Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна перамагчы наступствы цяжкіх хваробаў?


Мікола Іваноў, Прага

Сухоты, тыфус, скарлаціна, адзёр, гепатыт (жаўтуха), язва страўніка, запаленьне жоўцявога пухіра ды іншыя цяжкія хваробы… Раней лічылася, што пасьля таго, як чалавек перанес адну зь іх альбо некалькі разам, вяртаньне да поўнага здароў’я амаль немагчымае. Яны, нібыта, пакідаюць нэгатыўны глыбокі сьлед на здароў’і чалавека, і далейшае жыцьцё адбываецца пад уплывам наступстваў гэтых хваробаў.

Экспэрты амэрыканскай грамадзка-лекарскай арганізацыі Realage, якія завочна выступаюць у якасьці сталых кансультанатаў нашай перадачы, лічаць, што гэта адзін з найбольш распаўсюджаных памылковых поглядаў.

Арганізм чалавека мае ўнікальныя ўласьцівасьці аднаўляцца. Калі пасьля перанесенай хваробы чалавек пачынае весьці здаровы лад жыцьця (так, як гэта рэкамэндуе Realage), вяртаньне да паўнавартаснага здароў’я гарантаванае.

Арганізм чалавека можа лячыць сябе сам. Амэрыканскія лекары лічаць, што да 70% ўсіх хранічных хваробаў тыпу цукроўкі, гіпэртаніі ці трамбафлебіту і нават некаторых відаў раку можна хутка вылечыць з дапамогай кардынальнай зьмены стылю жыцьця.

Барыс Рагуля вядомы канадыйскі каардыёляг, былы Прэзыдэнт Лекарскай асацыяцыі правінцыі Антарыё расказвае пра тое, які ўплыў мелі на ягоны стан здароў’я перанесеныя раней хваробы.

(Рагуля: ) “Я захварэў на сухоты, як быў у савецкай турме. Гэта быў тубэркулёз лёгкіх. Мая бабуля неяк вылячыла мяне, і я паправіўся нейкім цудам. Але ў 1968 годзе туберкулёз зьявіўся ў нырках. Але яго таксама ўдалося вылячыць, і сьледу па ім ужо няма. Праўдападобна, мой бацька меў праблему з сэрцам, але ён памёр маладым, і мы ня ведаем гісторыю ягонай хваробы. Калі я быў на мэдычным аглядзе апошні раз, дык кардыёляг мне кажа, што толькі дзякуючы лыжным трэніроўкам, тэнісу ды іншым заняткам спортам ты сабе падоўжыў жыцьцё на шмат гадоў. Я асабіста поўнасьцю перакананы, што фізычная актыўнасць – найлепшы лек”.

Прыгадаю, што Барысу Рагулі сёньня 82 гады. Ягонаму здароў’ю могуць пазайздросьціць нават маладыя. Ён актыўны спартсмэн, вядзе надзвычай шырокую грамадзкую і палітычную дзейнасць. Кансультуе буйныя шпіталі Канады ў справах складаных выпадкаў сардэчна-судзінных захворваньняў.

Экспэрты Realage лічаць, што пераважная бальшыня згаданых раней цяжкіх хваробаў, у тым ліку заразных, выклікаецца рознымі дэфэктамі імуннай сыстэмы, а яе абаронныя функцыі зьніжаюцца пераважна тады, калі чалавек вядзе нездаровы стыль жыцьця.

Чаму, напрыклад, калі блізкі кантакт з хворым на сухоты мае некалькі чалавек, а захворвае зь іх толькі адзін ці два? Хвароба, асабліва, заразная, шукае найбольш легкія шляхі распаўсюджваньня. Яе ахвярамі робяцца людзі незагартаваныя, імунная сыстэма якіх аслабленая.

Паводле дадзеных, якія перадала нашай перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства” прафэсар Тыну Рантанен, вядучы экспэрт Усясьветнай арганізацыі аховы здароў’я ў галіне працягласьці жыцьця, амаль 12% жыхароў нашай плянеты практычна поўнасьцю здаровыя людзі, якія не хварэюць наагул. Але гэта зусім не азначае, што ўсе яны ў ліку доўгажыхароў. Тыну Рантанен лічыць, што стан імуннай сыстэмы чалавека ў значнай ступені залежыць ад стылю і якасьці ягонага жыцьця.

Імунітэт – перш за ўсё вынік адпаведнай мабілізацыі абарончых функцыяў клетак арганізму. А калі яны паслабленыя сталым пераяданьнем, высокім крывяным ціскам і запаволенымі працэсамі абмену рэчываў (адсутнасьць фізычных практыкаваньняў), арганізм чалавека слаба змагаецца з інфэкцыямі.

А вось што расказвае пра тыя цяжкія хваробы, якія ёй давялося перанесьці ў сваім жыцьці, 92-гадовая доўгажыхарка зь Нью Ёрку Яніна Каханоўская.

(Каханоўская: ) “Я мела вельмі цяжкую хваробу – тыфус сыпны ў часе голаду. Гэта быў 1920 год. Пазьней я перанесла “гішпанку”. На гэтую хваробу хварэла амаль уся Эўропа. Шмат людзей памёрла. Я ў дзяцінстве таксама вельмі дрэнна харчавалася. Пасьля тыфусу мы елі тое, што ядуць каровы, – так званую “макуху”, розныя адпадкі. Елі лупіны ад бульбы”.

