Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ТОЛЬКІ Ў БУЙНЫХ ГАРАДАХ МЯСЦОВЫЯ ВЫБАРЫ БУДУЦЬ АЛЬТЭРНАТЫЎНЫМІ


Уладзімер Глод, Менск

На ўсіх іншых узроўнях, акрамя буйных гарадоў, выбары будуць практычна безальтэрнатыўнымі. Гэта датычыць раённых саветаў і яшчэ ў большай ступені — пасялковых і сельскіх. Паводле Лідзіі Ярмошынай, сярэдні лік прэтэндэнтаў на адзін мандат складае 1,1.

У раённых саветах на 4252 мандаты — 4795 прэтэндэнтаў, у гарадох раённага падпарадкаваньня, адпаведна, 215 і 294. Усяго ж на 24012 дэпутацкіх вакансіяў прэтэндуюць толькі 26567 асобаў.

Зыходзячы з гэтага, я спытаў спадарыню Ярмошыну, чым можна патлумачыць такую пасіўнасьць грамадзтва ў выбарчай кампаніі?

(Ярмошына : ) “Я не лічу дадзеную актыўнасьць нізкай. Казаць пра 24 тысячы і пра 26 тысячаў і, адпаведна гаварыць, што выбары ў нас будуць безальтэрнатыўнымі, гэта ўсё роўна што выводзіць сярэднюю тэмпэратуру ў шпіталі. Там заўжды будзе 36,6. Мы павінны разглядаць кожны ўзровень саветаў асобна. І тое, што ў вёсцы, дзе будзе 17 тысяч дэпутатаў, прэтэндэнтаў усяго на 300 чалавек больш, чым мандатаў, гэта абсалютна нармальнае становішча. У вёсцы насельніцтва непалітызаванае”.

З старшынёй Цэнтарвыбаркаму не пагаджаецца намесьнік кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Лічбы гэтыя дэманструюць, што выбары безальтэрнатыўныя. Тут няма ніякіх іншых пытаньняў. Пры такім раскладзе, калі толькі ў Менску і буйных гарадох будзе нейкая канкурэнцыя, а па ўсёй рэспубліцы яе ня будзе, гэта будуць выбары бяз выбару”.

Паводле інфармацыі Лідзіі Ярмошынай, усе апазыцыйныя палітычныя партыі разам вылучылі прыкладна 850 кандыдатаў у дэпутаты. Лідэры тут ЛДПБ — 329 прэтэндэнтаў, ПКБ — 208, АГП — 130, “Народная грамада” — 103, БНФ —76. Але ж гэта толькі 4% ад агульнай колькасьці. Чым можна патлумачыць такі сьціплы вынік? Палітоляг Вячаслаў Оргіш зьвязвае гэта з асобамі лідэраў апазыцыі:

(Оргіш: ) “Яны ня вераць у свае магчымасьці, у тое, што яны здольныя мабілізаваць свой рэсурс дзеля таго, каб іхныя кандыдаты прайшлі на гэтых выбарах. За мінулы пэрыяд яны пераканаліся, што іхны асабісты партыйны рэсурс досыць сьціплы. Ён не дазваляе ім вырашаць тыя праблемы, якія б яны хацелі вырашыць. У тым ліку і з дапамогай выбараў у мясцовыя саветы”.
XS
SM
MD
LG