Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе чалавек праз 20-30 год жыць па 100-120 гадоў?


Мікола Іваноў, Прага

Сёньня Ўсясьветны дзень здароў’я, які праводзіць ААН. Сёлета ён праводзіцца пад лёзунгам “Здароў’е для ўсіх у ХХІ стагодзьдзі”.

Гэты дзень – нагода для Ўсясьветнай Арганізацыі аховы здароў’я зьвярнуць увагу ўрадаў дзяржаваў сьвету і грамадстваў паасобных краінаў на тое, што дасягненьне высокага ўзроўня здароў’я кожным жыхаром плянэты зьяўляецца адным з галоўных правоў чалавека, зафіксаваным у Статуце ААН. Усясьветная арганізацыя аховы здароў’я праводзіць па ўсім сьвеце шматлікія мерапрыемствы (навуковыя канфэрэнцыі, дні адчыненых дзьвярэй у шпіталях, мэдычных інстытутах і ўнівэрсытэтах, кампаніі вакцынаваньня дзяцей у краінах трэцяга сьвету. Галоўная мэта Дня здароў’я – распаўсюджваньне ідэяў аб тым, што менавіта паляпшэньне стану здароў’я людзей зьяўляецца адной з галоўных канчатковых мэтаў сацыяльнага і эканамічнага разьвіцьця.

Жыць доўга і ў добрым здароў’і – натуральная патрэба чалавека. І, здавалася б, мэдыцына робіць усё магчымае, каб гэтая патрэба ажыцьцяўлялася. У ХХ стагодзьдзі былі практычна цалкам выкаранёныя шматлікія небясьпечныя хваробы. Але адначасна некантраляваны эканамічны рост, спажывецкая псыхалёгія, якая пануе сёньня ў грамадзтвах амаль усіх краінаў сьвету, і патрэба высокіх прыбыткаў ствараюць глебу да зьяўленьня новых хваробаў, якія называюць часам цывілізацыйнымі. Чалавек хоча быць здаровым, але адначасна шмат робіць дзеля таго, каб псаваць сваё здароў’е. Ці ёсьць выхад з гэтага цывізізацыйнага парадоксу? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да прэсавага сакратара Эўрапейскага цэнтру Ўсясьсьветнай арганізацыі аховы здароў’я Франкліна Апфэльда. Вось што ён мне адказаў:

(Апфэльд: ) “Галоўнае заданьне Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароў’я – зрабіць праблему здароў’я чалавека прыярытэтнай. Ня можа быць ніякага прагрэсу чалавецтва без здароў’я. Мерай посьпеху нашага грамадзтва можа быць толькі колькасьць здароў’я, створанага для жыхароў плянэты і для самой плянэты. Што ж датычыць парадоксу, пра які вы гаворыце, сапраўды маторам прагрэсу сёньня зьяўляецца эканамічнае разьвіцьцё. Але створаныя на плянэце багацьці не заўсёды справядліва распаўсюджваюцца. У нас столькі людзей, якія галадаюць. Мільёны людзей пакутуюць, маюць праблемы з доступам да асноўных сродкаў жыцьця”.

Створаная ў 1948 годзе Ўсясьветная Арганізацыя аховы здароў’я сёньня аб’ядноўвае ў сваім складзе 190 дзяржаваў. Галоўная мэта яе дзейнасьці, як заявіў у размове з намі прэсавы сакратар яе Эўрапейскага цэнтру Франклін Апфэльд, – дапамагаць умацаваньню здароў’я тых, хто гэтага найбольш патрабуе: хворым, людзям, якія не атрымліваюць дастатковага мэдычнага абслугоўваньня і тым, хто пакутуе ад беднасьці.

Сёлетні Ўсясьветны дзень аховы здароў’я пройдзе ў духу пошуку рашэньняў праблемаў менавіта гэтых найбольш безабаронных перад хваробамі групаў людзей нашай плянэты. Франклін Апфэльд расказвае:

(Апфэльд: ) “Перш за ўсё мушу падкрэсьліць, што 7 красавіка – дзень нараджэньня Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароў’я. Для нас гэты дзень нагода зьвярнуць увагу на тое, што найбольш пагражае здароў’ю чалавека. Сёлета мы хочам зьвярнуць увагу людзей на праблемы псыхічных хваробаў. Гэтыя хваробы выклікаюць сёньня ў сьвеце вельмі шмат пакутаў ды інвалідства. Паводле нашых дадзеных, кожны чацьвёрты чалавек плянэты пакутваў хоць раз у жыцьці ад псыхічнай хваробы. І нягледзячы на гэта да псыхічна хворых дрэнна ставяцца, іх дыскрымінуюць. Да ітакіх хваробаў ня ставяцца так сур’ёзна, як да целесных хваробаў. І таму мы сёлета падчас Усясьветнага дня здароў’я імкнемся стымуляваць разуменьне праблемы сярод людзей, але перш за ўсё сярод палітыкаў і ўрадаў. Псыхічна хворы чалавек – гэта не невылечна хворы. Ён можа паправіцца і зноў пачаць уносіць важкі ўклад у грамадзтва. Вядома, што найбольш выдатныя прадстаўнікі чалавецтва мелі псыхічныя хваробы. Але найбольш тут небясьпечнае тое, што кожнага другога псыхічна хворага чалавека ніколі не лячылі”.

