Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці бывае запозна пачынаць здаровы лад жыцьця?


Мікола Іваноў, Прага

Сярод шматлікіх водгукаў на перадачу “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства” бадай што найбольш распаўсюджанае пытаньне радыёслухачоў: ці не запозна пачынаць здаровае жыцьцё? Наколькі моцная здольнасьць чалавечага арганізму аднаўляцца? Ці доўгія гады курэньня, ужываньня алькаголю і харчаваньня тлустай ежай канчаткова зьнішчаюць арганізм і дарогі назад да здароў’я няма, ці перанесеныя цяжкія хваробы тыпу інсульту ды інфаркту маюць неабарачальны ўплыў на стан здароў’я кожнага паасобнага чалавека?

Праблема гэтая зусім ня менш важная, чым пытаньні непасрэдна лячэньня чалавека. Ва Ўсясьветнай Араганізацыі аховы здароў’я існуе спэцыяльны аддзел, які займаецца каардынацыяй праграмаў рэабілітацыі чалавечага арганізму пасьля перанесеных хваробаў і гадоў нездаровага жыцьця. Сядзіба гэтага аддзелу знаходзіцца ў Жэнэве, і кіраўнік яго прафэсар Шанты Мэндыс згадзілася выступіць у якасьці кансультанта ў нашай cёньняшняй перадачы. Вось як яна пракамэнтавала саму праблему магчымасьці чалавечага арганізму аднаўляцца:

(Мандыс: ) “Людзі пачынаюць адчуваць сябе нездаровымі звычайна ў сярэднім і сталым ўзросьце. Найбольш распаўсюджаныя сардэчна-судзінныя хваробы маюць даволі доўгі інкубацыйны пэрыяд, і іх наступствы не адчуваюцца адразу. Але бальшыня хваробаў можа быць амаль цалкам прадухіленая з дапамогай здаровага стылю жыцьця (здаровая дыета, ўстрыманьне ад курэньня і іншых дрэнных звычак).
Нашы апошнія дасьледаваньні сьведчаць, што нават у дзяцей ва ўзросьце 12-13 гадоў, якія кураць, судзіны выказваюць першыя прыкметы хваробы. І таму чым раней вы пачнеце здаровы стыль жыцьця, тым лепей”.

Бальшыня людзей жыве ў перакананьні, што пакуль малады, можна парушаць агульнапрынятыя правілы здаровага жыцьця: курыць, піць часам праз меру, не займацца спортам, дрэнна харчавацца. Прыйдзе час, і усё можна будзе паправіць з дапамогай карэннай зьмены стылю жыцьця.

Як бы ні выглядаў парадаксальным адказ на гэтае пытаньне, але ў нечым гэтыя людзі маюць рацыю. На працягу апошніх пяці гадоў амэрыканскія навукоўцы і навукоўцы іншых краінаў правялі шэраг дасьледаваньняў стану здароў’я людзей, якія пасьля шматгадовага незьвяртаньня ўвагі на сваё здароў’е, пачалі весьці здаровы стыль жыцьця.

Высьветлілася, што арганізм чалавека мае ўнікальныя ўласьцівасьці лячыць сябе сам. Праўда, адмоўны эфэкт перанесеных цяжкіх хваробаў, шматгадовага курэньня ці алкагалізму можа быць неабарачальны. Часта можна назіраць, як былыя алкаголікі, якія кінулі піць шмат гадоў таму, раптам паміраюць ці цяжка хварэюць без, здавалася б, выразных прычынаў.

Але вось адмова ад звычкі тлуста есьці можа даволі хутка аднавіць вашую сардэчна-судзінную сыстэму.

Лябараторныя дасьледаваньні пацьвярджаюць, што калі вы пачынаеце як мінімум 5 разоў на дзень есьці садавіну (яблыкі, апэльсіны, вінаград, ківі і інш.) вязкасьць вашай крыві паніжаецца на працягу ўсяго чатырох месяцаў і вашыя судзіны ачышчаюцца.

Навукоўцы высьветлілі, што калі 40-гадовы чалавек, які ніколі не займаўся спортам, пачынае рэгулярныя фізычныя практыкаваньні, ягонае рызыка сардэчна-судзінных захворваньняў утрымліваецца практычна на такім самым узроўні, як і ў тых людзей, якія ўсё жыцьцё займаліся спортам.

