Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Празьмерная вага. Як трымаць сваю вагу ў норме?


Мікола Іваноў, Прага

Сёньня ў пераважнай бальшыні эўрапейскіх краінаў галоўнай праблемай здароў’я, зьвязанай з харчаваньнем, зьяўляецца ня тое, каб проста задаволіць голад, а як абмежаваць спажываньне прадуктаў, перадусім – тлушчаў. Празьмерная вага – галоўная прычына такіх небясьпечных хваробаў, як цукровы дыябет, сардэчна-судзінныя хваробы і некаторых тыпаў раку.

Амэрыканская грамадзка-мэдычная арганізацыя Realage ўключыла ў якасьці аднаго з найбольш істотных пытаньняў свайго тэсту вызначэньня рэальнага біялягічнага ўзросту чалавека пытаньне пра сталы кантроль вагі вашага цела. Экспэрты Realage лічаць, што захаваньне вагі цела ў адпаведных межах, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на пяць з паловаю гадоў маладзейшы.

Але што ж такое празьмерная вага? Чаму яна мае такі дрэнны ўплыў на стан вашага здароў’я? З такім менавіта пытаньнем я зьвярнуўся да экспэрта аддзелу харчаваньня Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароў’я доктара Чызуры Масіды. Вось, што яна адказала па тэлефоне з Жэнэвы:

(Місіда: ) “Мэханізм набіраньня вагі даволі просты. Энэргія, якая ўваходзіць у арганізм чалавека, перавышае тую энэргію, якая выходзіць з арганізму. Так што ўсё залежыць ад балянсу прыходу і выхаду энэргіі. Вага залежыць, такім чынам, ад штодзённай дыеты і фізычнай актыўнасьці. Вага чалавека залежыць таксама ад геаграфічнага месца вашага жыхарства, ад тэмпэратуры навакольнага паветра і, нават, ад вышыні над узроўням мора. Усё гэта ўплывае на расход энэргіі. Але гаворачы проста: мэханізм палягае на розьніцы паміж прыходам і расходам энэргіі. Мы вызначаем празьмерную вагу з дапамогай “ВМІ” (паказчыка масы цела). Мы таксама выкарыстоўваем такія паказчыкі як колькасьць тлушчу ў арганізме чалавека. Чалавек можа быць вялікі і малы. У кожнага колькасьць тлушчу, небясьпечная для здароў’я, індывідуальная. І сапраўды, празьмерная вага і тлустасьць маюць шматлікія нэгатыўныя ўплывы на стан здароў’я чалавека”.

Як жа вызначыць ці маеце вы празьмерную вагу? Празьмерная вага – гэта тая ўрадлівая глеба, на якой могуць зьяўляцца шматлікія самыя небясьпечныя хваробы.

Дзеля гэтага ёсьць два даволі простых спосабы.

Першы – сьціскнеце двума пальцамі кожу на жываце, ці ў верхняй частцы рукі. Калі паміж пальцамі засталося 2 сантымэтры цела або больш, трэба худзець.

Другі спосаб – ад вашага росту ў сантымэтрах адлічыце вашую вагу у кіляграмах. Розьніца тут не павінна перавышаць лічбу 100. Калі ж атрымліваецца 110 ці болей, ёсьць сур’ёзная прычына для заклапочанасьці.

Галоўная прычына празьмернай вагі – людзі папросту пераядаюць, спажываюць замнога высокакалярыйнай ежы.

Але ёсьць і іншыя прычыны. Адказваючы на наступныя пытаньні гэтага тэсту, паспрабуйце прааналізаваць стыль свайго жыцьця за апошні час:

1. Ці хто-небудзь з вашай сям’і пакутуе ад празьмернай вагі? (Генэтычная спадчыннасьць можа быць галоўнай
прычынай тлустасьці)

2. Ці павелічэньне вашай вагі не зьвязанае з ўзростм?
(Памятайце, што зь векам энэргетычныя патрэбы
арганізму зьмяншаюцца. У 50 гадоў есьці трэба
значна менш, чымся ў 20.)

3. Ці не зьмянялі вы апошнім часам працу?
(І цяпер на новым месцы ад вас
патрабуецца менш фізычных высілкау)

4. Ці часта здараюцца выпадкі, калі вы пад уплывам стрэсу ці нэрваў пачанаеце інтэнсіўна есьці?
(Даволі часта пераяданьне бывае рэакцыяй на стрэсавыя сітуацыі)

5. Ці не прыймалі вы апошнім часам нейкія лекі? (Бескантрольны прыём лекаў можа быць прычынай патаўсьценьня)

6. Ці ня кінулі вы курыць на працягу апошняга месяца?
(Адмова ад курэньня можа выклікаць часовую залішнюю вагу, але шкода ад курэньня значна большая, чымся ад празьмернай вагі)

7. Ці не зьвязанае павелічэньне вагі вашага цела з агульным пагаршэньнем здароў’я? (Вельмі часта празьмерная вага – вынік іншых хваробаў. Напрыклад, гарманальных)

Кантралюйце вагу вашага цела, як рэкамэндуе Realage, як найменш раз на тыдзень і не дазваляйце сабе таўсьцець. Гэта зменшыць ваш рэальны біялягічны ўзрост на пяць з паловаю гадоў.

