Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біялягічны ўзрост чалавека - ІІІ


Мікола Іваноў, Прага

Прыгадаем, што храналягічны ўзрост чалавека, так званы “пашпартны” ўзрост, не заўсёды , а дакладней кажучы, амаль ніколі не адпавядае ягонаму сапраўднаму біялягічнаму ўзросту. Усведамленьне свайго біялягічнага ўзросту для кожнага можа стаць падставай выбару адпаведнага стылю жыцьця і рэальнай паляпшэньня стану вашага здароў’я.

Амэрыканская грамадска-мэдычная арганізацыя “Realage” распрацавала спецыяльны кампутарны тэст дзеля выяўленьня сапраўднага біялягічнага ўзросту чалавека, зь якім мы пачалі вас знаёміць у дзьвюх апошніх перадачах сэрыі “Жывіце доўга”. Сёньня мы заканчваем знаёмства з тэстам.

З 27 пытаньняў, прапанаваных экспэртамі Realage, мы адказалі на 15. Гэта былі пытаньні датычныя асабістых зьвестак, суадносінаў паміж вагой цела і ростам, стаўленьня да паленьня і спажываньня алкаголю, спосабу харчаваньня, генэтычнай спадчыннасьці. І вось цяпер прыйшла чарга адказаць на апошнюю групу пытаньняў.

Пасля адказу на кожнае пытаньне кампутар паслядоўна вызначаў на экране мой біялягічны ўзрост. Ён зьніжаў мой біялягічны ўзрост за доўгае жыцьцё ў шлюбе, за трыманьне ў адпаведных рамках вагі цела, за ўстрыманьне ад курэньня, за добрае і здаровае харчаваньне, але адразу ж прыбаўляў дадатковыя гады за маё складанае дзяцінства, за злоўжываньне (іншым разам) алкаголем і за тое, што даволі часта даводзіцца працаваць сярод курцоў, за нерэгулярныя сьняданкі і недастатковы сон. У выніку пад канец мінулай перадачы на рахунку майго біялягічнага ўзросту было 46,8 гады. Прыгадаю, што мой храналягічны (пашпартны) ўзрост – 52 гады.

Самая вялікая група пытаньняў, на якія мне трэба было адказваць падчас выкананьня тэсту Realage датычыць хваробаў, якія я перанёс за сваё жыцьцё.

Прыгадаю, што некаторыя хваробы, якімі чалавеку даводзіцца хварэць на працягу жыцьця, не пакідаюць сталага негатыўнага сьледу на агульным стане здароў’я, але ёсць і такія, што без сьляда не праходзяць. Вось сьпіс гэтых хваробаў, які прапануе Realage ў сваім тэсьце.

Ангіна


Алкагалізм

Астма

Інфаркт і інсульт

Ракавыя захворваньні

Алергія

Эпілепсія

Глаўкома

Герпес полавых ворганаў

Сталыя мігрэні

Цыроз печані

Запаленьне прастаты

Запаленьне мочавога пухіра

Запаленьне прамой кішкі

Язва страўніка ці кішэчніку

Хвароба Паркінсона

Гепатыт (жаўтуха)

Запаленьне селязёнкі

Остэаартрыт

У маім выпадку мне давялося прыпомніць, што хварэў я ў дзяцінстве гепатытам (жаўтухай) і што і сёньня пабольвае печань.

І гэта адразу дадало да майго біялягічнага ўзросту паўтары гады.

Але ўжо наступная група пытаньняў вярнула мне ранейшы аптымізм. Я маю неблагі пульс – 59, нармальны ціск крыві – амаль заўсёды 120 на 90. Узровень халестэролу ў крыві таксама ў норме. Падчас апошняга аналізу, які я рабіў месяц таму, гэты паказчык быў на ўзроўні 190 міліграмаў на літр. Гэтыя мае паказчыкі практычна зраўналі мае ранейшыя страты. І мой біялягічны ўзрост зноў вярнуўся на ўзровень прыблізна 47 гадоў.

Акрамя пытаньяў, датычных стану здароў’я, тэст Realage прапануе пытаньні на тэму ступені рызыкі, якой вы падвяргаеце сябе ў жыцьці. Гэтыя пытаньні датычаць вашага стажу ў якасьці кіроўцы, таго, ці карыстаецеся вы малой, альбо вялікай машынай? Як часта падарожнічаеце аўтамабілем у якасьці пасажыра?

Машыну я ваджу ўжо больш за 20 гадоў. За сваё жыцьцё кіроўцы меў 6 аварыяў. Былі і даволі цяжкія. Так што пахваліцца тут мне было мала чым, але вось цяпер я ежджу пераважна вялікай машынай “Фольксваген-пассат”. І гэта, як лічыць Realage, пазытыўны факт, які ўраўнаважыў мае страты за даволі рызыкоўную язду. Мой біялягічны ўзрост застаўся на ранейшым узроўні.

Прыгадаю яшчэ, што мой біялягічны ўзрост крыху зьменшыўся пасля адказаў на пытаньні аб тым, што я маю дома котку, што ахвотна прыймаю ў госьці сяброў і сваякоў, а таксама за тое, што веру ў Бога, хаця і не наведваю царкву рэгулярна.

