Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці можна купіць здароўе.


Мiкола Iваноў, Алена Радкевiч

Удзельнічае: дырэктар Эўрапейскага бюро Ўсясьветнай Арганізацыі Аховы Здароўя Марк Данзон.

(эфір 27.05.2000)

Аўтары і вядучыя: Мікола Іваноў і Алена Радкевіч

Чаму ў Беларусі працягласьць жыцьця насельніцтва значна саступае працягласьці жыцьця ў разьвітых краінах Заходняй Эўропы і ЗША? Якія галоўныя ворагі здароў'я беларусаў? Як эфэктыўна змагацца з 10 галоўнымі прычынамі сьмяротнасьці ў Беларусі? Як доўга будуць жыць беларусы ў 21 стагодзьзі? Ці адпавядаюць мэтады лекаваньня ў Беларусі перадавым усясьветным тэндэнцыям? Гэта толькі некаторыя з пытаньняў, якія стануць тэмамі новай сэрыі радыёперадачаў беларускай рэдакцыі радыё "Свабода" "Бывайце здаровыя", якая штотыдзень будзе гучаць на нашых хвалях.

"Здароў'е ня купіш" – адно з самых распаўсюджаных прыслоў'яў у Беларусі, і, магчыма, ва ўсім сьвеце. Стагодзьдзямі беларусы і іншыя народы карысталіся ім і не паглыбляліся занадта ў ягоны сэнс. Але ўнікальны прагрэс мэдыцыны на працягу апошняга стагодзьдзя надае гэтай старой прымаўцы зусім новы сэнс. Здароў'е сёньня, хаця, зразумела, і ня цалкам, але можна купіць. Сучасныя дарагія мэдыцынскія прэпараты здольныя ратаваць чалавека ад сьмерці, працягваць яму маладосьць, аднаўляць ягоную працаздольнасьць у самых, яшчэ зусім нядаўна, здавалася б, крытычных, безвыходных сытуацыях.

Але здольнасьць ратаваць свае здароў'е непасрэдна залежыць ад маёмаснага стану чалавека. Паводле статыстыкі Ўсясьветнай Арганізацыі аховы здароў'я, сьмяротнасьць ад інфэкцыйных захворваньняў у сьвеце сярод людзей з сярэднімі і нізкімі даходамі амаль у 20 разоў перавышае сьмяротнасьць сярод асобаў з высокімі даходамі.

Ці сапраўды, прыслоў'е "здароў'е ня купіш" страціла свой першасны сэнс? Ці сапраўды сёньня паміж станам здароў'я і маёмасным становішчам існуе непасрэдная сувязь? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да Дырэктара Эўрапэйскага аддзелу Ўсясьветнай Арганізацыі аховы здароў'я Марка Данзона. Вось, што ён нам адказаў па тэлефоне з Жэневы, дзе знаходзіцца сядзіба гэтай арганізацыі.

(Данзон: ) "Адносіны паміж грашыма і здароў'ем вельмі складаныя. У выпадку хваробы кожнага паасобнага чалавека патрэбныя грошы ў індывідуальным парадку, ці на дзяржаўным узроўні. І ў прынцыпе багатыя дзяржавы здольныя стварыць лепшую сыстэму аховы здароў'я, але гэты прынцып не заўсёды спрацоўвае. Ёсьць вельмі багатыя краіны з дрэннай сыстэмай аховы здароў'я. Для лячэньня патрэбныя ня толькі грошы, але чынная сыстэма мэдыцынскіх установаў.

З другога боку, ня можа краіна эфэктыўна разьвіваць сваю гаспадарку, маючы хворае насельніцтва. Здароў'е людзей і дабрабыт насельніцтва – непадзельныя зьявы.
Па-трэцяе, зразумела, вы можаце купіць частку свайго здароў'я за грошы, але адначасна грошы – гэта таксама крыніца пагаршэньня вашага здароў'я. Я маю на ўвазе курэньне, гарэлку, наркотыкі. У гэтых выпадках грошы адыгрываюць нэгатыўную ролю. Такім чынам, мы бачым, што гэта не заўсёды чыста мэханічныя адносіны паміж грашыма і станам вашага здароў'я. Некаторыя багатыя краіны не вызначаюцца здароў'ем свайго насельніцтва".

Мы папрасілі таксама доктара Марка Данзона пракамэнтаваць сёньняшнія галоўныя тэндэнцыі, якія назіраюцца ва Ўсходнеэўрапэйскіх краінах пасля краху савецкай сыстэмы і пачатку станаўленьня тут рынкавай гаспадаркі. Вось ягоная думка:

(Данзон: ) "Многія посткамуністычныя краіны пачалі рэформу сваёй сыстэмы аховы здароў'я. Такія краіны, як Польшча ці Чэская рэспубліка дасягнулі найбольшых посьпехаў на гэтым шляху. Галоўны кірунак тут – набліжэньне лекара да пацыента, стварэньне так званай "сямейнай мэдыцыны". Але тут патрэбна яшчэ шмат высілкаў. Ва ўсім сьвеце, напрыклад, назіраецца рост захворваньняў на інфэкцыйныя хваробы, напрыклад, сухоты. У Эўропе сухотная палачка выпрацавала ў сябе адпорнасьць на традыцыйныя лекі. І перад лекарамі цяпер куды больш складанае заданьне ў справе лячэньня сухотаў. І гэта ў пэрыяд правядзеньня рэформаў".