ХХ стагодзьдзе стала часам нараджэньня адной з самых страшных хваробаў у гісторыі чалавецтва. Гэта – СНІД, хвароба, ратунку ад якой да сёньняшняга дня практычная няма. Некаторыя навукоўцы лічаць, што і гэты страшэнны нядуг мае цывізізацыйныя карані. А ці існуе магчымасьць, што і ХХІ стагодзьдзе прынясе нам нейкую новую падобную хваробу, якая таксама будзе невылечнай? Прэсавы сакратар Усясьветнай арганізацыі аховы здароў’я Франклін Апфэльд выказаў на гэтую тэму наступную думку:

(Апфэльд: ) “Цяжка сказаць, ці гэта можа быць нейкая новая эпідэмія СПІДу, можа нейкай іншай хваробы. Мне цяжка прадказваць. Мяне непакоіць іншае – што міжнацыянальныя карпарацыі, апантаныя прагай чыстага прыбытку, яны ставяць здароў’е чалавека ў другасную пазыцыю. Такая палітыка можа лёгка спрыяць пашырэньню эпідэміяў сёньняшніх хваробаў, а таксама стварэньню новых”.

Нашая перадача “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства” даволі падрабязна падавала інфармацыю пра адкрыцьцё чалавечага геному, якое шмат хто сёньня называе “геннай рэвалюцыяй”. Ёсьць прагнозы, што сярэдняя працягласьць жыцьця праз 20-30 гадоў падоўжыцца да 100-120 гадоў. Факт гэты толькі зь першага погляду выглядае адназначна пазытыўным. Але калі падобны прагноз зьдзейсьніцца, новая сытуацыя нараджае вялікую колькасьць новых праблемаў. У тым ліку і праблемаў для Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароў’я. Выразна павялічыцца колькасьць старых людзей, якіх трэба будзе ўзяць пад сваю апеку. Як лячыць такую колькасьць старых? Адкуль узяць сродкі, каб выплочваць усім ім пэнсіі і сацыяльную дапамогу? Як трэба будзе рэарагнізаваць усю сыстэму мэдычнага абслугоўваньня? Ці ва Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароў’я ўсьведамляюць усе гэтыя праблемы? Прэсавы сакратар Усясьветнай арганізацыі аховы здароў’я Франклін Апфэльд адказвае:

(Апфэльд: ) “Я абсалютна перакананы, што новыя навуковыя распрацоўкі ў хуткім часе дазволяць людзям жыць да 100-120 гадоў. Але паўстае пытаньне: што гэта будзе за жыцьцё? І ці гэтае доўгажыхарства будзе ў аднолькавай ступені даступнае ўсім жыхарам нашай плянэты. Усясьветная Арганізацыя аховы здароў’я бачыць сваё галоўнае заданьне ў тым, каб гэтыя новыя дасягненьні мэдычнай думкі былі даступныя ўсім. Другі аспэкт праблемы – гэта якасьць такога доўгага жыцьця. Трэба гэтым старым 100-120-гадовым людзям стварыць прыязную атмасфэру жыцьця, каб багацьці распаўсюджваліся больш раўнамерна. Але гэта вялікія заданьні, і яны павінны ажыцьцяўляцца адначасова з прэгрэсам біялёгіі ды іншых навукаў, якія займаюцца праблемамі доўгажыхарства”.

Франклін Апфэльд – адзін з вэтэранаў ва Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароў’я. Ён працуе тут ужо 14 год. А як сам доктар Апфэльд ставіцца да свайго здароў’я? Як часта хварэе? Ці вядзе здаровы лад жыцьця? Як ставіцца да лекаў? Ці стала прымае полівітаміны? Якое месца займае спорт у ягоным жыцьці? Франклін Апфэльд адказвае:

(Апфэльд: ) “Мяне ў гэтым сэнсе можна параўнаць з шаўцом, які сам застаўся без чаравікаў. Я ведаю пра ўплыў стылю жыцьця чалавека на стан ягонага здароў’я. Я, як лекар, ведаю, як трэба харчавацца, ведаю, пра пазытыўны ўплыў фізычных практыкаваньняў. Я імкнуся, каб гэтыя элемэнты здаровага жыцьця прысутнічалі ў маім штодзённым жыцьці. Але я працую вельмі шмат. Магчыма, больш чым патрэбна. Мае дзеці бачаць мяне замала дома. І я кампэнсую гэта сваёй працай. Я нават не заўважаю, што я працую. Я з энтузіязмам стаўлюся да працы. Для мяне праца стала галоўным самавыражэньнем. Гэта для мяне блаславеньне і падарунак лёсу”.