А цяпер у нашай традыцыйнай рубрыцы “Навіны мэдычнага жыцьця” некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і:

1. Калі вы хочаце спрыяць добраму здароў’ю і доўгажыхарству блізкага вам чалавека (мужа, жонкі), намагайцеся рабіць ім як мага болей прыемных сюрпрызаў. Realage падае вынікі дасьледаваньняў амэрыканскіх навукоўцаў, якія сьведчаць, што прыемныя нечаканасьці спрыяюць працы мозгу чалавека, асабліва тых яго частак, што адказныя за ўнутраныя ворганы: сэрца, легкія, пячонку і ныркі. Шчасьце і здароў’е – дзьве зьявы, якія заўсёды разам у жыцьці чалавека. Неспадзяваныя запросіны на прыемную вячэру, неспадзяваны арыгінальны падарунак ці выезд разам без папяряджаньня на Канарскія выспы можа выразна паправіць здароў’е блізкага вам чалавека.

2. Realage папярэджвае тых жанчынаў, якія шмат карыстаюцца пудрай і рознымі прысыпкамі. Гэта можа спрыяць ракавым скураным захворваньням. Асабліва небясьпечныя прысыпкі (тыпу тальку), якія выкарыстоўваюцца з мэтай папярэдзіць празьмернае паценьне ці чырвань цела.

3. Realage ў сваіх рэкамэндацыях што да здаровага харчаваньня неаднаразова вяртаецца да праблемы фоліявай кіслаты. Каб арганізм атрымліваў яе ў дастатковай колькасьці, трэба есьці шмат шпінату, цыбулі, фасолі ды іншай гародніны. Штодзённая норма фоліявай кіслаты– 700 мікраграм. Паводле экспэртаў Realage, нядаўна распрацаваная амэрыканскімі навукоўцамі штучная фоліявая кіслата, якая ўваходзіць у склад новых антыаксыдантаў, ня толькі не саступае паводле сваіх якасьцяў прыроднай, але і пераўзыходзіць яе. Realage прыгадвае, што спажываньне штодня ня менш за 700 мікраграмаў фоліявай кіслаты можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на паўтары гады маладзейшы.

4. Рыбная дыета, пра надзвычайную карыснасьць якой неаднойчы інфармаваў Realage, мае, як высьвятляецца, яшчэ адзін вельмі важны аспэкт. Паводле дасьледаваньняў навукоўцаў Фінляндыі, асобы, якія прытрымліваюцца рыбнай дыеты, лепш супрацьстаяць нэгатыўным уплывам стрэсаў, чымся тыя, што ядуць мала рыбы. На думку фінскіх навукоўцаў, такі добры ўплыў на стан мозгу чалавека робіць кіслата “амэга-3” , якая ўваходзіць у склад тлушчу рыбы. Паводле Realage, рыбная дыета можа зрабіць вас на тры гады маладзейшым.

5. Калі вы пакутуеце ад празьмернай вагі і плянуеце з дапамогай дыеты пахудзець, Realage рэкамэндуе не мэханічна скарачаць колькасьць калёрыяў у вашым штодзённым мэню, а перадусім зьвяртаць ўвагу на якасьць вашага харчаваньня. Не рэкамэндуецца, напрыклад, мэханічна выключаць з мэню тлушчы жывёльнага паходжаньня. На думку экспэртаў Realage, лепш за ўсё замяніць кансэрваваныя і моцна апрацаваныя тлушчы сьвежымі. Апошнія патрэбныя дзеля фармаваньня ў крыві так званага “добрага” халестэролу.

6. Калі вы зьбіраецеся пасьля бяссонай начы сесьці за руль машыны, памятайце, гэта можа быць ня менш небясьпечна, чымся піцьцё алькаголю перад паездкай. Realage падае вынікі тэстаў спэцыяльна адабранай групы кіроўцаў. Тыя, хто перад тым, як сесьці за руль аўта, выпіў 170 грамаў водкі, мелі прыблізна такія самыя вынікі ў спраўнасьці кіраваньня (арыентацыя за рулём, хуткасьць рэакцыі тармажэньня, язда ўздоўж прамой лініі і да т.п.), як і тыя, хто замест нармальных 6-8 гадзінаў сну, спаў на 3-4 гадзіны менш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG