Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАНФЭДЭРАЦЫЯ "ЗА САЦЫЯЛЬНЫЯ ПЕРАМЕНЫ" ЗАЯЎЛЯЕ АБ НЕДЭМАКРАТЫЧНАСЬЦІ ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ


Ул. інф.

Аўтары заявы прыгадваюць, што прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый не былі ўлучаныя ў склад выбарчых камісій, а таксама ад 30% да 40% патэнцыйных кандыдатаў ад апазыцыйных палітычных партый было адмоўлена ў рэгістрацыі. "Шмат у якіх рэгіёнах кіраўнікам выбарчых камісій з боку прэзыдэнцкай "вэртыкалі" пастаўленая канкрэтная задача – любымі сродкамі забясьпечыць абраньне так званых "базавых" кандыдатаў, гэта значыць, кандыдатаў ад улады", – гаворыцца ў заяве.

“Адсутнасьць у беларускім Выбарчым кодэксе права назіральнікаў назіраць за падлікам галасоў, права на атрыманьне засьведчанай копіі пратакола аб выніках галасаваньня па выбарчым участку, пяцідзённае датэрміновае галасаваньне, галасаваньне па месцы жыхарства выбаршчыка ў спалучэньні з цалкам складзенымі з вылучэнцаў "вэртыкалі" ўчастковымі выбарчымі камісіямі ствараюць усе неабходныя ўмовы для масавых фальсыфікацый падчас падвядзеньня вынікаў галасаваньня", – гаворыцца ў заяве.

Заяву падпісалі лідэры Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч, Беларускай партыі працы Леанід Лемяшонак і Беларускай партыі жанчын "Надзея" Валянціна Матусевіч.
XS
SM
MD
LG