Як толькі вы кідаеце курыць, ужо на працягу тыдня колькасьць вуглякіслага газу ў крыві рэзка зьніжаецца. І паволі, з кожным днём устрыманьня ад курэньня зьніжаецца рызыка вашай сьмерці ад нечаканага інсульту. Праз 4-5 гадоў устрыманьня ад курэньня вашае сэрца можа быць амаль такім здаровым, як і ў людзей, якія ніколі не курылі.

Амэрыканскія лекары лічаць, што да 70% ўсіх хранічных хваробаў тыпу цукроўкі, гіпэртаніі ці трамбафлебіту і нават некаторых відаў раку можна хутка вылячыць з дапамогай кардынальнай зьмены стылю жыцьця.

Прафэсар Шанды Мэндыс камэнтуе:

(Мэндыс: ) “Калі вы захварэлі на нейкую сур’езную хваробу, напрыклад, на сэрца, цяжка гаварыць пра поўнае выздараўленьне, нават калі ў вас вельмі добрыя варункі лячэньня. Аамаль 60% хворых, якія перанесьлі інсульт, або паміраюць, або становяцца інвалідамі на працягу 6 месяцаў. Тыя ж 40%, каму пашанцавала, павінны пачынаць працэс рэабілітацыя, як мага хутчэй. З тых людзей, што выжылі пасьля інсульту, калі на працягу трох месяцаў няма пагаршэньня, гэтыя людзі могуць, калі ёсьць добрыя варункі рэабілітацыі, поўнасьцю паправіцца. Шмат залежыць, колькі высілкаў і сродкаў вы ўкладзеце ў працэс рэабілітацыі”.

Усясьветная Арганізацыя Аховы здароў’я лічыць, што зьмена стылю жыцьця людзей, адмова ад дрэнных, часам згубных звычак можа прывесьці да выразнага паляпшэньня агульнага стану здароў’я насельніцтва нашай плянеты. І таму тут распрацаваны цэлы комплекс рэкамэндацыяў у галіне працэсу рэабілітацыі тых, хто жыў раней, не зьвяртаючы ўвагі на сваё здароў’е, для тых, хто перанес цяжкія захворваньні і цяпер пачынае пэрыяд рэабілітацыі.

Вось што расказвае пра гэтыя рэкамэндацыі кіраўнік аддзелу Усясьветнай Арганізацыі аховы здароў’я прафэсар Шанты Мэнціс:

(Мэндыс: ) “Сапраўды, Усясьветная арганізацыя аховы здароў’я падрыхтавала спэцыяльны даклад на тэму рэабілітацыі. Гэтыя рэкамэндацыі складаюцца зь некалькіх разьдзелаў, якія датычаць фізычнага, духовага і сацыяльнага аспэктаў рэабілітацыі. Важным элемэнтам рэабілітацыі зьяўляецца паляпшэньне ўмоваў жыцьця чалавека. Вяртаньне да нармальнай працы таксама вельмі важнае. Пацыенты павінны адмовіцца ад дрэнных звычак, такіх як курэньне і піцьцё алкаголю. Яны павінны пачаць больш актыўнае фізычнае жыцьцё. Трэба перайсьці на здаровую дыету. Трэба зьменшыць залежнасьць пацыента ад лекаў. Гэта вельмі важна. Каб ажыцьцявіць такую праграму, не патрбнае складанае мэдычнае абсталяваньне. Вялікая роля тут сваякоў і сяброў. Такім чынам, супольныя дзеяньні дасьведчаных лекараў, сваякоў і сяброў, а галоўнае самога пацыента можна дасягнуць добрых вынікаў”.

Але тэндэнцыі, якія назіраюцца сёньня ў сьвеце ў галіне харчаваньня людзей, ідуць выразна насуперак рэкамэндацыям Усясьветнай арганізацыі аховы здароў’я. Колькасьць людзей, якія пераядаюць, шмат п’юць і кураць, павялічваецца. Датычыць гэта перадусім краінаў Эўропы, а таксама некаторых краінаў, якія разьвіваюцца. Датычыць гэта таксама нават самай багатай краіны сьвету – Злучаных Штатаў Амэрыкі. Нягледзячы на моцную антынікатынавую прапаганду, больш за 50 млн. амэрыканцаў па-ранейшаму кураць. Амаль 60% насельніцтва краіны – гэта людзі тоўстыя альбо тыя, хто пакутуе ад залішняй вагі. 20 гадоў таму такіх людзей сярод насельніцтва ЗША было толькі 47%. Кожны чацьверты амэрыканец практычна ня робіць ніякіх фізычных практыкаваньняў.

