Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Задавальненьне ад працы і доўгажыхарства.


Мікола Іваноў, Прага

Герой старажытнага грэцкага міфу Тыфоніўс, закаханы ў багіню Аўрору, выпрасіў у багоў несмяротнасьць, але ён забыўся папрасіць аб вечнай маладосьці. І ў старасьці жыцьцё ператварылася для яго ў пакуты. Як жа можна жыць доўга, але захаваць добрае здароў’е да старасьці? Як зрабіць старасьць такім самым прыемным і плённым пэрыядам жыцьця, як і маладосьць?

Той, хто калі-небудзь быў беспрацоўны, напэўна, ведае, што такое стрэс. Цікава, што выкананьне непрыемнай, шкоднай працы мае выразны нэгатыўны ўплыў на стан вашага здароў’я. І таму няма нічога дзіўнага ў тым, што экспэрты амэрыканскай грамадзка-мэдычнай арганізацыі Realage ўключылі пытаньне пра вашае ўспрыманьне працы і яе наяўнасьць у якасьці аднаго з галоўных фактараў вызначэньня рэальнага біялягічнага ўзросту чалавека.

Экспэрты Realage лічаць, што задавальненьне ад працы, якую вы выконваеце штодня, спрыяе агульнаму тонусу арганізму, умацоўвае імунную сыстэму, робіць чалавека менш успрымальным да нэгатыўных ўплываў стрэсу. Апошнія навуковыя дасьледаваньні сьведчаць аб тым, што пачуцьцё радасьці і задавальненьня працай – зусім не абстрактная катэгорыя, а рэальны фактар, які станоўча ўплывае на ціск, склад крыві, пульс, функцыянаваньне паасобных органаў арганізму.

Праца, за якую добра плоцяць, якая прыносіць вам задавальненьне, – гэта выразны фактар доўгажыхарства. Заробак, аднак, мае тут другасную ролю. Той, хто зарабляе шмат грошай, але праца прыносіць яму незадавальненьне і нават пакуты, ня можа быць цалкам здаровым чалавекам. Грошы могуць быць толькі адным з элемэнтаў, які спрыяе шчасьцю і здароў’ю, але яны ня могуць гарантаваць іх.

Сярод тых, хто перакрочыў 90 гадоў, вельмі шмат такіх людзей, якія ўсё жыцьцё былі надзвычай актыўнымі ў сваёй прафэсіі. І нават сёньня, калі ўжо набліжаецца стогадовы юбілей, некаторыя зь іх працуюць альбо займаюцца грамадзкай дзейнасьцю. Сярод іх – прафэсар Барыс Кіт, 91-гадовы беларус, які сёньня жыве ў нямецкім горадзе Франкфурце-на-Майне. Вось што Барыс Кіт кажа слухачам перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства” пра сакрэт свайго доўгалецьця:

(Кіт: ) “Я ўсё жыцьцё быў вельмі заняты сваёй працай. Яна забірала мяне амаль без астатку. Я быў шчасьлівы, ды і сёньня я шчасьлівы сваёй працай. Я таксама маю добрую генэтычную спадчыннасьць. Усе мае сваякі даволі доўга жылі. Акрамя таго, я ўсё жыцьцё займаўся спортам. У гэтым і палягае якраз сакрэт майго доўгалецьця”.

Прафэсар Барыс Кіт – чалавек унікальнага лёсу. Усе жыцьцё ён быў вельмі занятым чалавекам. Як ён сам сьцьвярджае, часам, праца напаўняла ягонае жыцьцё без астстку. З настаўніка матэматыкі віленскай беларускай гімназіі ён вырас у вядомага вучонага ЗША, спэцыяліста ў ракетным паліве, які спрычыніўся да распрацоўкі амэрыканскай касьмічнай праграмы. Прафэсар Кіт – аўтар шматлікіх навуковых працаў, у тым ліку, папулярнага ўнівэрсытэцкага падручніка. Барыс Кіт у працягу амаль 30 год ён быў выкладчыкам, прафэсарам Мэрылэндскага ўнівэрсытэту і ягонай філіі ў Нямеччыне. Вось што ён расказвае пра суадносіны ў сваім жыцьці паміж так інтэнсыўнай, але радаснай працай і станам ягонага здароў’я:

(Кіт: ) “Мне пашанцавала, што я паехаў у Амэрыку і там пачаў займацца вельмі цікавай працай. Гэтая праца, бясспрэчна, мела карысны ўплыў на маё здароў’е. Дарэчы, я ўсё жыцьцё ўсю сваю працу рабіў з радасьцю. Датычыць гэта і майго жыцьця ў Беларусі, дзе я працаваў настаўнікам і дырэктарам беларускай гімназіі”.

