Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ НЕ ЗАРЭГІСТРАВАЛІ АМАЛЬ ПАЛОВУ ПРЭТЭНДЭНТАЎ НА ДЭПУТАЦКІЯ МАНДАТЫ


Уладзімер Глод, Менск

Этап рэгістрацыі па Беларусі ў сярэднім не пераадолелі толькі 2,9% прэтэндэнтаў. Я спытаў спадарыню Ярмошыну: чаму ў сталіцы, дзе прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты, у параўнаньні зь сельскімі рэгіёнамі, добра падрыхтаваныя, адукаваныя, дасьведчаныя, зьнялі з выбарчай гонкі аж у 15 разоў больш?

На маё пытаньне прагучаў наступны адказ:

(Ярмошына: ) “Я магу вам сказаць, што прычыны самыя розныя. Увогуле, няма ніякай ні тэндэнцыі, ні сыстэмы. Існуюць самыя розныя падставы”.

У прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі зусім іншы погляд на сталічную праблему. Намесьнік старшыні БСДП “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк, які, дарэчы, прысутнічаў на прэсавай канфэрэнцыі старшыні Цэнтарвыбаркаму, на пытаньне, чаму так адбылося, адказвае наступным чынам:

(Нісьцюк: ) “Таму што тут самыя вялікія патрабаваньні. 55 дэпутатаў Менскага гарадзкога савету абіраюць прадстаўнікоў у верхнюю палату парлямэнту Беларусі. Таму пытаньне стаіць так: каго абяруць? Таму тут і бойка ішла, і людзей “выразалі” найбольш пэрспэктыўных. Таму што нельга было дапусьціць у гарсавет людзей, якія маюць сваю думку”.

Тут варта нагадаць, што кожная з шасьці абласьцей і горад Менск вылучаюць у Савет Рэспублікі па восем асобаў. Але абраньне ў абласьцях праводзіцца на сумеснай сэсіі абласнога, гарадзкіх і раённых саветаў, і там уладам значна лягчэй правесьці пажданых для сябе людзей. А вось у сталіцы, дзе галасуюць толькі дэпутаты гарадзкога савету, усё залежыць ад іх пазыцыі.

Галоўнае ж — мясцовыя выбары ў Беларусі сёлета фактычна будуць безальтэрнатыўнымі. Пра што сьведчаць наступныя лічбы, якія агучыла спадарыня Ярмошына: на 24012 дэпутацкіх мандатаў ёсьць толькі 25805 прэтэндэнтаў. Паводле старшыні Цэнтарвыбаркаму, у адным з раёнаў (яна не сказала, у якім дакладна) увогуле ўзьнікла надзвычайная сытуацыя. Там, пасьля таго як некалькі ўжо зарэгістраваных кандыдатаў адмовіліся працягваць выбарчую гонку, зьявіліся дзьве акругі, дзе на сёньняшні дзень увогуле няма ніводнага прэтэндэнта на мандат дэпутата.
XS
SM
MD
LG