Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УВЯДЗЕНЬНЕ ДЭКЛЯРАЦЫІ ДАХОДАЎ ТОІЦЬ ПАГРОЗУ ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ У ДЭПУТАТЫ


Уладзімер Глод, Менск

Кожны кандыдат у дэпутаты раённых, гарадзкіх і абласных Саветаў мусіць здаць у выбарчую камісію сярод іншых дакумантаў і дэклярацыю даходаў. Выключэньне зробленае толькі для Саветаў ніжэйшага роўню — пасялковых ды сельскіх. У вёсках і без дэклярацыяў усе ведаюць, хто на якія грошы жыве.

Паводле зьвестак, якія я атрымаў сёньня ў Цэнтравыбаркаме, на ўзроўні абласных і менскага гарадзкога Саветаў зарэгістраваныя 453 заявы на стварэньне ініцыятыўных групаў кандыдатаў у дэпутаты. Гэта крыху больш, чым агульная колькасьць дэпутацкіх мандатаў, якіх 415. Ці не зьвязаная гэткая невысокая актыўнасьць зь неабходнасьцю запаўненьня дэклярацыяў?

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік упэўнены, што гэта ня так.

(Лазавік: ) “Былі званкі, кансультаваліся — толькі на сябе запаўняць дэклярацыю ці на ўсю сям’ю? Цяпер — толькі на сябе. Гэта на прэзыдэнцкіх выбарах неабходна было дадаткова, на ўсю сям’ю. А каб нехта адмаўляўся ня ўдзельнічаць з-за таго, што трэба запаўняць дэклярацыю, дык я ўпершыню чую. Мы аб’ехалі ўсе вобласьці. Я ў Берасьці, Магілёве, Віцебску быў. І ніхто нават не задаваў такое пытаньне”.

Улады тлумачаць увядзеньне дэклярацыі тым, што выбаршчыкі маюць права валодаць усёй інфармацыяй пра сваіх абраньнікаў.

У лідэраў апазыцыі зусім іншы погляд на абавязковае дэкляраваньне даходаў. Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч папярэджвае: кандыдаты ў дэпутаты наіўна памыляюцца, калі яны думаюць, што запаўненьне дэклярацыі не паўплывае на ход выбарчай кампаніі.

(Статкевіч: ) “Сказваецца тое, што частка апазыцыі не ўдзельнічала ў парлямэнцкіх выбарах. А мы набылі досьвед. І гэты досьвед дастаткова сумны. На выбарах 2000 году з-за гэтых дэклярацыяў кандыдаты вельмі часта здымаліся. Напрыклад, спадар Ляўковіч зь Берасьця — дастакова прахадны кандыдат — быў не дапушчаны да выбараў, бо знайшлі непазначаны ў дэклярацыі даход за нейкую лекцыю, па кошту роўны пляшцы піва”.

Паводле тлумачэньня старшыні Цэнтравыбаркаму спадарыні Ярмошынай, у Выбарчым кодэксе няма абмежаваньня тэрміну для разгляду дакладнасьці запаўненьня дэклярацыяў. А гэта азначае, што выбарчыя камісіі, калі яны палічаць, што кандыдат у дэпутаты нешта няправільна напісаў у дэклярацыі, могуць выкрэсьліць ягонае прозьвішча зь бюлэтэня літаральна напярэдадні выбараў. І хадзі тады скардзіся...
XS
SM
MD
LG