Павялічыўся ж мой біялягічны ўзрост у сувязі з тым, што за апошнія 3 гады я перажыў сьмерць двух блізкіх мне людзей, і таму, што ў працы даволі часта маю стрэсавыя сітуацыі.

Багацьце таксама спрыяе зьніжэньню біялягічнага ўзросту. Багатыя людзі жывуць даўжэй.

Бедным мяне назваць нельга, хаця, як на ўсходнія варункі, я даволі заможны. Дарэчы, ў тэсце Realage трэба падаць суму вашых гадавых заробкаў. Пасля таго, як я зрабіў гэта, мой біялягічны ўзрост скараціўся яшчэ на чвэрць году.

На заканчэньне тэсту – пытаньне, датычнае заняткаў спортам.

І тут мяне сустрэла расчараваньне. Я спартовец-аматар са стажам. Але за мае заняткі спортам я атрымаў толькі мінімальную ўзнагароду 0,2 гады зьніжэньня майго біялягічнага ўзросту. Пазьней у камэнтары Realage я даведаўся, што ў маім узросьце займацца фітнэсам не надта рэкамендуецца. Лепш займацца легкім джогінгам, тэнісам ці плаваньнем. Так што ў сваіх занятках спортам я перастараўся.

У тэсьце Realage значна вышэй ацэньваюцца заняткі групавым спортам (футбол, валейбол, аэробіка), чымся індывідуальныя заняткі. Я ж індувідуаліст, і таму ацэнкі маю невысокія.

Падсумуем: паводле тэсту Realage мой біялягічны ўзрост роўны 46-і з паловаю гадам. Гэта амаль на шэсьць гадоў меньш, чымся мой храналягічны, пашпартны ўзрост.

Ёсць нагода для радасьці, але ёсць над чым і прызадумацца. Існуе магчымасць зьмяніць свой стыль жыцьця, адмовіцца ад дрэнных звычак і быць яшчэ маладзейшым.

Пасля заканчэньня тэсту эксперты Realage дасылаюць кожнаму ўдзельніку тэставаньня дакладны камэнтар ягоных адказаў, а таксама даюць рэкамэндацыі: якім чынам трэба зьмяніць штодзеннае жыцьцё, каб быць здаровым.

У маім выпадку мяне пахвалілі за спартовы стыль жыцьця, за здаровае харчаваньне, але адначасна
параілі пазьбягаць быць у кампаніі курцоў, зменьшыць спажываньне алкаголю, больш рэгулярна есьці.

Спраўдзіць, такім чынам, свой біялягічны ўзрост і даведацца, як быць больш здаровым, можа практычна кожны, хто мае доступ да інтэрнэту.

На заканчэньне, у адказ на шматлікія просьбы нашых слухачоў і чытачоў інтэрнэтаўскіх вэрсыяў нашых перадачаў, я падаю электронны адрас амэрыканскай грамадска-мэдычнай арганізацыі Realage, якая праводзіць гэты тэст: www. realage. com

Жадаю посmпехаў у вызначэньні вашага біялягічнага ўзросту.

Цяпер у нашай традыцыйнай рубрыцы “навіны медычнага жыцьця” – некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і.

Як высьветлілі французскія лекары, кальцый ня толькі патрэбны дзеля падтрыманьня ў добрым стане касьцей чалавечага арганізму, але і з’яўляецца вельмі важным сродкам прадухіленьня хваробаў зубоў. Падчас вывучэньня стану здароў’я дзьвюх групаў добраахвотнікаў ва ўзросьце ад 40 да 50 гадоў высьветлілася, што асобы, якія спажываюць меньш за 500 міліграмаў кальцыя штодня, маюць у два разы большую верагоднасць захварэць парадантозам, чымся тыя, хто спажывае больш за 800 міліграмаў кальцыя штодня.

Рыбапрадукты з паўночных марэй могуць адыгрываць ролю прафіляктычнага сродку для сардэчна-судінных захворваньняў. Падчас эксперымэнту амэрыканскіх навукоўцаў высветлілася, што асобы, якія ня менш як два разы на тыдзень харчуюцца рыбай з паўночных мораў (ласосем, палтусам, камбалай і інш.) удвая менш хварэюць на тромбафлебіт, чымся асобы, якія рыбай не харчуюцца.

Ангельскім навукоўцам удалося правесьці экспэрымэнт стварэньня ў лабараторных умовах клетак косьці чалавека. Гэтае адкрыцьцё можа прывесьці да рэвалюцыі ў лекаваньні складаных пераломаў касьцей і остэапарозу.

У шпіталі гораду Далас лекары пачалі выкарыстоўваць новы мэтад прафіляктыкі раку грудзяў у жанчынаў. Палягае ён на рэгулярным прамываньні спецыяльным фізіялягічным растворам малочных залозак у тых кабетаў, якія маюць генэтычную схільнасць да раку грудзяў. Працэдура прамываньня працягваецца паўгадзіны, яна небалючая і ажыцьцяўляецца з дапамогай мінізонду.
XS
SM
MD
LG