманае спажываньне алькаголю дапамагае трымаць ціск у норме. Жанчыне трэба тры разы на тыдзень выпіць шклянку віна, а мужчына павінен абмежавацца адной або двума шклянкамі віна на дзень. “RealAge” сьведчыць, што калі вы даможацеся рэгулярнага ціску 115 на 75, ваш рэальны біялягічны ўзрост будзе на 12 гадоў маладзейшым.

3. Дасьледаваньні паказваюць, што ня толькі высокавалакністая дыета дапамагае падтрымліваць здароўе тоўстай кішкі. Стала вядома, што тое самае робіць адэкватнае спажываньне кальцыю. Усяго 700 міліграмаў кальцыю штодня дастаткова, каб рэзка зьменшыць рызыку раку тоўстай кішкі. “RealAge” сьведчыць, што штодзённае спажываньне ад 1000 да 1200 міліграмаў кальцыю зробіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 13 месяцаў маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG