Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто пераможа - афіцыйная ці альтэрнатыўная мэдыцына?


Сяржук Сокалаў-Воюш

(эфір 21 студзеня 2000)

Аўтар і вядучы – Сяржук Сокалаў-Воюш.

Мэдыцына новага стагодзьдзя. У той час, як адныя бачаць яе толькі ў рэчышчы вядомай нам афіцыйнай мэдыцыны, іншыя лічаць, што будучыня здароўя - за альтэрнатыўнымі спосабамі лячэньня. Напэўна, ісьціна, як заўсёды, ляжыць пасярэдзіне…

Адна з апошніх кніжак часопісу "News Week" за мінулы год змадэлявала сытуацыю канца першай чвэрці 21-га стагодзьдзя:

"Прайшоў 2024 год i на пачатку 2025-га вы адчулi сябе жахлiва. Гэта ня толькi пасьля п'янкi (ня толькi ад гарэлкi). Вы патнееце. Вы саслабелi. Вам паўсюль балюча. Лекар спачувальна хiтае галавой i адначасова поркае вас паўсюль – так, як яны, лекары, гэта робяць яшчэ ад часоў Гiпакрата. Потым пачынаецца вышэйшы пiлятаж:

"Вашу генную карту, калi ласка".

Кампутар глытае тваю прастакутную плястыкавую карту

"Сапраўды. У цябе цяжкi выпадак грыпу, – гаворыць лекар. — Я замовiў для цябе пэрсанальныя лекі ў аптэцы. Яны будуць гатовая хутчэй, чым ты апранешся, i заўтра ты будзеш выглядаць, як новы".

Магчыма, гэта не зусiм дакладны малюнак выдачы лекаў праз 25 гадоў, але вы можаце быць упэўненыя, што цяперашнiя тэмпы разьвiцьця малекулярнай бiялёгii змогуць прывесьцi да падобных вынiкаў, бо на той час навукоўцы цалкам раскадуюць чалавечы геном – усе прыблiзна 140 тысячаў генаў, якiя паказваюць, хто мы i якую з 4-ох тысячаў хваробаў можам атрымаць у спадчыну. Яны таксама дакладна знойдуць, дзе знаходзяцца хвараблiвыя памылкi ў даўгiм ланцугу ДНК.

Усё гэта прывядзе да вялiкiх практычных вынiкаў. Ваш гэнэтычны профiль, зарэгiстраваны на чыпе, дазволiць лекарам, альбо больш дакладна – iхным iнструмэнтам кампутарызаванай дыягностыкi – вызначыць ваш дакладны ўзровень рызыкi для канкрэтнай хваробы, а таксама якiх бялкоў i фэрмэнтаў не хапае вашаму арганiзму. Цяпер ужо ня будзе марных спробаў i памылак з дарагiмi пiгулкамi, якiя апынулiся ў сьметнiцы, бо выклiкалi непрыемныя рэакцыi, альбо неспрацавалi ў вашым выпадку. Замест гэтага вы дастанеце пэрсанальныя рэцэпты, створаныя так, каб яны працавалi ад першай спробы, як дарагi касьцюм ад Вэрсачэ.

I гэта толькi пачатак. У 2025-ых гадох фармакалёгiя, заснаваная на гэнэтыцы, дасьць магчымасьць выбiраць ня толькi звыклыя лекi – асьпiрын, карвалол цi панадол – выбраныя спэцыфiчна для вас, але вы будзеце мець магчымасьць атрымаць новыя мэдыкамэнты ад кожнай вашай хваробы, створаныя для вас пэрсанальна. Абсяг iхнай дзейнасьцi будзе пачынацца з паляпшэньня вашага настрою i павелiчэньня задавальненьня, а канчацца лячэньнем хваробаў, якiя больш пашыраныя сярод людзей сталага веку – напрыклад, сардэчныя хваробы, хвароба Альцгэймера, або рак.

"Гэта будзе сьвет састарэлых людзей ва ўзросьце ад 60 гадоў, прынамсi, у багатых краiнах, дзе яны будуць складаць прыкладна 20% насельнiцтва", – сказаў хiмiк Стэнфарцкага ўнiвэрсытэту Карл Джэрасi, якi стварыў пiгулкi супраць цяжарнасьцi. Апрача гэтага Карл Джэрасi прадказвае паварот ад кантрацэпцыi да канцэпцыi, паводле якой старэйшым людзям можна будзе дапамагчы мець дзяцей.

Што ж да мужчынаў, якiя старэюць, то яны будуць мець магчымасьць палепшыць сваё лiбiда i сэксуальныя здольнасьцi пры дапамозе мэдыкамэнтаў, побач зь якiмi Вiагра будзе выглядаць, як дзiцячы асьпiрын.

Тым часам генэтычна створаныя мэдыкамэнты будуць ужывацца замест скальпеля, каб выдалiць пухлiну, альбо зрабiць касмэтычную апэрацыю, накшталт перасадкi валасоў. На самой справе, пасьля вялiкiх размоваў i малых вынiкаў, генэтычная тэрапiя нарэшце пачала рабiць вялiкiя крокi, але гэта не зусiм тое, на што спадзявалiся лекары. Яны спадзявалiся, што аднойчы будзе магчыма адрапараваць дэфэктны ген. Але цяпер, як выглядае, нашмат лягчэй вызначыць, якiя бялкi мусяць выпрацоўваць дэфэктныя гены, i зьмянiць iх.

