Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галаўны боль – ІІІ


Мікола Іваноў, Прага

Сёньня – заключная перадача, прысьвечаная бадай што самай распаўсюджанай хваробе чалавецтва – галаўному болю. Тэму яе падказалі нам самі радыёслухачы. Так спадарыня Натальля Шалабода зь Менску праз Інтэрнэт зьвярнулася да нас з просьбай даць характарыстыку супрацьболевым лекам, якія выкарыстоўваюцца каб спыніць альбо зменшыць галаўны боль.

Але перад тым, як даць характарыстыку галоўным групам супрацьболевых лекаў ды іх уласьцівасьцям, я папрасіў вядучага экспэрта Ўсясьветнай Арганізацыі Аховы здароў’я Франкліна Апфэльда, які таксама на падставе ўласных дасьведчаньняў ведае, што такое галаўны боль, адказаць на пытаньне: якія лекі лепш за ўсё ўжываць?

(Апфэльд: ) “Галаўны боль – гэта сыгнал вам ад вашага арганізму. Гэта – як кожны іншы сымтом. Праблема ў тым, якія суадносіны гэты сымптом мае да іншых сымптомаў, як доўга ён адбываецца і ці вы ў стане затрымаць гэты працэс. У бальшыні выпадкаў, я думаю ў 90% выпадкаў, працэс можна затрымаць з дапамогай зьмены стылю жыцьця, з дапамогай зьмены вашых паводзінаў. У бальшыні выпадкаў гэта можна зрабіць бязь лекаў, бязь вонкавай тэрапіі. Вы, зразумела, можаце паспрабаваць карыстацца мэдыкамэнтамі, паспрабаваць такія сродкі, якія адразу падавяць боль. Але вы павінны ведаць, што калі вы бераце такія лекі, як асьпірын ці панадол (гэта так званыя мяккія лекі), вы падаўляеце боль, вы падаўляеце сыгналы вашага арганізму, вы падаўляеце нешта, на што трэба зьвярнуць увагу. Адзін з маіх сяброў шмат займаўся боксам. Ён атрымаў моцны ўдар у сківіцу, і гэта магло не дазволіць яму працягваць баксаваць. Ён пачаў калоць сабе навакаін. Гэты лек дазволіў яму не адчуваць боль, і ён пачаў лепш сябе адчуваць, але пазьней яму проста зламалі сківіцу. Таму што раней ён адчуваў боль, а калі ён перастаў адчуваць боль, гэта прывяло да яшчэ большага пашкоджаньня”.

Амэрыканская грамадзка-мэдычная арганізацыя Realage, экспэрты якой выступаюць у якасьці кансультантаў нашай перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”, папярэджвае, што 90% выпадкаў галаўны боль трэба лячыць без выкарыстаньня лекаў.

Амаль кожны прыём лекаў мае падвойны (у тым ліку і адмоўны) эфэкт. І таму Realage настойліва рэкамэндуе ўжываць немэдыкамэнтозныя спосабы змаганьня з галаўным болем:

- поўнае расслабленьне мышцаў галавы, шыі, сьпіны;
- прыкладаньне лёду да хворага месца;
- часам, цяпло таксама дапамагае ў змаганьні з болем;
- кароткі адпачынак у цёмным пакоі.
- зьмена пазыцыі сядзеньня ў працы;
- кароткі самамасаж мышцаў шыі і сьпіны;
- перапынак у працы для спартовых практыкаваньняў. Асабліва рэкамэндуюцца практыкаваньні на расьцяжку;

Калі ж гэтыя сродкі недастаковыя альбо неэфэктыўныя, можна зьвяртацца да лекаў.

Сёньня на ўсясьветным рынку лекаў існуюць сотні самых разнастайных супрацьболевых сродкаў. Схарактарызаваць іх усе, практычна, немагчыма. Затрымаемся на галоўных групах гэтых лекаў. Экспэрты Realage вызначаюць чатыры галоўныя групы. Гэта:

- асьпірынавыя прадукты;
Сам асьпірын (ацэдафілінавая кіслата) добры
супрацьболевы і антызапаленчы сродак, але ён
мае адмоўны пабочны эфэкт. У прыватнасьці, выклікае
розныя хваробы страўніка. Таму асьпірынавыя
сродкі лекары рэкамэндуюць браць у
камбінацыі зь вітамінамі ды іншымі сродкамі.

- нестэроідныя, антытэмпэратурныя сродкі; найбольш вядомыя з гэтай катэгорыі лекаў: ібупрафэн і наксопрэн. Яны таксама маюць пабочнае дзеяньне. Найбольш эфэктыўныя яны супраць боляў галавы, выкліканых праблемамі ў іншых частках чалавечага арганізму. Лекары ахвотна выпісваюць іх, напрыклад, жанчынам у пэрыяд менструацыі.

- ацэтамінафэнавыя лекі. Найбольш вядомыя з гэтай катэгорыі лекаў – панадэін і парацод. Яны ўключаюць у сябе невялікую дозу наркотыка морфія. Пабочны эфэкт палягае ў тым, што арганізм чалавека да яго хутка прызвычайваецца.

- камбінаваныя сродкі, якія ўключаюць у сябе кафэін.

Гэтая апошняя катэгорыя лекаў, на думку экспэртаў Realage, найбольш эфэктыўная. Яна мае найменшы пабочны эфэкт.

У 1998 годзе на рынку спачатку ЗША, а пазьней і ў Эўропе зьявіўся новы супрацьболевы лек, які сёньня лічыцца найлепшым сродкам супраць галаўнога болю. Гэта – эксэдрын.

