Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРЫ КАНДЫДАТЫ Ў ГАРАДЗЕНСКІ ГАРСАВЕТ АТРЫМАЛІ ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ АД ВЫБАРЧАЙ КАМІСІІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Адзін зь іх, працаўнік цеплаэлектрацэнтралі Віктар Глушакоў ня меў рахунку аб аплаце друку каляровых партрэтаў. Да выпіскі рахунку надрукаваў свае ўлёткі намесьнік начальніка чыгуначнага вакзалу Станіслаў Грынявецкі, прычым улёткі ня мелі выходных зьвестак. У адной акрузе зь ім балятуецца Сяргей Антусевіч — кіраўнік Незалежнага прафсаюзу аб’яднаньня “Азот”. Давераная асоба Сяргея, Валянцін Аскірка, атрымаў такую ўлётку ад выбарцаў:

(Антусевіч: ) “Ён зьвярнуўся ў гарадзкую выбарчую камісію з заявай аб выкарыстаньні маім канкурэнтам, намесьнікам начальніка чыгуначнага вакзалу такіх улётак. Гэтая заява была задаволеная, вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне. На мой погляд, гэта проста невалоданьне ў поўнай меры выбарчым заканадаўствам, якое цяпер існуе. Калі мы ўжо ўвязаліся ў гэтую кампанію, дык павінныя выкарыстоўваць усе законныя мэтады барацьбы”.

Разам зь Сяргеем Антусевічам вылучаецца другі прадстаўнік Незалежнага прафсаюзу — рабочы аб’яднаньня “Азот” Аляксандар Ткачоў. Ім прызначалі сустрэчы з выбарцамі ў ЖЭСах, якія знаходзяцца за межамі выбарчых акругаў. Яны адмовіліся і дамаўляюцца наконт гэтага самі. Але на сустрэчу зь Сяргеем Антусевічам у інтэрнаце ніхто не прыйшоў. А ў школе яго падтрымліваў тэатар гумару, і прыйшлі 50 чалавек. Людзі выказваюць незадаволенасьць жыцьцёвымі умовамі, гаворыць ён.

На “Азоце” працуюць сем тысяч чалавек, гэта цэлая выбарчая акруга. Аднак начальства не агітуе рабочых галасаваць датэрмінова, як было на ранейшых выбарах. Толькі тым, хто будзе працаваць 2 сакавіка, нагадваюць, што можна прагаласаваць раней.

Сёньня на гарадзенскіх выбарчых участках ажыятажу не назіралася. На адным з участкаў у цэнтры гораду, дзе жыве шмат пэнсіянэраў, перад абедам на сталах ляжалі разгорнутыя сьпісы з прозьвішчамі выбарцаў. Мяркуючы па іх, ніхто бюлетэні не атрымліваў. Аніводнага выбарца на ўчастку таксама не было.
XS
SM
MD
LG