Доктар Джэфры Iснэр з Мэдычнага Цэнтру сьв. Лізаветы ў Бостане дамогся выдатных вынiкаў зь бялком у справе аднаўленьня цыркуляцыi крывi ў нагах у хворых на дыябэт i стымуляваў рост новых сасудаў у людзей з сур'ёзнымi сардэчнымi хваробамi.

Былы кiраўнiк вядомай фармацэўтычнай фiрмы "Iлай Лылы" (ЗША) Рэдал Табайяс сказаў, што надыйдзе дзень, калi мы будзем ўспрымаць апэрацыі, апрача траўматалягiчных, як правал фармацэўтычнай прамысловасьцi. У адрозьненьне ад традыцыйных спосабаў лячэньня, новыя лекi будуць распрацаваныя на экранах кампутараў рацыянальна, з ужываньнем iнфармацыi пра ген у якасьцi праекту.

"Праз пару гадоў мы будзем мець лекi, базаваныя на генэтыцы, амаль супраць кожнай сур'ёзнай хваробы," – мяркуе дырэктар навуковага цэнтру генэтыкi ў штаце Мэрылэнд Ўiльям Хасэлтм.

Гэтыя мэдыкамэнты ня будуць як, напрыклад, асьпiрын, ваяваць з сымптомамi. У новую генэтычную эпоху ў якасьцi лекаў будзе ўжывацца сам ген.

Гэткiм чынам, калi ў 2025 годзе вы захварэеце на грып i зьбярэцеся да лекара, разам са сваёй генэтычнай картай бярыце карту крэдытную, або грошы. Створаны адпаведны лек ня будзе танным. Некаторым з нас, напэўна, давядзецца ўсё ж ужыць 2 пiгулкi асьпiрыну i працягваць пiць вялiкую колькасьць вады.

Жэньшэнь, джынк-гоў белаба i iншыя мiкстуры сталi для жыхароў Злучаных Штатаў як бульба для беларуса але цi нехта будзе ўжываць iх у 2025 годзе. Абаронцы нетрадыцыйнай мэдыцыны выдаткоўваюць на яе 30 мiльярдаў даляраў штогод i ўпэўнена прадказваюць, што зёлкавыя i гамэапатычныя сродкi ня толькi будуць шырока ўжывацца ў наступныя дзесяцiгодзьдзi, але i зоймуць сваё законнае месца побач з вакцынамi, антыбiётыкамi, тэрапiяй гену i iншымi лекамi ды мэдычнымi прыладамi.

Хлусьня. Нетрадыцыйная мэдыцына — гэта папросту слушны тэрмiн для таго, што звычайна называлася ашуканствам.

Любая альтэрнатыўная тэрапiя, дзейснасьць якой можа быць даказаная, будзе неадкладна ўлучаная ў асноўны арсэнал мэдыцыны i кожны лек, заснаваны на мiце, алягiчнасьцi i падмане, будзе нарэшце адхiлены, як толькi людзi даведаюцца пра тое, што такое гамэапатыя, — прадказвае доктар Джон Рэнэр, кiраўнiк Нацыянальнай Рады iнфармацыi пра здароўе. Як толькi яны даведаюцца пра тое, што хлярафiл патрэбны для жыцьця расьлiнаў i непатрэбны для чалавека, яны адвернуцца ад альтэрнатыўнай мэдыцыны.

Грамадзкае расчараваньне ў гамэапатыi будзе расьцi, напрыклад, тады, калi спажыўцы гамэапатычных лекаў нарэшце дадумаюцца да таго факту, што досыць часта яны плоцяць шалёныя грошы за сумесь, якая насамрэч зьяўляецца чыстай вадой, i што гамэапатыя грунтуецца на прымiтыўных i няслушных поглядах 19 стагодзьдзя.

Калi пацыенты заўважаць, што ў часе тэрапэўтычнага кантакту з экстрасэнсам той ня ўзьдзейнiчаў на iхнае энэргэтычнае поле, а проста рабiў бязмэтныя рухi рукамi каля iхнага цела, яны пачнуць рухацца да больш рацыянальнай тэрапii i адмовяцца ад мiстыцызму. Калi тыя, хто вераць у зёлкавыя лекi, даведаюцца, што зь iхнага лiсьця, сьцяблiнак, галiнак i каранёў можна дастаць той самы лекавы сродак i ўкласьцi яго ў дазаваны лек з апiсаньнем правiлаў ужываньня i складу, яны пачнуць радзей хадзiць у крамы натуральнай ежы.

Калi страхавыя кампанii даведаюцца, што ўжываньне альтэрнатыўных мэдыкамэнтаў не каштуе менш i ў лепшым выпадку дае "эфэкт плацэба", тады яны перастануць выплочваць мэдыцынскiя страхоўкi.