Усясьветны дзень аховы здароў’я – гэта ня толькі нагода для правядзеньня ва ўсім сьвеце розных гуманітарных акцыяў, акцыяў прапаганды здаровага стылю жыцьця і неабходнасьці змаганьня з беднасьцю. Гэта таксама нагода павіншаваць усіх тых, хто самааддана служыць справе аховы здароў’я людзей, падзякваць людзям у белых халатах за іх працу, якую ім часам даводзіцца выконваць у самых неспрыяльных варунках.

А цяпер у нашай традыцыйнай рубрыцы “Навіны мэдычнага жыцьця” некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і:

1. Здаўна вядома, што, каб ныркі чалавека працавалі спраўна, трэба шмат піць. Камяні ў нырках акрамя іншага зьяўляюцца перш за ўсё з прычыны нястачы з арганізме чалавека вадкасьці, якая расшчапляе мінэральныя солі. Апошнія дасьледаваньні фінскіх навукоўцаў сьведчаць аб тым, што ёсьць адзін гатунак вадкасьці, які можа быць эфэктыўным папераджальным сродкам. Гэта піва. Адна-дзьве шклянкі піва штодня значна зьмяншаюць верагоднасьць каменна-ныркавай хваробы. Фінскія дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што аснова гэтых уласьцівасьцяў піва – хмель, зь якога вараць піва. Хмель зьяўляецца моцным сродкам, які ставіць заслон пранікненьню кальцыя ў мачу.
Эскперты Realage лічаць, што памяркоўнае спажываньне алкаголю (чарка гарэлкі, келіх віна альбо куфаль піва) можа зьменшыць ваш рэальны біялягічны ўзрост на два гады.

2. Эфэктыўнасьць антыбіётыкаў у лячэньні некаторых хваробаў агульнавядомая. Але антыбіётыкі маюць і выразны адмоўны бок. Яны прыгнятаюць імунную сыстэму арганізму, і пры наступных хваробах яна ўжо ня дзейнічае так спраўна. Экспэрты Realage настойліва рэкамэндуюць: кожны раз, калі можна абысьціся без антыбіётыкаў, карыстайцеся іншымі сродкамі лячэньня. Напрыклад, падчас моцнага насмарку і агульнай прастуды саляны раствор у аэразолі можа мець амаль аднолькавы эфэкт, як і антыбіётыкі. Калі яго ўжываць кожныя дзьве гадзіны, ён добра ачышчае носавую поласьць і спрыяе зьнішчэньню бактэрыяў.

3. Уключэньне ў склад вашага штодзённага мэню рыбных прадуктаў – вельмі добры сродак, каб захаваць здароў’е да старасьці. Асабліва гэта датычыць сьвежай рыбы з паўночных мораў. Але экспэрты Realage папярэджваюць: рыба з паўднёвых мораў, асабліва старая, якая палюе на іншыя рыбы (акулы, тунец, каралеўская скумбрыя) можа быць небясьпечнай для вашага здароў’я. Паводле вынікаў дасьледаваньняў канадыйскіх навукоўцаў, у целах старых рыбаў акумулююцца ртутныя хімічныя злучэньні, якія могуць быць вельмі небясьпечнымі для вашага здароў’я.

4. Як лічаць экспэрты Realage, нават самыя нязначныя фізычныя практыкаваньні могуць рабіць цуды. У адным з амэрыканскіх унівэрсытэтаў быў праведзены маштабны экспэрымэнт, удзельнікамі якога сталі 40 тысяч чалавек. Гэтыя людзі перад экспэрымэнтам вялі ў асноўным сядзячы стыль жыцьця. Калі ж яны пачалі кожны тыдзень прысьвячаць толькі адну гадзіну шпацыру, верагоднасьць зьяўленья ў іх сардэчна-судзінных захворваньняў зьменшылася напалову ў параўнаньні з тымі, хто працягваў у асноўным сядзячы лад жыцьця. Экспэрты Realage лічаць, што заняткі спортам могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на 9 гадоў маладзейшым. Адна гадзіна актыўнага шпацыру у тыдзень удвая павышае шанец мець здаровае сэрца.
XS
SM
MD
LG