Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці бывае запозна пачынаць здаровы лад жыцьця? - ІІ


Мікола Іваноў, Прага

Нагадаю, што пачынаць здаровае жыцьцё ніколі ня позна. Арганізм чалавека мае ўнікальныя ўласьцівасьці лячыць сябе сам.
Амэрыканскія лекары лічаць, што да 70% ўсіх хранічных хваробаў кшталту цукроўкі, гіпэртаніі ці трамбафлебіту і нават некаторых відаў раку можна хутка вылячыць з дапамогай кардынальнай зьмены стылю жыцьця.

Вядучы экспэрт Усясьветнай арганізацыі аховы Здароў’я , загадчык аддзелу рэабілітацыі, прафэсар Шанды Мэнтыс лічыць, што нават пасьля цяжкіх хваробаў кшталту інсульту ці інфаркту працэс аднаўленьня чалавечага арганізму цалкам магчымы.

(Мэндыс: ) “Рэабілітацыя – гэта вельмі важны аспэкт лячэньня хворых на сардэчна-судзінныя хваробы. Гэта датычыць тых, хто мае хранічныя сардэчныя хваробы, хто перанес інфаркт ці інсульт. Рэабілітацыя мае розныя аспэкты. Перш за ўсё яна павінна садзейнічаць аднаўленьню фізычнай спраўнасьці чалавека, яго сацыялягічных функцыяў, а таксама паляпшэньню ўмоваў ягонага жыцьця і стварэньне сытуацыі, каб пацыент зноў адчуў смак жыцьця. Важна, каб хворы зноў асэнсаваў сваю фізычную і сацыяльную незалежнасць. Гэта падвысіць ягоны шанец вяртаньня да працы. Гэта вельмі важна. Калі ў вас добрая праграма рэабілітацыі, гэта гарантуе вашае вяртаньне да нармальнага жыцьця, у вас ня будзе рэцыдыву і вы больш ня трапіце ў шпіталь. Сардэчна-судзінныя хваробы, гаворым мы пра інсульт ці сардэчную недастатковасьць, гэта хранічныя хваробы, і калі вы аднойчы захварэлі, нават пасьля лячэньня, хвароба можа вяртацца зноў і зноў. Каб гэтага ня здарылася вы павінны адпаведна дзейнічаць. Калі ж у вас добрая праграма рэабілітацыі, галоўнае, каб у вас не было рэцэдыву. І каб так не адбылося, шмат залежыць ад самога пацыента. Трэба зьмяніць стыль вашага жыцьця, адмовіцца ад рызыкоўных паводзінаў. Трэба кінуць паліць, пачаць больш фізычна актыўнае жыцьцё і перайсьці на здаровую дыету”.

Як сьведчаць вынікі апошніх дасьледаваньняў, зьмена стылю вашага жыцьця можа даволі хутка спрычыніцца да паляпшэньня агульнага стану вашага здароў’я. Вязкасьць крыві, напрыклад, вяртаецца да нормы ўжо на працягу 4 месяцаў пасьля адмовы ад тлустай ежы.

Навукоўцы высьветлілі, што калі 40-гадовы чалавек, які ніколі не займаўся спортам, пачынае рэгулярныя фізычныя практыкаваньні, ягоная рызыка сардэчна-судзінных захворваньняў утрымліваецца практычна на такім самым узроўні, як і ў тых людзей, якія ўсё жыцьцё займаліся спортам.

Але аб усім па-парадку: з чаго ж трэба пачынаць? Якія першыя крокі трэба зрабіць пасьля гадоў нездаровага жыцьця, каб зноў адчуваць сябе маладым, каб вярнуць сабе духовыя і фізычныя сілы?

Прапануем вам на падставе рэкамэндацыяў амэрыканскай грамадзка-лекарскай арганізацыі Realage канкрэтны плян: з чаго і як пачынаць працэс аздараўленьня.

Плян гэты складаецца з пяці складовых частак:

1. Кардынальная зьмена стылю вашага харчаваньня.

2. Пачатак рэгулярных заняткаў спортам.

3. Сталы кантроль над вагой вашага цела.

4. Адмова ад дрэнных звычак (паленьне і піцьцё алкаголю).

5. Кантраляваньне вашых пачуцьцяў, каб пазьбегнуць стрэсаў.

Калі вы будзеце строга выконваць гэтыя рэкамендацыі Realage, посьпех у аздараўленьні вашага арганізму гарантаваны.

Пачнем зь першага пункту. Зьмена вашай штодзённай дыеты павінна палягаць перш за ўсё на адмове ад тлустай ежы, (асабліва ад тлушчаў жывёльнага паходжаньня), скарачэньні спажываньня тлустых малочных прадуктаў, салодкай ежы і фабрычна прадукаваных вырабаў, такіх як чыпсы, попкорны ды інш.

Патрэбы вашага арганізму ў тлушчах трэба задавольваць рыбай, асабліва марской. Realage рэкамэндуе есьці ня менш за 225 грамаў сьвежай марской рыбы на тыдзень. Ня трэба баяцца тлустай морскай рыбы. Рыбны тлушч у адрозьненьне ад жывёльнага мае выразны аздараўленчы эфэкт.

Ня менш пяці разоў на дзень трэба есьці садавіну і гародніну. Неабходна павялічыць прысутнасьць у штодзённым мэню цэльназярністых прадуктаў (грэчка, груца, бабовыя).

