Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэт францускага спосабу харчаваньня


Мікола Іваноў, Прага

“Францускі парадокс” – так навукоўцы-спэцыялісты ў галіне харчаваньня называюць нізкі ўзровень сардэчна-судзінных захворваньняў у Францыі. Паводле статыстыкі, французы ядуць у тры разы болей жывельнага тлушчу, чымся амэрыканцы, але ў тры разы болей амэрыканцаў, чымся французаў памірае ад інфарктаў і інсультаў. У чым жа сутнасьць “французскага парадоксу”? У чым сакрэт францускага спосабу харчаваньня?

Бальшыня францускіх экспэртаў лічыць, што справа ў чырвоным віне. Чырвонае віно мае выразны аздараўляльны эфэкт на арганізм чалавека, асабліва на ягоную сардэчна-судзінных сыстэму. Акрамя таго, французы маюць багатую старую традыцыю піцьця віна. П’юць яны яго паволі, малымі глыткамі, падчас ежы. Яны як бы запіваюць ежу віном, а гэта нэўтралізуе нэгатыўны эфэкт на арганізм чалавека жывёльных тлушчаў.

Вядомы французскі журналіст Сэрж Рэно, які на францускім телебачаньні вядзе перадачу “60 хвілінаў здаровага харчаваньня”, лічыць, што ўся справа ў аліўкавым алеі. І сапраўды, алівы маюць у сваім складзе рэчывы, якія як бы вымываюць дрэнны халестэрол з крыві.

Ёсьць таксама даволі вялікая група навуокўцаў-дасьледчыкаў харчаваньня чалавека, якія лічаць, што “французскі парадокс” можна растлумачыць толькі з дапамогай часныка і цыбулі, якія таксама шдодра прысутнічаюць у штодзённым французскім мэню. Французы ядуць значна больш часныку і цыбулі, чымся народы іншых краінаў.

Але Клод Фішлэр, сацыёляг, экспэрт Французскага нацыянальнага Інстытуту харчаваньня, гаворыць, што навукоўцы-прыхільнікі цыбульнага і часныковага варыянту тлумачэньня “французскага парадоксу”, праўдападобна, былі нанятыя фірмамі, якія гандлююць часнычнымі і цыбульнымі прадуктамі.

А што думае пра стыль свайго харчаваньня шараговы фрацуз? Каб высьветліць гэта я пазваніў у Парыж вядомаму французскаму мастаку Ігару Бітману, які часам сам сябе называе французскім гурманам, і які, паверце мне, ведае шмат пра французскую кухню. Нашую размову па телефоне спадар Бітман пачаў настуным чынам:

(Бітман: ) “Я хацеў бы прывесьці адзін трывіяльны прыклад. Традыцыі французскага харчаваньня можна параўнаць з тым, як французы займаюцца сэксам. Вынік і першага, і другога такі самы. Розьніца толькі ў варыянтах прыемнасьці”.

Брытанскі мэдычны часопіс British Medical Journal на сваіх старонках нядаўна запранаваў сваю тэорыю сутнасьці “французскага фэномэну”. На думку ягоных экспэртаў, павелічэньне колькасьці сардэчна-судзінных захворваньняў у Францыі – гэта толькі пытаньне часу. Француская кухня паволі амэрыканізуецца і раней ці пазьней французаў таксама ахопіць працэс так званай макдональдызацыі.

І сапраўды, апошнім часам колькасьць інфарктаў ды інсультаў у Францыі на душу насельніцтва ўзрасла, але да амэрыканскіх паказчыкаў Францыі яшчэ далёка.

А бальшыня французскіх навукоўцаў у галіне здаровага харчаваньня лічыць, што сакрэт добрага здароў’я французаў палягае ня ў тым, чым яны харчуюцца, але ў тым, як яны гэта робяць.

