Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БОЛЬШАСЬЦІ АКРУГАЎ МЯСЦОВЫЯ ВЫБАРЫ БУДУЦЬ БЕЗАЛЬТЭРНАТЫЎНЫМІ


Уладзімер Глод, Менск

Прыкладна кожны другі прадстаўнік апазыцыі не атрымаў дазволу на рэгістрацыю ў якасьці кандыдата ў дэпутаты. Гэтая тэндэнцыя захавалася і паводле вынікаў, якія сталі вядомыя 31 студзеня. Іншая сытуацыя толькі ў Менску. Камуністы з партыі Калякіна змаглі зарэгістраваць 13 з 14 прэтэндэнтаў, сацыял-дэмакраты Статкевіча, адпаведна, 9 з 11. А вось ў Лібэральна-дэмакратычнай партыі, якая вылучала ахвотных балятавацца ва ўсе 55 менскіх акругаў, не прайшлі рэгістрацыю 33.

У сталічнай філіі БНФ яшчэ няма поўных зьвестак. Пакуль вядома, што 11 асобаў зарэгістраваныя, 12 — не. Лёс яшчэ чатырох прэтэндэнтаў высьвятляецца.

31 студзеня многія з тых, каму не ўдалося зарэгістравацца, панесьлі скаргі ў менскую гарадзкую выбарчую камісію.

Гісторыку Ніне Стужынскай, паводле яе, адмовілі таму, што яна не адзначыла ў дэклярацыі аб даходах і маёмасьці, што зьяўляецца заснавальніцай Беларускай жаночай лігі. Спадарыня Стужынская лічыла, што дэкляраваць трэба толькі тыя арганізацыі, якія займаюцца камэрцыяй.

(Стужынская: ) “Грамадзкія арганізацыі (я сяброў камісіі яшчэ з самага пачатку пытала) не ўваходзяць у гэты пералік. Яне ня маюць дазволу на камэрцыйную дзейнасьць. Мы ўвогуле, па вызначэньні, ня маем права на прыбытак. Сёньня я ўжо тэлефанавала ў Міністэрства юстыцыі: маўляў, так і так. Яны мне адказваюць: гэта ж грамадзкая арганізацыя”.

Кацярыне Ткачэнцы, якая належыць да Аб’яднанай грамадзянскай партыі і хоча стаць дэпутатам Менскага гарсавету, у выбарчай камісіі Ленінскага раёну сталіцы не дазволілі рэгістравацца, бо яна стала не жыве па тым адрасе, які пазначыла ў сваіх дакумэнтах. Выпадак камэнтуе юрыст Міхась Пліска:

(Пліска: ) “Яна пазначыла свой адрас па месцы прапіскі, там за яе плацяць грошы, там яна мае асабісты рахунак. І тым ня менш, ёй адмовілі. Сказалі, паколькі яна ў шлюбе, то мусіла пазначыць адрас свайго мужа. З пункту гледжаньня юрыдычнага, у падпісных лістах сустракаецца калізія — чалавек можа пазначаць месца жыхарства сталае ці месца прапіскі. Гэта ня вызначана дакладна заканадаўствам, а калі ня вызначана заканадаўствам, дык чалавек можа выбіраць”.

Згодна з законам, рашэньні акруговых і раённых камісіяў можна абскардзіць у Менскую гарадзкую і абласныя камісіі. Але на гэта даецца толькі тры дні.
XS
SM
MD
LG