Другі пункт – заняткі спортам – мае таксама надзвычай важную ролю. Дасьледаваньні амэрыканскіх навукоўцаў з унівэрсытэту гораду Тафт сьведчаць аб тым, што спорт можа быць надзвычай эфэктыўным сродкам прадухіленьня некаторых наступстваў старэньня. Група пацыентаў аднаго амэрыканскага дому састарэлых ва ўзросьце ад 86 да 96 гадоў пачала рэгулярна займацца спэцыяльнымі фізычнымі практыкаваньнямі, і на працягу 8 тыдняў стан іхняга здароў’я выразна палепшыўся. У многіх аднавілася косьцявая тканка, зьменшыліся болі ад артрыту, нармалізаваўся ўровень цукру ў крыві.

Але чакаць сталага ўзросту, каб пачынаць рэгулярна займацца спортам ня варта. Экспэрты лічаць, што найлепшы ўзрост, каб пачынаць сталыя заняткі аздараўляльным спортам – ад 30 да 40 гадоў.

Трэці пункт пляну вашага аздараўленьня – гэта сталы кантроль над вагой цела. Самы просты спосаб зрабіць гэта – выразна зьменшыць колькасьць штодзённых калёрыяў, якія вы атрымліваеце зь ежай і пачаць рэгулярныя заняткі спортам. Прыгадаю, што кожныя 5 кг. залішняй вагі вашага цела падвышаюць рызыку сардэчна-судзінных хваробаў на 15%.

Чацвёрты пункт вашага пляну аздараўленьня – адмова ад празмернага піцьця алкаголю і курэньня. Курэньне бадай што галоўны вораг здароў’я чалавечага арганізму. Дасьледаваньні навукоўцаў Амэрыканскага нацыянальнага інстытуту раку сьведчаць, што нават 30 гадоў пасьля таго, як чалавек кінуў курыць, ён можа захварэць на рак лёгкіх.

З алькаголем крыху складаней. На адных нават мінімальная доза алькаголю дзейнічае як атрута. Для іншых жа алькаголь, нават у вялікіх дозах, амаль ня шкодзіць арганізму. Таму лекары раяць: піцьцё алькаголю вельмі індывідуальная рэч. Для адных рэкамэндуецца поўная абстынэнцыя (устрыманьне), для іншых памяркоўныя дозы алькаголю нават карысныя для здароў’я.

Пяты пункт нашага пляну – апанаваньне вашых пачуцьцяў такім чынам, каб пазьбягаць стрэсаў. Вера ў Бога, штодзённая малітва – найлепшы сродак зрабіць гэта. Штодзённая мэдытацыя таксама дапамагае кантраляваць вашыя пачуцьці. Доктар Джэймс Блюмэнталь з Д’юкскага унівэрсытэту ў ЗША правёў экспэрымэнт з групай хворых сардэчна-судзіннымі хваробамі. Іх рэгулярна вучылі паводле спэцыяльнай мэтодыкі: як не нэрвавацца. У выніку гэтыя заняткі мелі такі самы ўплыў на стан іхняга здароў’я, як моцныя лекі.

Гэты плян аздараўленьня, які распрацаваны на падставе рэкамэндацыяў амэрыканскай грамадзка-лекарскай арганізацыі Realage, абяцае амаль
100-працэнтны посьпех. Але выконваць яго трэба толькі комплексна. Нельга ігнараваць ніводную з рэкамендацыяў. І тады посьпех гарантаваны. Будзеце жыць доўга і ў добрым здароў’і.

А цяпер у рубрыцы “Навіны мэдычнага жыцьця” некаторыя новыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і:

1. Спэцыфічныя мінэральныя солі, якія ўваходзяць у склад груцы і звыклай бульбы вельмі карысныя для вашай памяці. Паводле інфармацыі Realage, калі група людзей, якія напярэдадні навуковага экспэрымэнту праверкі іх памяці атрымалі талерку кашы з груцы і варанай бульбы, выказвалі значна больш добрыя вынікі ў завучваньні на памяць адпаведных тэкстаў у параўнаньні зь іншай групай, члены якой кашай і бульбай напярэдадні экспэрымэнту не харчаваліся.

2. Калі вы вырашылі павялічыць у сваім штодзённым мэню колькасьць садавіны і гародніны, трэба ведаць, што з усёй садавіны вінаград мае найбольшую колькасьць калёрыяў на грам вагі. Акрамя таго, вінаград вельмі багаты мінэральнымі солямі, такімі як магнэзый, кальцый, цынк. Вінаград – найлепшы натуральны сродак прадухіленьня сардэчна-судзінных захворваньняў. Спажываньне яго дае пачуцьцё сытасьці. Пры гэтым, карысныя рэчывы вінаграду амаль цалкам захоўваюцца падчас яго перапрацоўкі ў віне, соку ды іншых вырабах.

3. Шырока распаўсюджаная думка, што спажываньне кальцыю дапамагае трымаць у добрым стане косьці вашага арганізму. Апошнія навуковыя дасьледаваньні сьведчаць, аднак, аб тым, што кальцый спрыяе захаваньню вагавага балянсу цела. Тыя людзі, якія штодня спажываюць ад 1000 да 1200 мг. кальцыя, які знаходзіцца пераважна ў малочных прадуктах, амаль ня маюць праблемаў з залішняй вагой.

4. Наяўнасьць адпаведнай колькасьці цынку ў арганізме чалавека – адзін з галоўных факатараў, які ўплывае на спраўнасьць і эфэктыўнасьць вашай імуннай сыстэмы. Але прыняцьцё цынку ў таблетках – ня самы добры спосаб яго дастаўкі ў арагнізм. Realage паведамляе, што ўдыханьне пылу пасечаных цынкавых таблетак –найлепшы спосаб яго дастаўкі ў арганізм. Асабліва гэта датычыць тых, хто перастуджаны, мае насмарк ці іншае запаленьне дыхальных шляхоў. Лячэньне такім спосабам патрабуе больш як удвая менш часу, чымся лячэньне традыцыйнымі сродкамі.
XS
SM
MD
LG