Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛАСНЫ СУД БЕРАСЬЦЯ ЗАДАВОЛIЎ СКАРГI АСОБАЎ, ЯКIХ НЕ ЗАРЭГIСТРАВАЛI КАНДЫДАТАМI Ў ДЭПУТАТЫ


Алег Супрунюк, Берасьце

Аляксандар Аўсеенка i Юры Бахцяраў вылучалi свае кандыдатуры ў Пiнскi гарадзкi савет шляхам збору подпiсаў грамадзянаў. Але гарадзкая выбарчая камiсiя адмовiла ў рэгiстрацыi гэтым асобам, спаслаўшыся на непраўдзiвыя зьвесткi аб выбарцах, што падпiсаліся ў iхную падтрымку. Спадары Бахцяраў i Аўсеенка абскардзiлi гэтае рашэньне ў гарадзкiм судзе i абласной выбарчай камiсii, але там пакiнулi яго бязь зьменаў.

Сёньня чарговую скаргу пiнчукоў разглядаў Берасьцейскi абласны суд. Падчас разьбiральнiцтва высьветлiлася, што ранейшыя скаргi Бахцярава i Аўсеенкi разглядалiся фармальна i праўдзiвасьць cабраных на iх карысьць подпiсаў нiкiм не ўдакладнялася. Прадстаўнiк абласной выбарчай камiсii патлумачыла, што ў гэтым не было нiякай патрэбы, паколькi ўсе абставiны згаданай справы ўжо высьвятляў пiнскi выбаркам.

У той жа час прадстаўнiк пракуратуры i судзьдзя Галiна Алесiк палiчылi аргумэнты аўтараў скаргаў слушнымi. Паводле рашэньня абласнога суду Аляксандар Аўсеенка i Юры Бахцяраў мусяць быць зарэгiстраванымi кандыдатамi ў дэпутаты. Але на агiтацыйную кампанiю у iх застанецца зусiм няшмат часу.

Варта заўважыць, што да сёньняшняга дня суд у Берасьцi адхiляў усе iншыя скаргi незарэгiстраваных кандыдатаў.
XS
SM
MD
LG