Яніна Каханоўская, нягледзячы на свой сталы ўзрост, таксама сёньня ў добрым здароў’і. Яна вядзе поўнавартаснае жыцьцё. Мае шмат сяброў. Яна заўсёды сярод людзей. Вельмі любіць апавядаць пра падзеі мінулага. Яна шмат падарожнічае. Нядаўна, напрыклад, гасьцявала ў нас ў Празе.

Перанесеныя раней інфэкцыйныя, нават цяжкія захворваньні, на думку экспэртаў Realage, калі яны, зразумела, не прывялі да сталага калецтва, могуць адыгрываць станоўчую ролю для агульнага стану здароў’я чалавека. Яны як бы загартоўваюць арганізм чалавека, спрыяюць мабілізацыі ягонай імуннай сыстэмы.

Сярод доўгажыхароў, як вы, паважаныя радыёслухачы, пасьпелі пераканацца, даволі шмат людзей, якія раней даволі цяжка і нават часта хварэлі. І цяпер у сталым веку ў іх пра гэтыя хваробы застаўся толькі сумны ўспамін. Цяпер яны бадзёрыя і ў добрым здароў’і, нягледзячы на былыя пакуты.

Прыгадаем, што пачынаць працэс аздараўленьня вашага арганізму ніколі ня позна, нават, калі вашае здароў’е абцяжаранае былымі хваробамі.

На працягу апошніх пяці гадоў амэрыканскія навукоўцы і навукоўцы іншых краінаў правялі шэраг дасьледаваньняў стану здароў’я людзей, якія пасьля шматгадовага незьвяртаньня ўвагі на сваё здароў’е, пачалі весьці здаровы лад жыцьця.

Лябараторныя дасьледаваньні пацьвярджаюць, што калі вы пачынаеце як мінімум 5 разоў на дзень есьці садавіну (яблыкі, апэльсіны, вінаград, бананы ды інш.) вязкасьць вашай крыві паніжаецца на працягу ўсяго чатырох месяцаў, і вашыя судзіны ачышчаюцца.

Калі 40-гадовы чалавек, які ніколі не займаўся спортам, пачынае рэгулярныя фізычныя практыкаваньні, ягонае рызыка сардэчна-судзінных захворваньняў утрымліваецца практычна на такім самым узроўні, як і ў тых людзей, якія ўсё жыцьцё займаліся спортам.

Прыгадаем паданы ў адной з папярэдніх перадачаў сэрыі “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства” канкрэтны плян амэрыканскай грамадзка-лекарскай арганізацыі Realage з чаго і як пачынаць працэс аздараўленьня.

Плян гэты складаецца з пяці складовых частак:

1. Кардынальная зьмена стылю вашага харчаваньня.

2. Пачатак рэгулярных заняткаў спортам.

3. Сталы кантроль над вагой вашага цела.

4. Адмова ад дрэнных звычак (курэньне і піцьцё алькаголю).

5. Кардынальная зьмена духовага жыцьця: сьвядомы ўдзел у Богаслужбах, штодзённая мэдытацыя альбо сьвядомы кантроль над пачуцьцямі.

Калі вы будзеце строга выконваць гэтыя рэкамендацыі Realage, посьпех у аздараўленьні вашага арагнізму гарантаваны. Ваш рэальны біялягічны ўзрост можа быць ажно на 12 гадоў маладзейшы за пашпартны.

А цяпер у нашай традыцыйнай рубрыцы “Навіны мэдычнага жыцьця” некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і:

1. Гэта ня сьмешная, а зусім сур’ёзная парада Realage. Паспрабуйце штодня карыстацца саломінкай кожны раз, калі вы пьяцё сок, колу ці мінэральную ваду. Гэта значна зменшыць кантакт вашых зубоў з вадкасьцямі, якія спрыяюць карыесу. А ў выніку вашыя зубы будуць здаравейшыя. Realage радзіць, што рэгулярная чыстка зубоў і сталае карыстаньне спэцыяльнымі зубачысткамі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў меншым.

2. Калі вы стала займаецеся практыкаваньнямі з гантэлямі ці штангаю, памятайце, што спорт з абцяжарваньнямі спрыяе ўмацаваньню і павелічэньню аб’ёму вашых мышцаў, але адначасна скарачае іх даўжыню. А гэта падвышае верагоднасць траўмаў. Таму Realage рэкамэндуе падчас кожнай трэніроўкі прысьвячаць 10-12 хвілінаў спэцыяльным практыкаваньням расьцяжкі мышцаў.

3. Буйназерневыя прадукты харчаваньня (чорны хлеб, куруруза, бабовыя) ня толькі спрыяюць функцыянаваньню прамой кішкі, але й выразна зьніжаюць рызыку раку горла і ротавой поласьці. Апошнія дасьледаваньні амэрыканскіх навукоўцаў сьведчаць, што асобы, якія ядуць шмат буйназерневых прадуктаў, маюць найменшы ўзровень ракавых захворваньняў гэтага тыпу.

4. Набліжаецца вясна, час квітненьня расьлінаў, а разам з тым і падвышэньня колькасьці алергічных захворваньняў. Але, алергікі, ня спяшайцеся ў аптэкі па лекі. Апошнія дасьледаваньні амэрыканскіх навукоўцаў сьведчаць аб тым, што сьмех можа быць добрым сродкам супраць алергіі. Удзельнікі экспэрымэнту-алергікі, якім была паказаная вельмі сьмешная кінакамэдыя, ў значнай ступені менш выказвалі прыкметы алергіі, чымся тыя, хто сьмешнага фільму не глядзеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG