Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УЛАДЫ ІГНАРУЮЦЬ ВЫЛУЧЭНЦАЎ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ І ПАРТЫЯЎ УВА ЎЧАСТКОВЫЯ ВЫБАРЧЫЯ КАМІСІІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Раённыя адміністрацыі, што ўтваралі камісіі, адхілілі ўсе прапановы дэмакратычных арганізацыяў. Чаму паступілі такім чынам, ніхто тлумачыць ня хоча.

Загадчыкі арганізацыйных аддзелаў даюць на гэты конт стандартныя адказы, акурат такія, як Людміла Расказава з адміністрацыі Чыгуначнага раёну:

(Расказава: ) “Я вам адказваю, што ніхто не ўвайшоў у камісіі. Гэта рашэньне калегіяльнага органу, рашэньне адміністрацыі”.

Не ўключылі ва ўчастковыя камісіі нават тых прадстаўнікоў ад партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, якія маюць адпаведны досьвед. Да прыкладу, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Іван Вераб’ёў узначальваў у свой час ня толькі ўчастковую, але і гарадзкую выбарчую камісію.

Праігнаравалі ўлады і прадстаўнікоў Фонду імя Льва Сапегі, які займаецца пашырэньнем ведаў пра мясцовае самакіраваньне. Намесьнік старшыні фонду, колішні дэпутат Вярхоўнага Савету былога СССР Юры Варонежцаў так пракамэнтаваў гэты факт:

(Варонежцаў: ) “Мяне асабліва зьдзівіла, што не ўключылі ў склад камісіяў прадстаўнікоў нашага Фонду імя Льва Сапегі, які зьяўляецца бясспрэчным лідэрам у справе адукацыі ў пытаньнях мясцовага самакіраваньня. Мы гэтаму навучаем нават чыноўнікаў. Гэта нейкі абсурд. Гэта сьведчыць пра тое, што хутчэй за ўсё зноў будзе маштабная фальсыфікацыя выбараў, як і ў мінулым годзе. Проста баяцца пабочных вачэй у камісіях”.

Стала вядома, што не ўключылі ў склад камісіяў дэмакратычных прадстаўнікоў мазырскія і рэчыцкія выканкамы. У Рэчыцы, напрыклад, адмоўлена ўдзельнічаць у камісіях 13 сябрам БНФ.
XS
SM
MD
LG