Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства.


Мікола Іваноў, Прага

Экалягічна чыстае навакольнае асяродзьдзе – важны фактар доўгажыхарства. Высвятляецца, аднак, што нават кароткатэрміновае знаходжаньне ў моцна забруджаным асяродзьдзі можа мець трывалы адмоўны ўплыў на стан здароўя чалавека. Больш таго, кароткае знаходжаньне ў забруджаным асяродзьдзі можа выклікаць цяжкую хваробу, і нават стаць прычынай заўчаснай сьмерці.

Апошнія даследваньні навукоўцаў Гарвардзкага ўнівэрсытэту ў ЗША сьведчаць, што кароткатэрміновае знаходжаньне ў забруджаных зонах можа выклікаць інфаркт і інсульт. Прафэсар Мюррай Міттэльман, кіраўнік спэцыяльнага даследчага праекту ў Гарвардзе, на гэтую тэму апавядае, што ўдзельнікамі экспэрымэнту былі 772 асобы.

(Міттэльман: ) “Сярод удзельнікаў былі людзі, якія уваходзяць у так званую групу высокай рызыкі сардэчна-сасудавых захворваньняў. Гэта былі пераважна асобы старэйшага ўзросту, а таксама тыя, хто мае іншыя фактары рызыкі: залішнюю вагу, курцы, асобы, якія дрэнна харчуюцца (асабліва тыя, што ядуць шмат тлушчаў), а таксама асобы з высокім крывяным ціскам.

У людзей гэтай групы верагоднасьць сардэчнага прыступау павялічвалася на 50 – 70% пасля таго, як яны на працягу ня менш за 2 гадзіны знаходзіліся ў моцна забруджаным паветры. Небяспека інфаркта у гэтых людзей захоўвалася на працягу 24 гадзінаў пасля таго, як яны апынуліся ў забруджаным раёне”.

Прафэсар Міттэльман сцвярджае, што сам мэханізм уплыву дрэннай экалёгіі на сардэчна-сасудавыя захворваньні вельмі складаны. Ён да канца ня высветлены. Тут патрэбныя далейшыя дасьледваньні. Есць прыпушчэньне, аднак, што пад уплывам дрэннай экалёгіі зьмяняецца склад крыві, а гэта выклікае розныя віды запаленьняў, а таксама блякуецца спраўнае функцыянаваньне імуннай сыстэмы.

Сярод найбольш небяспечных фактараў экалягічнага забруджваньня, якія ўплываюць на стан здароўя, можна прыгадаць павышаны ўзровень радыяцыі, павышаная канцэнтрацыя цяжкіх мэталаў у паветры, павышаны ўзровень вуглякіслага газу і іншыя фактары.

Першы фактар (радыяцыя) выразна датычыць Беларусі. Так што нават кароткае знаходжаньне ў зоне з павышаным радыёактыўным фонам можа быць прычынай сур’ёзных негатыўных наступстваў для здароўя людзей.

У ЗША, а таксама ў некаторых іншых краінах сьвету, існуюць спэцыяльныя дзяржаўныя ўстановы, адказныя за дакладную інфармацыю насельніцтва пра стан навакольнага асяродзьдзя. Калі забруджваньне перавышае адпаведныя нормы, яны праз радыё, телебачаньне і іншыя сродкі масавай інфармацыі паведамляюць насельніцтва аб небясьпецы.
Асобам з групы павышанай рызыкі не рэкамэндуецца часам нават выходзіць з дому.

Прафэсар Мюррэй Міттэльман лічыць, што падобная практыка павінна быць нормай ва ўсіх цывілізаваных краінах сьвету. Яна дазволіць уратаваць тысячы жыцьцяў. Ён гаворыць:

(Міттэльман: ) “Для асобаў, якія належаць да групы высокай рызыкі ў галіне сардэчна-сасудавых хваробаў, разважлівым было б увогуле пазбягаць знаходзіцца на адкрытым паветры, калі якасьць яго дрэнная. Нават у краінах, дзе няма спэцыяльнага міністэрства экалёгіі, асобам з групы рызыкі не трэба быць на адкрытым паветры ў вельмі гарачае і вільготнае надвор’е. Гэтым асобам моцна рэкамэндуецца выразнае абмежаваньне фізычнай актыўнасьці летам”.

У ЗША сёньня існуюць даволі жорсткія патрабаваньні ў галіне забруджваньня паветра. Але цяпер у сувязі з вынікамі апошніх навуковых даследваньняў яны пераглядаюцца ў бок яшчэ большай жосрткасьці.
Пазыцыя амэрыканскага ўраду - кожны грамадзянін ЗША павінен мець поўную і праўдзівую інфармацыю пра стан навакольнага асяродзьдзя. Гэта ня толькі неадрыўная частка амэрыканскай дэмакратыі, але і важны элемэнт дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы здароўя кожнага грамадзяніна.

А зараз некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароўі:

1. Дабаўка вітамінаў у алькагольныя напоі можа выразна зьнізіць шкоды, якія алькаголь наносіць здароўю чалавека. Падчас навуковага экспэрымэнту аўстралійскія лекары Мэльбурнскага ўнівэрсытэту высьветлілі, што асобы, якія разам з піцьцём гарэлкі рабілі ін’екцыі вітаміну Б-1, лепш адказвалі на тэсты праверкі памяці. Вучоныя запрапанавалі кампаніям, якія вытвараюць алькагольныя напоі, дабаўляць вітаміны ў кожную бутэльку. Гэта дазволіць абмежаваць негатыўны ўплыў алькаголя на галаўны мозг, а таксама нармалізаваць працу іншых пашкоджаных алькаголем ворганаў.

2. Калі вы, паводле рэкамэндацыяў Realage, ужо пачалі рэгулярныя заняткі спортам, зрабіце і наступны вельмі важны крок. Вельмі часта пасля напружанага працоўнага дня пасля некалькіх мінутаў джоггінгу, ці іншых спартовых заняткаў, вы можаце адчуваць выразную стомленасьць, ці нават мышачную сутаргу. Гэта зьвязана з высокай канцэнтрацыяй у крыві лактозы, якая пераважна зьяўляецца вынікам стрэсавых сытуацыяў на працы. Realage рэкамэндуе папярэдзіць свае спартовыя заняткі некалькімі хвілінамі мэдытацыі. Гэта дазволіць выразна зьнізіць узровень лактозы ў крыві, і заняткі спортам будуць значна больш прыемнымі. Realage прыгадвае, што ня менш за 60 хвілінаў спартовых заняткаў штотыдзень можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

3. Спорт – выразны фактар амаладжэньня арганізму. Але заняткі спортам можна зрабіць яшчэ больш эфэктыўнымі, калі яны будуць суправаджацца прыемнай музыкай. Амэрыканскія навукоўцы высьветлілі, што эфэкт ад спорту у асобаў, якія займаліся ім пад музыку, быў вышэйшы, чым у асобаў, якія практыкаваліся без музычнага суправаджэньня.

4. Экспэрты Realage лічаць, што для нармальнага функцыянаваньня арганізму трэба піць ня менш як 8 шклянак вады штодня. Але, каб эфэкт піцьця вады быў паўнейшы, трэба піць фільтраваную ваду альбо спэцыяльна ачышчаную ваду з бутэлек. Апошнія даследваньні ў Францыі сьведчаць, што звычайная вадаправодная вада мае ў сябе высокую канцэнтрацыю алюмінія і нітратаў. А гэта можа быць небяспечным для вашага здароўя і спрыяць разьвіцьцю хваробы Альтгаймэра. Realage прыгадвае, што пераход на здаровую ежу можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 12 гадоў маладзейшы.

5. Ці патрэбныя заняткі спортам тым асобам, якія ня маюць залішняй вагі, у якіх нармальны крывяны ціск і якія маюць спартовы выгляд? Экспэрты “Realage” станоўча адказваюць на гэтае пытаньне “так”. Празьмерная вага і высокі крывяны ціск могуць спрыяць разьвіцьцю сардэчна-сасудавых захворваньняў. Але апошнія даследваньні амэрыканскіх навукоўцаў сьведчаць, што сідзячы стыль жыцьця можа таксама адмоўна ўплываць на стан вашага здароўя, як і празьмерная вага. Рызыка сардэчна-сасудавых захворваньняў у тых, хто пазьбягае фізычных практыкаваньняў, таксама значная. “Realage” рэкамэндуе таксама і худым асобам ня менш за 60 хвілінаў на тыдзень займацца спортам. Гэта можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 9 гадоў маладзейшым.

6. Экспэрты Realage прапануюць эфэктыўны спосаб трымаць ціск крыві ў норме. Паводле вынікаў даследваньня амэрыканскіх навукоўцаў, пазытыўны эфэкт на ціск крыві мае знаходжаньне з людзьмі, якіх вы кахаеце. Падчас навуковага дасладеваньня было адзначана, што ціск крыві ўдзельнікаў экспэрымэнту быў заўсёды бліжэй да нормы, калі яны знаходзіліся сярод блізкіх ім людзей. Realage прыгадвае, што доўгатэрміновая любоўная сувязь (шлюбныя адносіны) можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6,5 гадоў маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG