Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЯ ГАТОВАЯ ДА ЛЯКАЛЬНАГА БАЙКОТУ МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Паводле Міколы Статкевіча, лякальны байкот мясцовых выбараў будзе праведзены ў тых акругах, дзе ўлады яшчэ на стадыі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты цалкам “адсеклі” прэтэндэнтаў ад дэмакратычных сілаў. Спадар Статкевіч называе найперш акругі ў Магілёве, Горадні, Гомелі. На пытаньне, навошта патрэбны байкот, мой суразмоўца адказвае так:

(Статкевіч: ) “Каб даць магчымасьць людзям выбіраць. Байкот дзеля паўторных выбараў у сувязі зь нерэгістрацыяй”.

Згодна з Выбарчым кодэксам, калі 2 сакавіка на ўчасткі для галасаваньня прыйдзе менш за палову выбарцаў, выбары не адбудуцца. Пасьля чаго будуць прызначацца новыя.

Кажуць, што ўсё новае — гэта добра забытае старое. Згодны з такой думкай і старшыня “Народнай грамады”:

(Статкевіч: ) “Мы рабілі такія байкоты ў 2000 годзе. І толькі яны былі пасьпяховымі. Толькі ў тых акругах, дзе рабіўся лякальны байкот дзеля паўторных выбараў, байкот адбыўся. Гэта — Баранавічы, Берасьце, Барысаў, Віцебск”.

Тут варта нагадаць, што “Народная грамада” і яе лідэры заўжды выступалі супраць байкоту выбараў. Прынамсі, калі восеньню 2000 году Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў адстойвала ідэю байкоту, сам кіраўнік партыі ўдзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў, але прайграў.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што зараз вядуца апаведныя перамовы аб лякальным байкоце у Менску.

(Лябедзька: ) “Па Ўруччу мы гэта ўжо практычна робім. Падрыхтаваны ўжо практычна зварот да выбарцаў. Я буду казаць пра тыя акругі, дзе незарэгістраваны ніводзін чалавек ад дэмакратаў. Мы з БНФ, Статкевічам, Бухвоставым, з усімі гатовыя. У першую чаргу па Менску. Таму што ў малых гарадах гэта немагчыма праводзіць. А вось Менск і абласныя цэнтры — тут ёсьць рацыя”.
XS
SM
MD
LG