Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зноў пра рэальны біялягічны ўзрост чалавека.


Мікола Іваноў, Прага

Мінула больш за тры месяцы ад таго часу, як у эфіры прагучала апошняя перадача сэрыі “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”. Але, як вынікае з паштовых і інтарнэтаўскіх водгукаў нашых слухачоў, інтарэс да гэтай перадачы не зьмяншаецца. Таму сёньня яна зноў у эфіры.

На пачатку я хачу падзякваць усім сталым і адданым слухачам, якія за гэты пэрыяд пісалі нам, накіроўвалі прапановы, дзяліліся сваімі дасьведчаньнямі ў захаваньні здаровага стылю жыцьця. Асаблівая падзяка Сяржуку Вітушку зь Вільні, які падзяліўся сваім досьведам лекаваньня з дапамогай галаданьня і папрасіў у адной з наступных перадачаў расказаць пра мэтады мэдычнага галаданьня, якімі карыстаецца мэдыцына на Захадзе. Мы, напэўна, зробім гэта ў адной з наступных перадачаў сэрыі “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”.

А сёньня, таксама ў адказ на шматлікія водгукі-просьбы нашых радыёслухачоў, мы прыпомнім, што такое “рэальны біялягічны ўзрост” чалавека і як яго можна падлічыць.

Калі вам сёньня 50 паводле пашпарту, гэта зусім не азначае, што ваш арганізм, усе ворганы цела дзейнічаюць так, як у сярэднестатыстычнага 50-гадовага чалавека. Як сьцьвярджаюць спэцыялісты амэрыканскай грамадзка-мэдычнай арганізацыі Realage, паасобныя ворганы 50-гадовага чалавека могуць быць нагэтулькі ў дрэнным стане, што ягоны рэальны біялягічны ўзрост можа быць на 10 і нават 15 гадоў старэйшы.

І наадварот, ёсьць шмат людзей, стан здароў’я якіх у значна лепшым стане, чымся ў сярэднестатыстычнага чалавека. Працэсы старэньня чалавечага арганізму можна запавольваць з дапамогай адпаведнай дыеты, зьмены стылю жыцьця, заняткаў спортам, рэгулярнай мэдытацыі і т.п. І таму часам 50-гадовы чалавек можа мець біялягічны ўзрост 45 і нават 40 гадоў.

Рэальны біялягічны ўзрост чалавека – гэта люстэрка сапраўднага стану ягонага здароў’я, гэта паказчык рэальнага, а не храналягічнага старэньня вашага арганізму, гэта адлюстраваньне стылю вашага жыцьця і генэтычнай спадчынасьці.

Дзеля вызначэньня рэальнага біялягічнага ўзросту Realаge прапануе спэцыяльны тэст, які складаецца з 27 даволі дэталёвых пытаньняў, датычных вашага стану здароў’я, стылю жыцьця і гісторыі вашай сям’і. Тэст гэты ўвесь час удасканальваецца, і таму сёньня я пазнаемлю вас з самым апошнім яго варыянтам.

Прыгадаю, што пасьля адказаў на пытаньні анкеты кампутар падлічвае ваш рэальны біялягічны ўзрост, а пазьней лекары-спэцыялісты Realаge камэнтуюць вашыя адказы і даюць парады: якога стылю жыцьця вам трэба прытрымлівацца, каб жыць доўга і ў добрым здароў’і.

На самым пачатку тэст Realage прадугледжвае адказы на пытаньні, датычныя вашых асабістых дадзеных і сацыяльнага статусу. Як высьветлілася пазьней у камэнтары спэцыялістаў Realage, такія фактары вашага жыцьця, як нармальнае сямейнае жыцьцё, адсутнасьць разводаў, наяўнасьць дзяцей, сталая праца бяз стрэсаў і з добрым заробкам – усе гэта зьмяншае ваш рэальны біялягічны ўзрост.

У якасьці прыкладу прапаную мой уласны досьвед адказу на пытаньні тэсту “Realage”. Упершыню я адказваў на гэтыя пытаньні прыблізна год таму і дзяліўся з нашымі радёслухачамі вынікамі тэсту. І вось цяпер – нагода зрабіць гэта зноў. За год крыху зьмяніліся (дакладней кажучы, былі ўдасканаленыя) пытаньні тэсту. Зьмяніўся і я. Стаў на год старэйшы, адмовіўся ад некаторых звычак, але прыдбаў новыя. Перанес нейкія хваробы, былі жыцьцёвыя і працоўныя стрэсы. І таму новая спроба падлічыць з дапамогай Realage мой рэальны біялягічны ўзрост цалкам на месцы.

Дык прыступім. Я – Мікола Іваноў, 53-гадовы супрацоўнік беларускай “Свабоды”. Рост – 178 см., вага 74 кг. Мінулым разам, калі я быў на год маладзейшы і адказваў на пытаньні тэсту Realage, кампутар зьнізіў мой раэльны біялягічны ўзрост амаль на чатыры гады. Я таксама атрымаў каштоўныя парады, як зрабіць яго яшчэ маладзейшым і пачаў некаторыя зь іх выконваць. І вось цяпер новая спроба.

Як і мінулым разам адказы на пытаньні, датычныя маіх асабістых дадзеных, зьнізілі мой раэльны біялягічны ўзрост усяго на паўгода. Пазытыўнымі фактарамі тут былі наяўнасць дзяцей, высокі ўзровень адукацыі і доўгагадовае нармальнае сямейнае жыцьцё, а адмоўным тое, што амаль усё маё дзяцінства я выхоўваўся ў няпоўнай сям’і.