У склад яго ўваходзяць у адпаведных прапорцыях асьпірын, ацэтамінафэн і кафэін. Сёньня толькі ў ЗША яго бяруць больш за 45 млн. чалавек. Амэрыканская лекарская асацыяцыя на сваім штогадовым кангрэсе ў красавіку сёлета прызнала эксэдрын найлепшым унівэрсальным сродкам спыненьня галаўнога болю.

Падчас навуковага экспэрымэнту ў 69% пацыентаў, якіх лячылі эксэдрынам, ня выявілася ніякіх пабочных эфэктаў. Падобны ж паказчык для найлепшых іншых лекаў не перавышае 41%.

Вельмі важна, што эксэдрын амаль ня мае адмоўнага пабочнага эфэкту на арганізм жанчынаў. Прыгадаем, што на сьвеце 75% тых, хто пакутуе ад галаўнога болю, – жанчыны.

І на заканчэньне прыгадаю: калі лекі не дапамагаюць вам у лячэньні галаўнога болю, гэта вельмі сур’ёзны сымптом. Ён можа сьведчыць пра больш сур’ёзнае агульнае захворваньне… Неадкладна зьвярніцеся да лекара.

А цяпер некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage у рубрыцы “Як жыць доўга і ў добрым здароў’і?”

1. Ці пратэінавыя дадаткі да ежы, якія звычайна прымаюць культурысты,
сапраўды ўзмацняюць сілу
вашых мышцаў? Экспэрты Realage лічаць, што не.
Амэрыканскія навукоўцы падчас экспэрымэнту
высьветлілі, што асобы, якія трэнаваліся з гантэлямі і
адначасна прымалі пратэінавыя дадаткі, вызначаліся
большай мышачнай масай, але ня большай сілай
мышцаў. Realage рэкамэндуе: збалянсаваная дыета,
багатая на вітаміны, бялкі і вугляводы, найлепшы спосаб
пастаўляць неабходныя пратэіны вашаму арганізму і
дасягнуць аптымальнай сілы мышцаў. Здаровая дыета
можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады
маладзейшым.

2. Пачуцьцё яднаньня чалавека з жывой прыродай, сцвярджаюць экспэрты
Realage, можа быць моцным фактарам амаладжэньня. Кожная гадзіна,
якую вы правялі ў лесе, на шпацыры ў гарах, працуючы ў садзе, ці агародзе, робіць ваш рэальны біялягічны ўзрост маладзейшым. Асабліва важнымі з’яўляюцца кантакты з жывеламі: катамі, сабакамі, коньмі і інш. Таму Realage рэкамэндуе: кожную свабодную хвіліну намагайцеся выкарыстоўваць дзеля кантактаў з жывой прыродай. Рэгулярны здаровы адпачынак можа зьменьшыць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 5 год.

2. Кубак зялёнага чаю пасля ежы можа дапамагчы вам пазьбегнуць зубнога карыесу. Высьвятляецца, аднак, што піць зялёны чай даволі карысна і перад ежай. Зялёны чай дапамагае спраўнаму страваваньню. Арганізм у такім выпадку спажывае на 4% больш калёрыяў у параўнаньні з тымі, хто зялёнага чаю ня піў. Навукоўцы лічаць, што паліфэноіды, якія ўваходзяць у склад зялёнага чайнага ліста, спрыяюць паскарэньню працэсаў тэрмагенэтыкі. Арганізм спальвае ў гэтым выпадку ўласны тлушч.

4. Асобы, якія паводле рэкамэндацыяў Realage як мінімум 2 разы на тыдзень ядуць рыбу, дапамагаюць свайму сэрцу быць здаровым. Высьвятляецца, аднак, што ня толькі… Рыбныя прадукты два разы ў тыдзень дапамагаюць таксама здароў’ю лёгкіх. Вынікі аднаго дасьледаваньня амэрыканскіх навукоўцаў сьведчаць аб тым, што захворваньняў на рак грудзей сярод асобаў, якія ядуць рэгулярна сьвежую рыбу, значна менш, чымся сярод тых, хто адкідвае рыбную дыету. Навукоўцы лічаць, што прычына ў поліансатуравай кіслаце, якая маецца ў рыбах, і якая спрыяе здароваму сэрцу. Realage прыпамінае, што ўключэньне ў склад вашага мэню хаця б два разы на тыдзень сьвежай рыбы можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на тры гады маладзейшым.

5. Язву страўніка, як рэкамэндуюць экспэрты Realage, можна пасьпяхова лячыць з дапамогай спартовых практыкаваньняў. Спорт спрыяе мабілізацыі імунных функцыяў арганізму, і імунная сыстэма лепш змагаецца супраць інфэкцыі страўніка. Вынікі навуковых дасьледаваньняў сьведчаць, што сярод асобаў, якія сябруюць са спортам, значна менш захворваньняў на язву страўніка, чымся сярод тых, хто ігнаруе спорт. Realage прыгадвае, што рэгулярныя заняткі спортам могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 9 гадоў маладзей.

6. Калі ў вас здарылася няшчасьце, і вы, напрыклад, зламалі нагу, ці руку, памятайце, што нэгатыўныя эмоцыі могуць выразна перашкаджаць загойваньню раны. Realage паведамляе пра вынікі дасьледаваньняў сваіх экспэртаў аб тым, што радасны, шчасьлівы настрой можа выразна спрыяць загойваньню ранаў. Сярод шчасьлівых параненых верагоднасьць ускладненьняў падчас працэсу загойваньня ў чатыры разы меншая, чымся сярод тых, хто знаходзіцца ў прыгнечаньні альбо пад уплывам стрэсу. Realage прыпамінае: шчасьці і радасны настрой могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на 12 гадоў маладзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG