Напярэдадні выбарчай кампаніі лідэры палітычных партыяў шмат казалі пра неабходнасьць каардынацыі сваіх дзеяньняў, пра новую канфігурацыю кааліцыі і ўзаемныя саступкі. Як цяпер тыя ж самыя лідэры бачаць сытуацыю?
Гаворыць намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ўладзімер Нісьцюк:
(Нісьцюк: ) “Каардынацыі такой, каб быў адзіны каардынацыйны цэнтар, каб назіралі за ўсімі акругамі: колькі, як, дзе — няма. Каардынацыя была толькі ў адным — не замінаць адзін аднаму. У нашай партыі ёсьць практычна дамова з камуністамі Калякіна, з партыяй працы Бухвостава, нават з Гайдукевічам дамова ёсьць, што ён будзе вылучаць ва ўсіх акругах, а потым будзе здымаць там, дзе мы зь ім дамовімся. А дамовы, каб усе 55 акругаў накрыць, такой дамовы не было”.
Сакратар управы Партыі БНФ Аляксей Кавалец узгадвае, што на пачатку выбарчай кампаніі лідэры менскіх гарадзкіх арганізацыяў апазыцыйных партыяў зьбіраліся разам.
(Кавалец: ) “Якраз каардынацыя і адбывалася ў нас на офісе з усімі партыямі. Іншая справа, калі пачыналася размова пра канкрэтныя акругі, дык неяк усё заглохла: людзі дзесьці зьнікалі. На гэтым усё спынялася. А потым нейкія абвінавачаньні адзін аднаму, ужо абсалютна нікчэмныя. У прынцыпе ніякай каардынацыі не было. Мы проста засьведчылі, хто па якой акрузе ідзе, і на гэтым спыніліся. А вось калі працэс павінен быў ісьці далей — трэба было думаць, дзе зьняць, куды пераставіць, усё — ужо ніхто не зьбіраўся”.
На думку палітоляга Ўладзімера Падгола, адсутнасьць каардынацыі пры вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты ёсьць дрэннай прыкметай. Палітоляг лічыць, што такая разладжанасьць можа захавацца і на іншых этапах выбарчай кампаніі.