А вось як Дырэктар Эўрапэйскага бюро Ўсясьветнай Арганізацыі аховы здароў'я Марк Данзон пракамэнтаваў сытуацыю стану здароў'я насельніцтва Беларусі:

(Данзон: ) "Спэцыфіка сытуацыі з аховай здароў'я ў Беларусі палягае ў тым, што краіне трэба правесьці рэформу аховы здароў'я і адначасна змагацца з наступствамі Чарнобылю. Міжнародныя арганізацыі дапамагаюць Беларусі пераважна ў гэтых галінах. Гэта ўсе, што я магу сказаць пра Беларусь".

І на заканчэньне нашай кароткай тэлефоннай размовы з Дырэктарам Эўрапэйскага бюро Ўсясьветнай Арганізацыі аховы здароў'я Маркам Данзонам ён расказаў нам пра некаторыі пляны ягонай арганізацыі ва Ўсходняй Эўропе на пачатку 21 стагодзьдзя:

(Данзон: ) "Усясьветная арганізацыя здароў'я праводзіць спэцыяльную палітыку ў дачыненьні да посткамуністычных краінаў. Перш за ўсе мы дапамагаем у галіне рэфармаваньня сыстэмы аховы здароў'я. Акрамя таго, мы аказваем матэрыяльную дапамогу, галоўным чынам, у лекаваньні інфэкцыйных хваробаў і ў экалёгіі. Мы таксама дапамагаем у галіне аховы здароў'я маці і дзіцяці. Паўтараю: гэта ня так проста і на гэта патрэбны час".

Гаварыў Дырэктар Эўрапэйскага бюро Ўсясьветнай Арганізацыі аховы здароў'я Марк Данзон.

А цяпер – мэдыцынскія навіны. Адкрыцьці, скандалы, сэнсацыі са сьвету мэдыцыны.

Вучоныя Лёнданскага Ўнівэрсытэту канчаткова абвергнулі меркаваньне аб тым, што курэньне здымае стрэс. Яны вызначылі, што курэньне – наадварот – выклікае нэрвознасьць і непераадольнае жаданьне закурыць наступную цыгарэту. Аднак, здароўю шкодзіць ня толькі паленьне, але і рэзкая адмова ад яго. У заўзятых курыльшчыкаў здольнасьць канцэнтравацца рэзка пагаршаецца ўжо праз некалькі гадзінаў без цыгарэты, што можа прывесьці да вытворчых траўмаў. Брытанскія вучоныя заўважалі, што ў традыцыйныя "дні без цыгарэты" колькасьць траўмаў на вытворчасьці рэзка ўзрастае.

Няма нічога горш, чымся бульба перад сном – паведамляе інтэрнэт-сайт Info Art News Agency. Позьняя вячэра з бульбай спрыяе запаленьню апэндыксу. Дыэтолягі ўважаюць, што дастаткова есьці бульбу ня больш, як два разы на тыдзень. А пасьля лютага-сакавіка трэба быць надзвычай асьцярожнымі: у прарослай бульбе – асабліва ў так званых "вочках" ўтвараецца саланін, які ў вялікіх дозах можа і атруціць. Млоснасьць, слабасьць, санлівасьць і раздражненьне – тыповая рэакцыя на атручэньне. Кепскае адчуваньне цягнецца зазвычай доўга: саланін цяжка выводзіцца з арганізму. Каб пазьбегнуць непрыемнасьцяў – дыэтолягі проста раяць ня есьці ўвесну старую бульбу.

Паводле паведамленьня CNN, каліфарнійскія мэдыкі, працуючы над праблемай хваробы Альцгаймэра, вызначылі ў хворых перабоі ў забесьпячэньні галаўнога мозгу крывёй, што прыводзіла да страты памяці. Мэтад сканаваньня мозгу выявілі прыкметы хваробы ў 8 адсоткаў людзей, старэйшых за 65 гадоў. Хвароба пачынаецца з нязначнага руйнаваньня памяці, потым прагрэсуе і прыводзіць да парушэньня маўленьня і інтэлектуальнай дэградацыі. ЗША плянуюць выдзяляць каля 100 млрд. даляраў на год дзеля дасьледваньня хваробы – у тым ліку і з дапамогай сканаваньня галаўнога мозгу.

Мікола Іваноў
Алена Радкевіч

XS
SM
MD
LG