Згаданы раней Клод Фішлэр, экспэрт Французскага нацыянальнага Інстытута харчаваньня, сьцьвярджае, што адзінае сапраўднае растлумачэньне “французскага парадоксу” – у глыбока закаранёных у нацыянальнай сьвядомасьці нацыі шматвяковых традыцыях харчаваньня:

“Францускі стыль харчаваньня, – гаворыць Фішлэр, – базуецца на выразным задавальненьні, радасьці ад ежы і на традыцыі. Французы ядуць ”comme il faut” (так як трэба). Яны ядуць тое, што ім падабаецца, але паводле строгіх правілаў: ніякага перакусваньня, не спяшаючыся, ніякага хуткага прыгатаваньня ежы, ніякага перамешваньня страваў. Французы ніколі не дакрануцца да дэсэрту перад тым, пакуль ня скончылі з першымі стравамі. Француская традыцыя – амаль урачыстае сядзеньне за сталом з добрымі высокаякаснымі стравамі ў кампаніі сяброў і сваякоў. У перапынках паміж сьняданкам, абедам і вячэрай французы звычайна нічога не ядуць”.

Амэрыканскі дасьледчык францускага стылю харчаваньня Поль Розін з Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту падтрымлівае гэтую канцэпцыю тлумачэньня “францускага фэномэну”:

“Здароў’е чалавека, – сьцьвярджае ён, – залежыць не ад складу штодзённага мэню, а ад настрою, зь якім вы сядаеце за стол. Чым менш стрэсаў выклікае ў вас тое, што вы ясьцё, тым лепей. Іншымі словамі, чым большае задавальненьне вы атрымліваеце ад ежы, тым карысьней яна для вашага здароў’я”.

Пра тое, якое месца займае штодзённае харчаваньне ў жыцьці французаў, сьведчыць наступны аповед францускага мастака Ігара Бітмана.

(Бітман: ) “Усяго некалькі хвілінаў перад Вашым званком здарыўся выпадак, пра які я хачу расказаць. Як звычайна а палове другой гадзіны мы селі абедаць. Раптам раздаўся званок у дзверы. Гэта была суседка, добрая сяброўка маёй жонкі. Яна прадстаўніца старога арыстакратычнага роду, які амаль поўнасьцю збанкрутаваў. Яны страцілі свае замкі ды іншую маёмасьць. Засталося толькі гучнае арыстакратычнае імя. І вось першае, што яна сказала, калі мы адчынілі ёй дзверы: “Жахліва, я ўпершыню ў сваім жыцьці вымушаная была ўстаць з-за стала падчас абеду”. Гэта гучыць, як анэкдот. Яна нават не сказала спачатку, чаго яна прыйшла, чаму яна нас адарвала ад стала? Галоўнае, што яна сама пакінула свой абедзенны стол. Гэта для яе амаль роспач”.

А вось што французскі мастак Бітман расказаў мне пра францускую філязофію харчаваньня:

(Бітман: ) “У нашым заходнім сьвеце ёсьць як бы дзьве канцэпцыі, два духоўныя станы. Першы (я б назваў яго прагматычным) ўласьцівы пратэстанцкаму і англасаксонскаму сьвету. Прадстаўнікі яго ядуць мяса, садавіну і гародніну толькі дзеля таго, каб наесьціся. Сам працэс для іх адыгрывае малую ролю. І другі падыход, які я б назваў лацінскім. Тут галоўнае працэс атрыманьня прыемнасьці, асаблівай прыемнасьці. Для англасаксаў таксама важная прыемнасьць, але яна адыгрывае другарадную ролю. На першым месцы ў іх – быць сытым. Вытанчаная гастраномія прыйшла ў Францыю з Італіі ў пэрыяд Рэнэсансу. Але менавіта тут яна ператварылася ў сапраўднае мастацтва, у мастацтва стылю жыцьця. Гэта адбылося дзякуючы спэцыфіцы францускага нацыянальнага характару, дзякуючы адданасьці французаў традыцыям і закончанай форме. У Францыі кожная рэч павінна мець сваю форму. І дасканалая форма францускага стылю харчаваньня спрыяе добраму здароў’ю нацыі”.

Прафэсар Розін, амэрыканскі дасьледчык францускага стылю харчаваньня, правёў сацыялягічнае дасьледаваньне сярод больш як тысячы французаў і амэрыканцаў. Адно з пытаньняў, пастаўленае ўдзельнікам экспэрымэнту, гучала наступным чынам: як моцна вы занепакоеныя спажываньнем тлустай ежы, і якое месца ў вашым жыцьці займае праблема здаровага харчаваньня?