Колькасьць хворых на цукроўку 2-й стадыі (найбольш цяжкай) павялічылася ў ЗША за апошняе дзесяцігодзьдзе аж на 33%. Амаль 6% дарослых амэрыканцаў закранутыя гэтай хваробай.

Калі я зьвярнуўся ў беларуская міністэрства аховы здароў’я, каб даведацца, як выглядае беларуская статыстыка ў галіне стылю жыцьця беларускага народу, высьветлілася, што ў Беларусі такой статыстыкі пакуль-што ўвогуле няма.

Уся сыстэма аховы здароў’я ў Беларусі пабудаваная на патрэбе лячэньня хворых, а не на прадухіленьні захворваньняў. Для Беларусі, дзе некаторыя карысныя гатункі садавіны і гародніны не па кішэні пераважнай бальшыні насельніцтва, пытаньне аб тым, колькі разоў на дзень вы ясьцё садавіну і гародніну, гучыць зусім па-блюзьнерску.

Але з ростам дабрабыту, з паляпшэньнем якасьці паслугаў і перадоленьнем самізаляцыі Беларусі, і перад беларусамі зьявіцца спакуса есьці тлусьцей і смачней, праводзіць усе больш і больш часу перад тэлевізарам. Дарэчы, першыя сьведчаньні пачатку гэтага працэсу ў наяўнасьці ўжо сёньня.

Закончым, аднак, першую частку нашай праграмы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства” на аптмістычнай ноце. Прыгадаю, што амаль 70% усіх цяжкіх хранічных захворваньняў можна вылечыць з дапамогай ня лекаў, а кардынальнай зьменай стылю жыцьця. Калі хочаце жыць доўга, кідайце дрэнныя звычкі і пачынайце жыць здарова

А цяпер у рубрыцы “Навіны мэдычнага жыцьця”некаторыя новыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і:

1. Працэс жаваньня тармозіць старэньне галаўнога мозгу і спыняе старэньне памяці. Да такой высновы прышлі японскія навукоўцы. Японскія дасьледчыкі сканавалі мозг людзей, якія жуюць. Высьветлілася, што жаваньне актывізуе гапокамп – мозгавую структуру, адказную за кароткачасовую памяць. Жаваньне таксама зьмяншае колькасьць гармонаў у крыві і падаўляе стрэс.

2. Калі вы прызвычаіліся есьці вельмі гарачыя стравы, цяпер самы час адмовіцца ад гэткай дрэннай звычкі. Навукоўцы Ельскага ўнівэрсытэту ў ЗША высьветлілі, што асобы, якія п’юць вельмі гарачую каву ці чай, спажываюць вельмі гарачыя стравы, маюць у 2-3 разы большую рызыку захворваньня на рак страўніка, чымся тыя, хто п’е халодныя ці цёплыя напоі.

3. Ёгурты, якія ў значнай колькасьці ёсьць цяпер у продажы, маюць у сваім складзе бактэрыі, што спрыяюць зьніжэньню прысутнасьці дрэннага халестэролу ў крыві. Дасьледваньні амэрыканскіх навукоўцаў сьведчаць, што людзі, якія рэгулярна спажываюць ёгурты, маюць прыблізна на 8% менш дрэннага халестэролу, чымся тыя, хто не ўключае ёгурты ў сваё мэню.

4. Сушаная садавіна паводле некаторых паказчыкаў зусім не саступае сьвежай. Яна, напрыклад, мае у сабе такую самую колькасць антыаксыдантаў, як і сьвежыя плады. Тое самае датычыць магнэзія, жалеза, фоліявай кіслаты ды іншых карысных рэчываў. Прыгадаем, што Ўсясьветная арганізацыя аховы здароў’я рэкамэндуе ня менш пяці разоў на дзень есьці садавіну і гародніну. І не абавязкава гэтыя прадукты павінны быць непасрэдна з градкі.

XS
SM
MD
LG