Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛАЦКАЯ ВЫБАРЧАЯ КАМІСІЯ АДМОВІЛА Ў РЭГІСТРАЦЫІ СТАРШЫНЮ МЯСЦОВАЙ ФІЛІІ АГП


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Разгляд пытаньня доўжыўся паўтары гадзіны, і ў выніку сябры камісіі прагаласавалі за тое, каб адмовіць спадару Воранаву ў рэгістрацыі. Камісія ўгледзела парушэньне працэдуры вылучэньня прадстаўніка АГП, а менавіта: тое, што вылучыў спадара Воранава не кіроўны орган суполкі, як патрабуе Выбарчы кодэкс, а агульны сход.

Тым часам патэнцыйны кандыдат пераканаўча засьведчыў, што кіроўнага органу ў суполцы няма і, паводле партыйнага статуту, менавіта агульны сход правамоцны вылучаць кандыдатаў. Адначасова ён афіцыйна заявіў на паседжаньні, што адмова ў рэгістрацыі прадыктаваная выключна палітычнымі матывамі.

Гаворыць Генадзь Воранаў:

(Воранаў: ) “Сёньня мне адмовілі ў рэгістрацыі па тых матывах, што статут Аб’яднанай грамадзянскай партыі не адпавядае Выбарчаму кодэксу. Дзіўна, што ў іншых рэгіёнах да партыйнага статуту пытаньняў няма, а Полацак у гэтым пляне чарговым разам стаўся “ізгоем”. Адзінае тлумачэньне, якое я магу даць, гэта тое, што прычынай перадузятасьці Полацкай выбарчай камісіі зьяўляецца той факт, што на 4-й Скарынаўскай акрузе, дзе я балятуюся, зарэгістраваная ў якасьці кандыдата ў дэпутаты Галіна Муравей — старшыня дзейнага савету дэпутатаў. Дзеяньні выбарчай камісіі нельга кваліфікаваць іначай, як арганізацыю безальтэрнатыўных выбараў і адхіленьне канкурэнта з мэтаю прызначэньня грамадзянкі Муравей дэпутатам на чарговы тэрмін”.

У пацьверджаньне гэтага заўважым, што старшыня камісіі Лёдзій Лысёнак вёў паседжаньне ў вышэйшай ступені тэндэнцыйна, а тэкст пастановы, за якую прагаласавалі сябры камісіі, быў загадзя надрукаваны.
XS
SM
MD
LG