Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШАСЬЦЬ ЗАЯВАЎ НА ЎДЗЕЛ У МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАХ НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ ПАДАЛІ Ў АПОШНIЯ ДНI


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньня з ранiцы ў Берасьцейскай абласной выбарчай камiсii яшчэ ня здолелi назваць канкрэтныя лiчбы, якiя тычацца колькасьцi асобаў, вылучаных кандыдатамi ў дэпутаты. Паводле словаў сяброў камiсii, у самы апошнi дзень падачы заяваў адбыўся збой у працы кампутараў, i таму некаторыя зьвесткi пра вылучэнцаў прыйшлi з рэгiёнаў cа спазьненьнем.

Аднак iснуе i яшчэ адна вэрсiя, з прычыны якой у абласной камicii ня здолелi апэратыўна паведамiць пра папярэднiя вынiкi гэтага этапу выбарчай кампанii. Паводле iнфармацыi з рэгiёнаў, падача дакумэнтаў ад прадстаўнiкоў апазыцыйных палiтычных партыяў у самы апошнi момант сталася сапраўдным сюрпрызам для мясцовай вэртыкалi.

Так, лiтаральна пры канцы працоўнага дня ўчора ў Бярозе была пададзеная заява пра вылучэньне кандыдатам у дэпутаты абласнога савету актывiста БНФ Сяржука Русецкага. Мiж тым, да 20 студзеня меркавалася, што па гэтай акрузе ня будзе нiякiх канкурэнтаў у Марыi Кузьмянчук, якая зараз уваходзiць у Савет рэспублiкi Нацыянальнага сходу.

Паводле папярэднiх зьвестак, аналягiчныя спадзяваньнi пра безальтэрнатыўнасьць выбараў ня спраўдзiлiся i ў некаторых iншых раёнах. Але мясцовыя апазыцыянэры не выключаюць, што зараз у выбаркамах будуць вельмi старанна правяраць сабраныя подпiсы i вывучаць дэклярацыi, пададзеныя непажаданымi вылучэнцамi, каб знайсьці падставы для адмовы iхнай рэгiстрацыi ў якасьцi кандыдатаў.

Што да выбараў у гарадзкi савет Берасьця, дык тут на 40 акругаў вылучана каля паўтары сотнi чалавек. Толькi ад палiтычных партыяў пададзена 48 заяваў на вылучэньне той цi iншай асобы. Але ў гарадзкiм выбаркаме заўважаюць, што колькасьць кандыдатаў будзе меншая, бо некаторыя зь iх вылучаныя як шляхам збору подпiсаў, так i працоўнымi калектывамi.
XS
SM
MD
LG