Жыцьцё Барыса Кіта было выкладзенае ня толькі аднымі ружамі. Былі ў яго і цяжкія пэрыяды, калі ён быў бяз працы, калі праца прыносіла пакуты. Які гэта ўсё мела ўплыў на стан ягонага здаро’я?

(Кіт: ) “Толькі кароткі час, калі я прыехаў у Амэрыку, я быў бяз працы. Ясна, што гэта мела нэгатыўны ўплыў на стан майго здароў’я. Але я даволі хутка знайшоў працу і ўсё ўнармавалася”.

Нягледзячы на свой 91-гадовы ўзрост прафэсар Барыс Кіт і сёньня вызначаецца творчым, актыўным падыходам да жыцьця. Штодня ў ягонай паштовай скрынцы да 10 лістоў. Пішуць ня толькі калегі-прафэсары, вучні з усяго сьвету, але і незнаёмыя людзі пераважна з Беларусі, якія хочуць атрымаць слова свайго выдатнага суайчыньніка. І амаль усім ім Барыс Кіт знаходзіць час, каб адказаць. Вось і сёньня ён дае параду нашым слухачам: як жыць доўга і ў добрым здароў’і:

(Кіт: ) “Галоўнае, трэба мець задавальненьне ад працы. Шчасьце ў працы, я лічу, галоўны варунак доўгалецьця. Таксама трэба быць патрыётам сваёй бацькаўшчыны, мець аптымістычны падыход да жыцьця. І яшчэ, трэба мець чыстае сумленьне”.

Задавальненьне з працы – шлях да шчасьця, шлях да выразнага зьмяншэньня вашага рэальнага біялягічнага ўзросту. Мозг радаснага, шчасьлівага чалавека ўвесь час выпрацоўвае спэцыяльныя рэчывы, якія садзейнічаюць павелічэньню ў крыві ўзроўню так званага добрага халестэролу, спрыяюць паляпшэньню функцыянаваньня ворганаў цела, фізычна ўмацоўваюць яго.

А цяпер у нашай традыцыйнай рубрыцы “Навіны мэдычнага жыцьця” некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і:

1. Вядома, што моцны шум аўтамабільнага ці чыгуначнага транспарту, гук самалётных рухавікоў нэгатыўна ўплывае на стан здароў’я людзей. Realage, аднак, папярэджвае, што нават слабыя, але сталыя шумы могуць мець нэгатыўны ўплыў. Падчас экспэрымэнту амэрыканскіх навукоўцаў, удзельнікамі якога былі 115 дзевяці-дзесяцігадовых дзяцей, іх падвяргалі ўплыву шумоў у прыблізна 50 дэцыбэлаў. У выніку дзеці мелі праблемы з канцэнтрацыяй, у іх выразна пагаршаўся настрой. Некаторыя нават траплялі ў стан дэпрэсіі. Штодзённы ўплыў шумоў на чалавека выклікае стрэс, падвышае ціск і пульс. Пад уплывам шумоў павышаецца таксама ўзровень адрэналіну ў крыві. Дацэньвайце цішыню! Гэта карысна вам і усім навокал.

2. Кампутары не вінаватыя ў хваробе стомленасьці вачэй, калі вочы сьлязяцца, ці вы адчуваеце пячэньне. Падчас дасьледаваньня стану здароў’я 200 працаўнікоў аднаго амэрыканскага банку высьветлілася, што стомленасьць вачэй назіралася перш за ўсё ў тых людзей, якія перажывалі ў гэтыя дні розныя стрэсы. Больш дакладны аналіз прычынаў стомленасьці вачэй высьветліў, што першапрычынай хваробы быў тытунёвы дым, канфліктныя сытуацыі з супрацоўнікамі і кліентамі, а таксама малое задавальненьне ад выкананай працы.


3. Ці могуць дадаткі да ежы быць сродкам прадухіленьня раку. Экспэрты Realage лічаць, што так, калі прыправы вельмі вострыя – як кажуць, пасьля іх гарыць у роце. Асабліва гэта датычыць прыправаў, у склад якіх уваходзіць хрэн. Паводле апошніх дасьледаваньняў амэрыканскіх дыетолягаў, хрэн мае ў сваім складзе рэчывы, якія не дазваляюць ракавым клеткам распаўсюджвацца. Realage радзіць, што пераход на здаровае харчаваньне можа зменшыць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш як на 10 год.
XS
SM
MD
LG