Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ГОМЕЛЬСКІМ РЭГІЁНЕ ПАРТЫІ ПРЭТЭНДУЮЦЬ ТОЛЬКІ НА 6% МАНДАТАЎ У МЯСЦОВЫЯ CАВЕТЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

Гэта палова ад усіх патэнцыйных кандыдатаў, што прэтэндуюць на дэпутацкія мандаты ў Мазыры і Гомелі. Найбольш вылучэнцаў тут у камуністаў, Лібэральна-дэмакратычнай партыі і Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Дарэчы, у згаданых саветах і самая высокая канкурэнцыя — 3 чалавекі на адзін мандат.

90 прадстаўнікоў пасылаюць палітычныя суполкі ў раённыя саветы, дзе сфармавана агулам 784 выбарчыя акругі. Характэрна, што лібэральныя дэмакраты праігнаравалі раённыя саветы. Сюды вылучыліся ў першую чаргу камуністы Калякіна, сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БНФ і Беларускай экалягічнай партыі зялёных “БЭЗ”.

Тым ня менш, у палавіне раённых саветаў, у прыватнасці, Брагінскім, Ельскім, Акцябарскім ды іншых, няма ніводнага вылучэнца ад партыяў. Прычына — адсутнасьць партыйных фармаваньняў у райцэнтрах.

Пра гэта кажа і старшыня абласной арганізацыі Лібэральна-дэмакратычнай партыі Ўладзімер Кірыенка:

(Кірыенка: ) “У раёнах ў нас няма раённых арганізацыяў. Вылучаюць жа толькі раённыя арганізацыі”.

Яшчэ больш незайздроснае становішча партыяў у самых масавых саветах — сельскіх і пасялковых, куды вылучана толькі 11 партыйцаў.

Зрэшты, і агульны малюнак у рэгіёне сьведчыць пра нізкі ўзровень уплыву партыяў на выбарчы працэс. Прынамсі, на 4434 мандаты дэпутатаў мясцовых саветаў усіх узроўняў прэтэндуюць 270 прадстаўнікоў партыяў. Гэта складае толькі 6% ад усіх мандатаў.
XS
SM
MD
LG