Амэрыканцы, як высьветлілася, вельмі занепакоеныя стылем свайго харчаваньня, але адначасна яны лічаць, што харчуюцца дрэнна.

Францускія ж адносіны да ежы можна схарактарызаваць толькі ў катэгорыях прыемнасьці. Фрацузы амаль не клапоцяца аб тым, наколькі здаровая іх ежа.

Для французаў ежа – гэта эмоцыі, для амэрыканцаў жа на першым месцы – хімічны склад прадуктаў.

На пытаньне: зь якім словам асацыюецца слова “шакаляд”, французы ў сваёй бальшыні адказалі, што з “урачыстасьцю”, а амэрыканцы – з “вінаватасьцю”.

На думку прафэсара Розіна, падобны стрэс амэрыканцаў у адносінах да таго, што яны ядуць, прыводзіць да дзьвюх зьяваў: хваробаў пераяданьня і хваробаў празьмернай дыетыкі.

“Сапраўдны парадокс, – лічыць Розін, – у тым, што французы смакуюць нездаровую тлустую ежу і пры гэтым застаюцца худымі, падцягнутымі і здаровымі, з незабруджанымі судзінамі, а амэрыканцы пільна кантралюць склад сваёй ежы і пры гэтым вельмі часта трапляюць на стол хірурга-кардыёляга”.

Здавалася б усё так проста. Зь дзяцінства мы чуем напаміны маці ці бабулі: не спьпяшайся, старанна перажоўвай ежу, сядзь роўна калі ясі і г.д. І толькі цяпер, у сталым узросьце, разумееш: наколькі ж прарочыя гэтыя парады, як важныя яны для захаваньня нашага здароў’я.

А цяпер у нашай традыцыйнай рубрыцы “Навіны мэдычнага жыцьця” пачнем зь некаторых парадаў амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і:

- Калі вы хочаце, каб полівітаміны, якія вы бераце штодзень, мелі найбольшую карысьць для вашага здароў’я, ніколі не прымайце іх разам зь іншымі лекамі. Вельмі часта хімічныя рэчывы, якія ўваходзяць у склад некаторых лекаў, блякуюць здольнасьць арганізму засвойваць вітаміны. Асабліва гэта датычыць антыаксыдантаў. Прыём антыаксыдантаў запавольвае выдзяленьне страўнікам некаторых відаў кіслотаў, неабходных для расшчапленьня мультывітамінаў.

- калі цяжарная жанчына ўключае ў рацыён свайго харчаваньня шмат тлустай рыбы, гэта ўплывае на фармаваньне разумовых здольнасьцяў яе будучага дзіцяці. Тлушч рыбы ўплывае на вастрыню зроку яе будучага дзіцяці. Ён спрыяе хутчэйшаму фармаваньню галаўнога мозгу і прадухіляе блізарукасьць;

- рэгулярныя 10-15 хвілінныя шпацыры ў перапынках паміж працай ня толькі дазваляюць умацаваць вашае фізычнае здароў’е, але спрыяюць вашаму духоваму здароў’ю, якое ня менш важнае за фізычнае. Паводле вынікаў дасьледаваньняў амэрыканскіх навукоўцаў, людзі, якія гуляюць штодня, менш агрэсыўныя, лягчэй пераносяць стрэсы, значна больш прыязныя ў калектыве;

- звычайныя яблыкі могуць быць цудоўным сродкам ад запаленьня прастаты. У хімічны склад яблыкаў уваходзіць герцытын, які зьяўляецца ня толькі добрым антыболевым сродкам, але і мае лекавыя ўласьцівасьці. Дзьве траціны з групы мужчынаў, хворых на прастату, стан здароў’я якіх дасьледавалі амэрыканскія лекары, паведамілі пра паляпшэньня свайго самапачуваньня пасьля таго, як яны ўключылі ў склад свайго штодзённага мэню значную колькасьць яблыкаў”.
XS
SM
MD
LG