Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАШЭНЬНІ БЕРАСЬЦЕЙСКІХ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ БУДУЦЬ АБСКАРДЖАНЫЯ Ў СУДЗЕ


Алег Супрунюк, Берасьце

У Берасьцейскай абласной выбарчай камiсii паведамiлi, што нiводная зь дзесяцi разгледжаных скаргаў ад незарэгiстраваных кандыдатаў у дэпутаты не была задаволеная. Але асобы, якiя падавалi гэтыя скаргi, зьбiраюцца i на далей адстойваць свае правы.

Так, Зьмiцер Шыманскi, кiраўнiк моладзевага грамадзкага аб’яднаньня “Сузор’е”, ужо накiраваў скаргу ў абласны суд. Спадар Шыманскi гаворыць, што за вылучэньне ягонай кандыдатуры ў дэпутаты гарадзкога савету падпiсалася больш за паўтысячы чалавек. Але ў выбарчую камiсiю было перададзена 83 подпiсы, у сапраўднасьцi якiх сябры iнiцыятыўнай групы не сумнявалiся.

Тым ня менш, Зьмiтра Шыманскага не зарэгiстравалi: сябры камiсii заявiлi, што ня ўсе выбарцы паставiлi ў падпiсных лiстах уласныя подпiсы i дату. Cпадар Шыманскi другi раз абышоў кватэры людзей, што падпiсвалiся за ягонае вылучэньне. Падчас гэтых сустрэчаў з выбарцамi высьветлiлася, што да некаторых зь iх па некалькi разоў заходзiлi сябры камiсii з прапановамi адмовiцца ад свах подпiсаў. Вось як камэнтуе гэтыя дзеяньнi сябраў камiсii Зьмiцер Шыманскi:

(Шыманскi: ) “Па маёй акрузе iдзе кандыдат ад Беларускага рэспублiканскага саюзу моладзi. I, як мне стала вядома, подпiсы, сабраныя мною, правяралi таксама сябры выбарчай камiсii, якiя зьяўляюцца сябрамi Беларускага рэспублiканскага саюзу моладзi. Я мяркую, што гэтым самым выбарчая камiсiя зрабiла магчымасьць верагодных парушэньняў заканадаўства сябрамi выбарчай камiсii”.

Спадар Шыманскi кажа, што будзе настойваць, каб пры разглядзе скаргi ў суд былi выклiканыя гэтыя сябры камiсii й людзi, што ставiлi подпiсы ў ягоную падтрымку.

Абскарджваць рашэньне аб сваёй нерэгiстрацыi ў якасьцi кандыдатаў у дэпутаты маюць намер таксама кiраўнiк берасьцейскага аддзяленьня праваабарончага цэнтру “Вясна” Ўладзiмер Вялiчкiн, старшыня гарадзкой арганiзацыi “Народнай грамады” Георгi Руцкi, сябра незарэгiстраванай партыi Свабоды Алесь Цялегiн.
XS
SM
MD
LG