У той час, як сёньня прыхiльнiкi вуду з гонарам паказвавюць, што шматлiкiя мэдычныя школы ЗША адчынiлi курсы альтэрнатыўнай мэдыцыны, вынiк гэтага зусiм ня будзе тым, якога яны спадзяюцца. У бальшынi згаданых школаў будзе iсьцi аналiз альтэрнатыўных сродкаў i давацца ацэнка iхнай дзейнасьцi, у вынiку чаго вырасьце новае пакаленьне лекараў, якое будзе рэкамэндаваць пацыэнтам скэптычна ставiцца да непраўдзiвых рэклямных абяцаньняў.

У наступныя гады мы таксама ўбачым упадак Аддзелу Нетрадыцыйнай мэдыцыны, якi сем гадоў таму быў навязаны Нацыянальнаму Iнстытуту Здароўя, у значнай ступенi дзякуючы ўпартасьцi вядомага сэнатара ад штату Аёва Тома Харкiна, якi верыць у лекавыя ўласьцiвасьцi кветкавага пчалiнага пылку. Падаткаплацельшчыкi будуць незадаволеныя, калi даведаюцца, што пасьля сямi гадоў працы, на якую пайшлi мiльёны даляраў, эфэктыўнасьць альтэрнатыўнай мэдыцыны нi пацьверджаная, нi адпрэчаная не была (апрача хiба iголкавай тэрапii). Больш таго, iхны бюджэт у гэтыя гады вырас да 50 мiльёнаў даляраў.

Падобныя гульнi ня могуць працягвацца заўсёды, таму што ў наступныя гады афiцыйная мэдыцына будзе прагрэсаваць, а народ будзе ўсё больш i больш iнфармаваным пра падман i простую недасьведчанасьць тых, хто гэтыя лекi прадае. Тады альтэрнатыўная мэдыцына зойме сваё законнае месца побач са зьмяiным алеем.

І ўсё ж… Нам, людзям з 20 стагодзьдзя цяжка адмовіцца ад таго, што стагодзьдзямі стваралі нашыя продкі. Адчуваньне каранёў, у тым ліку і ў спосабах аздараўленьня, непадуладнае халоднай навуковай лёгіцы. Пагатоў, шмат якія знаныя ў сьвеце мэдычныя прафэсыяналы глядзяць на так званую народную мэдыцыну інакш.

Адзін з правадыроў рэвалюцыі ў мэдыцыне Злучаных Штатаў, як яго называюць, самы папулярны там спэцыяліст у нетрадыцыйных спосабах аздараўленьня Эндру Вэйл цьвердзіць: "Мэдыцына 21 стагодзьдзя будзе называцца "інтэгральнай". Яна аб'яднае альтэрнатыўную мэдыцыну з клінічнай". Кніга Эндру Вэйла "Спантаннае Вылячэньне" ужо год, як уваходзіць у лік бэстсэлераў ЗША.

Напраўду, Вэйл далёкі ад ідэі ўжываньня зёлак. Ягоная тэорыя куды больш арыгінальная. Арганізам можа вылечыць сябе сам. Мы не зьдзіўляемся, калі самі па сабе загойваюцца на нашым целе драпіны альбо парэзы, але чамусьці ня верым, што ўнутраныя ворганы таксама здольныя на гэткае самалячэньне. Мы ўжываем моцныя мэдыкамэнты, кладзёмся на апэрацыйны стол і тым самым замінаем свайму арганізму ўлучыць уласныя абарончыя здольнасьці.

Клінічная мэдыцына, паводле Вэйла, мусіць быць інтэграваная ў прыродную і выконваць толькі тэрміновыя хірургічныя функцыі. Супраць гэтага ягоныя апанэнты – прыхільнікі сучаснай мэдыцыны – выстаўляюць відавочна слабы аргумэнт: Вэйл, маўляў, хоча навязаць дыктатуру здароўя і тым самым пазбавіць людзей свабоднага выбару стылю жыцьця. На думку звычайных лекараў, Вэйл хоча ператварыць мэдыцыну з таго, што мы ўжываем час ад часу, у тое, што вызначае кожны жыцьцёвы крок.

Але Эндру Вэйл не самотны. Ягоныя погляды падзяляе і прэзыдэнт Асацыяцыі нетрадыцыйнай мэдыцыны ў ЗША доктар Чопра. "На чым грунтуецца мая ўпэўненасьць? – пытаецца ён і сам адказвае. – На тым істотным факце, які ня так даўно стаўся здабыткам мэдычнай навукі: у арганізме чалавека ёсьць сапраўды цудоўная ўнутраная аптэка, якая мае поўны камплект лекаў для прафіляктыкі і лячэньня якіх заўгодна хваробаў".

Як гэта ні парадаксальна, а прыхільнікі альтэрнатыўнай мэдыцыны і адвакаты мэдыцыны будучага ў нечым гавораць пра тое самае: плястыкавыя карткі з запісаным на іх гэнэтычным кодам і так званая ўнутраная аптэка – дзьве галіны на дрэве інфармацыі, якое, паводле экспэртаў, і станецца базай мэдыцыны ў 21-ым стагодзьдзі.

XS
SM
MD
LG