Вельмі важнаю часткаю тэсту зьяўляецца пытаньне, датычнае суадносінаў паміж вагой цела і ростам. Так, напрыклад, пры росьце 170 см. і вазе каля 100 кг. вы можаце быць ажно на 5-6 гадоў старэйшымі, чым пазначана ў пашпарце. У маім выпадку ўсё было даволі добра. За добрыя суадносіны паміж вагой і ростам я атрымаў узнагароду – 1,5 гады.

Даволі шмат прэміяльных гадоў кампутарны тэст Realage дае за ўстрыманьне ад курэньня. Я ў сваім жыцьці ніколі не курыў, і кампутар адразу пасьля адказу на гэтае пытаньне зьнізіў мой рэальны біялягічны ўзрост амаль на 5 гадоў.

Але радасьць мая была нядоўгай. На пытаньне “Ці часта вы знаходзіцеся ў адным пакоі з курцамі”, я вымушаны быў адказаць “так”, а гэта як бы аўтаматычна падвысіла мой рэальныны біялягічны ўзрост на 2 гады. Такім чынам, я страціў амаль палову гадоў, набытых за ўстрыманьне ад курэньня.

Спажываньне алкаголю – наступнае пытаньне. Калі вы пьяце шмат, гэта можа вас састарыць ажно на 10 гадоў. Прыйшлося і мне прызнацца перад кампутарам, што нярэдка даводзіцца перакульваць чарку-другую. За мінулы год я паводле парадаў экспэртаў Realage зьменшыў спажываньне алькагольных напояў, але, як вынікае, недастаткова. У выніку мой рэальны біялягічны ўзрост падоўжыўся на паўтары гады.

Прыгадаем, што поўныя абстынэнты атрымліваюць за свой стыль жыцьця мінімальную прэмію, а вось тыя, хто п’е прыблізна шклянку віна ў дзень, могуць такім чынам падоўжыць на некалькі гадоў свой рэальны біялягічны ўзрост.

Такім чынам, пасьля адказаў на першую частку пытаньняў, мой рэальны біялягічны ўзрост зменшыўся да 50 гадоў. Але наперадзе адказы на пытаньні, датычныя маёй генэтычнай спадчынасьці, спосабу харчаваньня, перанесеных хваробаў, спажываньня лекаў, сэксуальнай актыўнасьці, заняткаў спортам і іншыя. Пра тое, што атрымалася ў выніку, на якім узроўні Realage вызначыла мой сапраўдны біялягічны ўзрост вы даведаецеся ў наступнай перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”.

А цяпер некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage, як жыць доўга і ў добрым здароў’і:

1. Бактэрыялягічная атака на ЗША спрычынілася ўсяго да некалькіх дзясяткаў захворваньняў на сібірскую язву, але яна выклікала паніку у некаторых амэрыканцаў. Яны пачалі бескантрольна ў якасьці прафіляктычнага сродку прымаць антыбіётыкі, у тым ліку, вельмі моцны сіпрофлаксын. Realage папярэджвае, што бескантрольны прыём антыбіётыкаў у якасьці прафіляктычнага сродку можа не дапамагчы, а наадварот моцна пашкодзіць вашаму здароў’ю. Антыбіётыкі зьніжаюць эфэктыўнасць імуннай сыстэмы арганізму. І калі заражэньне бактэрымі сібірскай язвы адбудзецца нейкі час пасьля заканчэньня прыняцьця антыбіётыкаў, хвароба можа працякаць значна цяжэй. Больш таго, калі гэтыя бактэрыі трапляюць у арганізм, у якім ужо знаходзяцца антыбіётыкі, але ў недастаковай колькасьці, хвароба можа прыняць пачаткова вялацякучы характар і выбухнуць са сьмяротнай сілай, калі ў арганізме зусім ня будзе антыбіётыкаў. Realage папярэджвае: любы бескантрольны прыём лекаў, і перш за ўсё антыбіётыкаў, можа павялічыць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на 5 гадоў.

2. Спажываньне соевага соўсу можа дапамагчы вам пазьбегнуць сардэчна-судзінных захворваньняў. У ягоны склад уваходзяць антыплаталетавыя рэчывы, якія спрыяюць разрэджваньню крыві. А гэта ў сваю чаргу зьмяншае рызыку зьяўленьня тромбаў, закупоркі сасудаў і інфарктаў. Realage рэкамэндуе карыстацца соевым соўсам замест звычайнай солі. Гэта дазволіць зьменшыць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на тры гады.

3. Ці вы хацелі б захаваць як мага болей вітамінаў падчас варэньня ці смажэньня сьвежай садавіны? Вынікі дасьледаваньняў экспэртаў Realage сьведчаць, што, каб дасягнуць гэтага, трэба карыстацца посудам зь нержавейнай сталі, а не эмаляваным ці пакрытымі спэцыяльным рэчывам патэльнямі. Сьвежая ці сьвежамарожаная садавіна, якую гатавалі ў посудзе зь нержавейнай сталі, захоўвае звычайна значна больш вітамінаў. Realage сьцьвярджае, што калі ў вашым штодзённым мэню будзе прысутнічаць да 1000 міліграмаў вітаміну С, ваш рэальны біялягічны ўзрост можа быць на 1 год маладзейшы.

4. Хочаце зьменшыць рызыку сардэчна-судзінных захворваньняў, пільна сачыце за здароў’ем вашых зубоў. Вынікі апошняга дасьледаваньня амэрыканскіх навукоўцаў з Каліфорніі сьведчаць аб тым, што паміж парадантозам і хваробамі сэрца існуе непасрэдная сувязь. Некаторыя бактэрыі ў роце спрыяюць падвышэньню ўзроўню халестэрыну ў крыві, а гэта ў сваю чаргу выклікае сардэчна- судзінных захворваньні. Realage адзначае, што штодзённае двухразовае чышчэньне зубоў зубной пастаю і спэцыяльнай ніткаю можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6,5 гадоў маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG